Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін абмеркавалі гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне ў інтэграцыйных структурах
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін 15 верасня ў Сочы разгледзелі шырокае кола пытанняў як двухбаковых адносін, так і ўзаемадзеяння ў рамках розных інтэграцыйных аб'яднанняў, абмяняліся меркаваннямі па актуальных тэмах сусветнага парадку дня.
Прэзідэнты таксама абмеркавалі гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва дзвюх краін, рэалізацыю буйных сумесных праектаў, у тым ліку будаўніцтва Беларускай АЭС. У якасці важнага пазітыўнага моманту быў адзначаны рост тавараабароту.
"Рады магчымасці пагаварыць з вамі. Спадзяюся, тут вы з задавальненнем праведзяце некалькі дзён, — сказаў Уладзімір Пуцін, адкрываючы сустрэчу. — У нас будзе магчымасць абмеркаваць нашы двухбаковыя сувязі, яны развіваюцца вельмі добра, але і пагаворым па інтэграцыйных праектах". "Тут мы фіксуем станоўчае развіццё, ва ўсіх трох краін назіраецца вельмі добрая дынаміка. Гандлёва-эканамічныя сувязі, інвестыцыйнае супрацоўніцтва расце", — адзначыў прэзідэнт Расіі.
"Што датычыцца эканомікі, вы маеце рацыю, у нас сітуацыя нармальная, і ў інтэграцыі вельмі станоўчыя працэсы ідуць, павялічваецца тавараабарот", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Як адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы, ужо амаль 50 краін хацелі б заключыць з АЭП пагадненні аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. "Гэта пра многае сведчыць. Мы аб гэтым пагаворым, і аб тым, што робіцца ў АДКБ, у рамках Саюзнай дзяржавы", — сказаў Прэзідэнт Беларусі.
У ходзе сустрэчы Уладзімір Пуцін расказаў Аляксандру Лукашэнку аб выніках работы саміту АЦЭС. У тым ліку ён адзначыў, што ў сваіх выступленнях на саміце неаднаразова падкрэсліваў той факт, што Расія прадстаўляе не толькі свае ўласныя інтарэсы, але таксама інтарэсы ўсяго Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы. "У нашых партнёраў гэта выклікае сур'ёзную цікавасць, і некаторыя краіны ўжо хацелі б заключыць з АЭП пагадненні аб зоне свабоднага гандлю. Мы фактычна завяршылі работу ў рамках рабочай групы з В'етнамам, можна было б ужо пачаць работу па гэтым напрамку", — адзначыў Уладзімір Пуцін, падкрэсліўшы, што ёсць і іншыя краіны з развітой эканомікай, якія зацікаўлены ў такім супрацоўніцтве. "Але нам трэба вельмі ўважліва ўзважыць усе за і супраць, таму што пры вырашэнні такіх пытанняў патрэбна, безумоўна, глядзець па таварных пазіцыях, таварных групах, выраўноўваць інтарэсы з абодвух бакоў, — лічыць расійскі лідар. — Але цікавасць непадробленая, шчырая. Гэта сведчыць аб прызнанні прывабнасці нашага агульнага рынку Мытнага саюза і АЭП і аб перспектывах, якія нашы партнёры бачаць ва ўзаемадзеянні з намі". У ходзе перагавораў ішла таксама размова аб тым, каб 19 снежня ў Маскве правесці саміты АДКБ, ЕўрАзЭС і Мытнага саюза.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка па запрашэнні Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі Уладзіміра Пуціна правядзе кароткатэрміновы водпуск у Сочы.
Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.