Беларусь зацікаўлена ў пашырэнні супрацоўніцтва з Міжнароднай Федэрацыяй таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца
Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч на сустрэчы з прэзідэнтам гэтай міжнароднай арганізацыі Тадатэру Каное, перадае БЕЛТА.
"Лічу, што ў нас магло б быць больш сумесных праектаў для супрацоўніцтва", — падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч. Ён падзякаваў Тадатэру Каное за інтарэс да работы Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. "Работу гэтай арганізацыі мы падтрымліваем на дзяржаўным узроўні. Яна пазнаецца ў краіне, грамадстве, а гэта значыць, што ажыццяўляецца канкрэтная практычная дзейнасць, патрэбная людзям", — дадаў прэм'ер-міністр.
Ён падкрэсліў, што Беларусь гатова ўлічыць рэкамендацыі Міжнароднай Федэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа і Паўмесяца. "Мы адкрыты для супрацоўніцтва і ўважліва ставімся да рэкамендацый міжнародных арганізацый, — заявіў ён. — Ваш візіт — гэта новая старонка ў развіцці таварыства і вашай высакароднай місіі".
Як адзначыў Тадатэру Каное ў інтэрв'ю журналістам, гэта яго першы візіт у Беларусь. Ён высока ацаніў работу Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, а таксама ўзровень узаемадзеяння ўрада з гэтай арганізацыяй. "Такая форма партнёрства можа стаць мадэллю для многіх нацыянальных таварыстваў, — падкрэсліў ён. — Я ўжо вывучыў, што зроблена Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа. Лічу, наступныя гады мы зможам больш нарасціць супрацоўніцтва".
Тадатэру Каное дадаў, што ў рамках бягучага візіту ў Беларусь падпісаны шэраг міжнародных дакументаў аб партнёрстве.