Кансалідацыя грамадства — важнейшая ўмова развіцця
Паважаныя члены Савета Рэспублікі, запрошаныя і журналісты!
Сёння мы адкрываем апошнюю сесію 4-га склікання. За чатыры гады намі было зроблена нямала. Але нам яшчэ трэба будзе з вамі папрацаваць, таму сёння мы не будзем падводзіць агульныя вынікі, а пагаворым аб тым, чым мы займаліся ў міжсесійны перыяд, і аб тых задачах, якія нам трэба будзе з вамі вырашыць за астатні час.
Галоўнай падзеяй у мінулы міжсесійны перыяд, несумненна, была кампанія па выбарах  у Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь.
Члены Савета Рэспублікі прынялі актыўны ўдзел у перадвыбарнай кампаніі. Праводзілі сустрэчы ў працоўных і навучальных калектывах, па месцы жыхарства грамадзян, растлумачвалі сутнасць унутранай і знешняй палітыкі беларускай дзяржавы. Аказвалі дапамогу выбарчым камісіям у арганізацыі мерапрыемстваў па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі.
Вялікая ўвага была ўдзелена інфармаванню замежных калег аб ходзе падрыхтоўкі да правядзення выбарчай кампаніі, растлумачэнню выбарчага заканадаўства, ролі грамадскіх аб'яднанняў і палітычных партый у гэтым працэсе.
Гэтыя пытанні абмяркоўваліся ў час нашых сустрэч з дэлегацыяй Савета Федэрацыі расійскага парламента на чале з намеснікам старшыні Камітэта Савета Федэрацыі па міжнародных справах Шнякіным В.М., Старшынёй ПА АБСЕ Р. Мільёры і спецыяльным каардынатарам кароткатэрміновых наглядальнікаў АБСЕ — Кіраўніком місіі ПА АБСЕ па назіранні за парламенцкімі выбарамі ў Рэспубліцы Беларусь М. Мекачы, а таксама з палітычным аналітыкам місіі БДІПЧ АБСЕ і міжнародным наглядальнікам на парламенцкіх выбарах Стэфанам Шведам.
І сёння, калі вынікі ўжо вядомыя, можна з упэўненасцю сказаць, што выбары сталі сведчаннем высокай грамадзянскай актыўнасці і мудрасці нашых выбаршчыкаў. Людзі прагаласавалі за адзінства і ўзаемаразуменне ў грамадстве, за ўстойлівае сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны. Яны назвалі імёны найбольш дастойных і вядомых у грамадстве грамадзян, якія праявілі сябе ў канкрэтных справах па развіцці сваіх рэгіёнаў і ў цэлым нашай краіны.
Адным словам, парламенцкія выбары сталі яшчэ адным фактарам і сведчаннем кансалідацыі грамадства вакол нашых нацыянальных мэт і курсу нашага Прэзідэнта.
Для правядзення сумленных, адкрытых і канкурэнтных выбараў дзяржавай былі створаны ўсе ўмовы. Можна канстатаваць, што выбары прайшлі ў адпаведнасці з Канстытуцыяй, дзеючым выбарчым заканадаўствам, агульнапрызнанымі нормамі міжнароднага права і ў інтарэсах беларускага народа.
Гэты вывад пацвердзілі пераважная большасць міжнародных наглядальнікаў. Напрыклад, кіраўнік місіі наглядальнікаў ад СНД, выканаўчы сакратар Садружнасці Незалежных Дзяржаў Сяргей Мікалаевіч Лебедзеў заявіў, што праведзеныя парламенцкія выбары былі свабоднымі, дэмакратычнымі і цалкам адпавядалі нацыянальнаму заканадаўству.
З аналагічнымі заявамі выступілі старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Расійскай Федэрацыі Уладзімір Яўгенавіч Чураў, намеснік старшыні Камітэта Савета Федэрацыі па міжнародных справах Валерый Мікалаевіч Шнякін, які ўзначальваў дэлегацыю расійскіх парламентарыяў, а таксама іншыя міжнародныя наглядальнікі. Расійскі МЗС выказаў задавальненне тым, што беларускія грамадзяне змаглі свабодна зрабіць свой свядомы выбар.
Таму ў нас не можа не выклікаць расчаравання ацэнка выбараў з боку місіі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. На іх думку, праведзеныя выбары быццам бы не адпавядаюць міжнародным стандартам і не могуць быць прызнаны справядлівымі і празрыстымі.
Мы, безумоўна, не можам згадзіцца з такой ацэнкай нашых выбараў. Не думаю таксама, што яна адлюстроўвае меркаванне ўсіх наглядальнікаў з боку АБСЕ, якія прымалі ўдзел у назіранні за выбарамі. Але, з іншага боку, мы і не чакалі ад гэтай місіі іншага выніку. Прадузятае стаўленне да нашай краіны, загадзя падрыхтаваныя адмоўныя ацэнкі любых выбараў, дзе б і як бы яны ні праходзілі, — усё гэта, на жаль, стала традыцыйным інструментам націску на наша грамадства з боку тых заходніх палітыкаў, якім не падабаецца наш курс, не падабаецца спакойная абстаноўка ў нашай краіне, а галоўнае, не падабаецца развіццё нашых саюзніцкіх адносін з Расіяй.
Непрызнанне парламенцкіх выбараў з боку Еўрасаюза — гэта не папрок у бок нашай улады або нашай дзяржаўнай сістэмы, гэта непавага да беларускага народа, да мільёнаў выбаршчыкаў, якія прыйшлі на выбарчыя ўчасткі і аддалі свае галасы за тыя кандыдатуры, якія яны палічылі дастойнымі.
Безумоўна, сёння Беларусь як маладая дзяржава, якая развіваецца, зацікаўлена ў дапамозе і рэкамендацыях краін, што прайшлі значны шлях у дэмакратызацыі ўнутрыдзяржаўных адносін. У той жа час мы лічым непрымальным, калі тыя ці іншыя рэцэпты дэмакратызацыі Захад навязвае нам шляхам ультыматумаў і іншых форм націску.
Хацеў бы яшчэ раз падкрэсліць, што Парламент Рэспублікі Беларусь быў і заўсёды будзе надзейным і прадказальным партнёрам на міжнароднай арэне.
Мы адкрыты і гатовы працаваць з замежнымі калегамі ў рэжыме канструктыўнага дыялогу, выбудоўваць сяброўскія адносіны, але толькі на прынцыпах справядлівасці і ўзаемнай павагі.
Аб гэтым, у прыватнасці, заявіў кіраўнік дзяржавы на сустрэчы з С.М. Лебедзевым, сказаўшы, што мы праводзім выбары для сябе і па сваіх законах. Можа быць, яны не зусім дасканалыя, але пакуль гэтыя законы дзейнічаюць, мы павінны прытрымлівацца гэтых законаў. Ну, а сур'ёзныя заўвагі гатовы выслухаць і працаваць над імі. Аднак толькі пры ўмове раўнапраўнага, ўзаемапаважальнага дыялогу.
Паважаныя члены Савета Рэспублікі!
У мінулы перыяд нашы сенатары актыўна працавалі на месцах, у сваіх рэгіёнах: сустракаліся з працоўнымі калектывамі, прымалі грамадзян, дапамагалі вырашаць надзённыя жыццёвыя праблемы людзей.
Так, пры непасрэдным удзеле членаў Савета Рэспублікі Пятра Пятровіча Шэршаня і Ганны Васільеўны Шарэйка была ажыццёўлена газіфікацыя трох населеных пунктаў Глыбоцкага і Пастаўскага раёнаў, пабудаваны сучасны гандлёвы цэнтр у Віцебску, аказана матэрыяльная дапамога дзвюм сярэднім школам і дзіцячаму прытулку Віцебскага раёна.
Яшчэ адзін прыклад. У СВК "Прагрэс-Верцялішкі", які ўзначальвае член Савета Рэспублікі Васіль Апанасавіч Равяка, была праведзена вялікая работа па арганізацыі апекі над дзецьмі з праблемных сем'яў.
Падобныя прыклады можна прывесці і па многіх іншых членах Савета Рэспублікі. Гэта можна толькі вітаць, менавіта такое стаўленне да справы фарміруе згоду і ўзаемаразуменне ў грамадстве, знаходзіць водгукі ў сэрцах людзей, выклікае ў іх павагу і давер да ўлады.
Паважаныя таварышы!
Да канца года застаецца яшчэ квартал, але ўжо сёння можна казаць аб тым, што прагнозныя паказчыкі развіцця эканомікі і сацыяльнай сферы могуць і павінны быць выкананы.
Дзякуючы зладжанай і адказнай рабоце ўсіх галін улады ў цэнтры і на месцах забяспечаны эканамічны рост, выраслі золатавалютныя рэзервы і рэальныя даходы насельніцтва. Расце выпуск прамысловай і сельскагаспадарчай прадукцыі. Дасягнута стабільнасць на валютным і спажывецкім рынках. І гэтыя тэндэнцыі замацоўваюцца.
Галоўнае — не збаўляць тэмпаў, з тым каб найбольш паспяхова завяршыць пачатае, давесці да канца года да лагічнага завяршэння кожную пазіцыю нашых планаў.
У наступным годзе эканоміка павінна будзе выйсці на такую траекторыю развіцця, якая дасць магчымасць у поўным аб'ёме выканаць планы ўсёй пяцігодкі ў цэлым.
Такую задачу паставіў кіраўнік дзяржавы на нядаўняй нарадзе па праектах прагнозу бюджэту і грашова-крэдытнай палітыкі на 2013 год, над рэалізацыяй якой нам усім трэба будзе працаваць. Таму сёння як ніколі неабходны настрой на адказную работу, згода і ўзаемаразуменне ў грамадстве, падтрымка і разуменне задач, пастаўленых кіраўніком дзяржавы.
Толькі пры такім падыходзе, толькі пры кансалідацыі ўсяго грамадства краіна будзе мець перспектыву ўстойлівага і збалансаванага развіцця.
Паважаныя калегі!
У мінулы перыяд вялікая ўвага ўдзялялася міжпарламенцкай дзейнасці. Мы ўжо адзначылі нашы сустрэчы з рознымі місіямі наглядальнікаў на выбарах.
Члены Савета Рэспублікі прымалі таксама актыўны ўдзел у пасяджэнні камісій Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, у прыватнасці, па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і ліквідацыі наступстваў аварый, а таксама ў іншых мерапрыемствах.
Нашы прадстаўнікі ўдзельнічалі ў 21-й штогадовай сесіі ПА АБСЕ, на якой абмяркоўваўся ініцыіраваны беларускім бокам праект рэзалюцыі "Садзейнічанне выкарыстанню новых і аднаўляльных крыніц энергіі". Гэты праект атрымаў падтрымку краін — членаў асамблеі і быў прыняты.
Далейшае развіццё атрымаў міжпарламенцкі дыялог з Федэратыўнай Рэспублікай Бразілія, Азербайджанам, Арменіяй, Бельгіяй, Ізраілем, Польшчай, Чэхіяй і Швецыяй.
Паважаныя калегі!
Нягледзячы на парламенцкія канікулы, нашы камісіі прадаўжалі актыўную работу над законапраектамі. За гэты перыяд прапрацавана больш як 30 новых заканадаўчых актаў.
Зразумела, галоўным з іх з'яўляецца закон аб рэспубліканскім бюджэце на 2013 год. Гэта вельмі важны фінансавы дакумент, ад якога ў наступным годзе непасрэдна будзе залежаць функцыянаванне ўсіх галін эканомікі і сацыяльнай сферы.
У цэлым бюджэт будзе бездэфіцытны. Плануецца, што рост валавога ўнутранага прадукту складзе 8,5 працэнта, на 6,5 працэнта вырастуць рэальныя грашовыя даходы насельніцтва, на 15 працэнтаў павялічыцца экспарт тавараў і паслуг пры захаванні станоўчага сальда знешняга гандлю.
Бюджэт мае сацыяльна накіраваны характар і цалкам адпавядае выбранаму нашай краінай курсу сацыяльна-эканамічнага развіцця. Апераджальнымі тэмпамі будуць расці аб'ёмы фінансавання аховы здароўя, адукацыі і навукі.
Думаю, што кожны з нас разумее, наколькі важна для краіны своечасовае прыняцце якаснага бюджэту. Сёння закон аб бюджэце абмяркоўваецца ў Палаце прадстаўнікоў, а 10 кастрычніка ён будзе вынесены на разгляд у Савет Рэспублікі.
Паважаныя калегі!
У час гэтай сесіі трэба будзе разгледзець і іншыя заканадаўчыя праекты. У першую чаргу акцэнт будзе зроблены на развіцці прававой базы ў галіне бюджэтна-падатковай палітыкі.
У гэтай сферы парламентам ужо быў прыняты шэраг заканадаўчых актаў. Аднак у мэтах далейшага ўдасканалення падатковай сістэмы жыццё патрабуе ўнесці некаторыя дапаўненні і змяненні ў Падатковы кодэкс. Папраўкі, якія ўносяцца, забяспечаць спрашчэнне парадку вылічэння і выплаты канкрэтных падаткаў, а таксама вырашэнне шэрагу праблемных пытанняў падаткаабкладання з улікам вынікаў яго практычнага прымянення.
У першарадным парадку трэба будзе папрацаваць і над удасканаленнем Бюджэтнага кодэкса. У прыватнасці, у ім будуць ліквідаваны некаторыя супярэчнасці паміж асобнымі артыкуламі, а таксама ўнесены папраўкі з улікам напрацаванай практыкі і міжнароднага вопыту.
У ліку прыярытэтаў — унясенне дапаўненняў і змяненняў у грамадска значны закон аб пенсійным забеспячэнні і іншыя прававыя праекты.
Паважаныя члены Савета Рэспублікі!
У ходзе папярэдніх сесій мы прынялі важныя рашэнні ў сферы забеспячэння правапарадку і нацыянальнай бяспекі.
Сёння трэба будзе прадоўжыць пачатае, каб закласці моцны прававы фундамент для надзейнай грамадскай бяспекі, у тым ліку з улікам павелічэння ўзроўню тэрарыстычных пагроз. У першачарговым парадку намечана разгледзець шэраг ініцыятыў па карэкціроўцы дзеючых законаў у сферы барацьбы з тэрарызмам і процідзеяння экстрэмізму.
Значнае месца ў парадку дня сесіі будзе адведзена ўніфікацыі патрабаванняў нацыянальнага заканадаўства з заканадаўствам Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы.
Намечана таксама ратыфікаваць міжурадавыя пагадненні з Турэцкай Рэспублікай, Сербіяй і Рэспублікай Саюз М'янма.
Паважаныя калегі!
Наперадзе ў нас адказная і напружаная работа. Упэўнены, што мы з ёю паспяхова справімся і тым самым дастойна завершым работу Савета Рэспублікі ў яго цяперашнім складзе.
На заканчэнне дазвольце мне ад вашага імя павіншаваць нававыбраных дэпутатаў і членаў Савета Рэспублікі беларускага парламента і ад усёй душы пажадаць ім поспехаў у рабоце.
Перакананы, што Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь пятага склікання ўнясе свой уклад у развіццё беларускай дзяржавы і ўмацаванне яе аўтарытэту на міжнароднай арэне.
Дзякую за ўвагу!