Аляксандр Лукашэнка: "Мінск трэба рабіць утульным домам для гараджан"

Источник материала:  

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 7 верасня прыняў удзел у адкрыцці ў Мінску галерэі народнага мастака Беларусі Міхаіла Савіцкага, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

Мастацкая галерэя размясцілася ў будынку на плошчы Свабоды, 15, узведзеным у ХVІІІ стагоддзі. Гэты будынак як месца размяшчэння галерэі быў выбраны самім мастаком. З яго ж згоды ён рэканструяваўся і дабудоўваўся як музейны аб'ект двайнога прызначэння, які сумяшчае ўласна мастацкую галерэю і экспазіцыю, звязаную з гісторыяй гэтага будынка.

Чатыры залы першага паверха адведзены пад рэканструкцыю інтэр'ераў жылых памяшканняў сядзібнага дома — гэта вялікая і малая гасціныя, кабінет, бібліятэка. Экспазіцыя, прысвечаная творчасці Міхаіла Савіцкага, размешчана ў дзевяці залах другога паверха і на трэцім паверсе прыбудовы. Яна сфарміравана з работ, набытых у мастака або падораных ім, перададзеных на часовае захоўванне сям'ёй мастака, а таксама беларускімі музеямі. У галерэі дэманструюцца адноўленыя інтэр'еры майстэрні і рабочага кабінета Міхаіла Савіцкага, матэрыялы, звязаныя з яго біяграфіяй, — асабістыя рэчы, узнагароды, дакументы, фатаграфіі, пісьмы, кнігі з аўтографамі і г.д. Усяго ў галерэі выстаўлена 98 работ мастака. Асаблівае месца ў экспазіцыі займаюць серыі карцін "Лічбы на сэрцы", прысвечаных вязням канцлагераў, і "Чорная быль".

Аляксандр Лукашэнка: "Мінск трэба рабіць утульным домам для гараджан"

У свой час кіраўнік дзяржавы даў даручэнне адрэстаўрыраваць будынак і стварыць тут паўнацэнную галерэю мастака. Прэзідэнт адносіўся да мастака з вялікай сімпатыяй, неаднаразова з ім сустракаўся. Аляксандр Лукашэнка прайшоў па ўсіх залах галерэі і застаўся задаволены праведзенай работай па яе стварэнні і па рэстаўрацыі будынка. Кіраўнік дзяржавы паразмаўляў таксама з беларускімі мастакамі, вучнямі Міхаіла Савіцкага. Прэзідэнт лічыць, што іх работы таксама павінны выстаўляцца ў адной з залаў галерэі. Вядомы беларускі жывапісец Ігар Бархаткоў, які вучыўся ў Міхаіла Савіцкага, падарыў Аляксандру Лукашэнку сваю карціну, на якой адлюстраваны летні беларускі пейзаж.

На памяць аб наведванні мастацкай галерэі Прэзідэнт пакінуў запіс у Кнізе ганаровых гасцей. "З пачуццём асаблівага хвалявання я наведаў галерэю Міхаіла Андрэевіча Савіцкага — чалавека, якога добра ведаў і глыбока паважаў, мастака, чыя творчасць стала новым словам у мастацтве і здабыла сусветнае прызнанне, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Няхай жа галерэя твораў гэтага выдатнага сына роднай зямлі, якая адкрылася сёння ў Мінску, паслужыць духоўнаму ўзбагачэнню людзей, напаўняючы сэрцы гонарам за наш таленавіты народ, які падарыў чалавецтву такога Майстра".

У будынку галерэі адбылася таксама размова аб перспектывах развіцця Мінска. У прыватнасці, мэр сталіцы Мікалай Ладуцька далажыў аб рэканструкцыі гістарычнага цэнтра Мінска. На гэты час завершана рэканструкцыя 114 аб'ектаў, больш як 70 уведзена ў эксплуатацыю, да канца года плануецца ўвесці яшчэ 7 аб'ектаў. Праект дэталёвага плана рэканструкцыі, рэстаўрацыі, аднаўлення і добраўпарадкавання гістарычнага цэнтра Мінска кіраўнік дзяржавы ўзгадніў у 2005 годзе. Гэтыя работы вядуцца на тэрыторыі плошчай 115 га. Як адзначыў мэр, рэканструкцыя большай часткі гістарычнага цэнтра Мінска будзе завершана ў 2013 годзе.

Прэзідэнту было таксама даложана аб планах па стварэнні новага мінскага мікрараёна Зялёны Бор. Ён размесціцца ў раёне пасёлка Калодзішчы. Тут плануецца прымяніць новую схему забудовы: амаль 35 працэнтаў дамоў будуць вышынёй да дзесяці паверхаў, столькі ж — чатырох- і пяціпавярховыя, астатнія — нізкапавярховыя. Будаўніцтва мікрараёна пачнецца ўжо ў 2013 годзе.

Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу ў 2013 годзе завяршыць добраўпарадкаванне Мінска, прычым не толькі яго цэнтральнай часткі, але і спальных мікрараёнаў. Да гэтай работы, на думку Прэзідэнта, павінны падключацца ўласнікі і арандатары будынкаў, жыхары горада. Аляксандр Лукашэнка таксама лічыць, што больш адказна да здачы аб'ектаў павінны адносіцца і падрадчыкі, гарантуючы на працягу трох гадоў якасць пабудаванага аб'екта.

Прэзідэнт таксама адзначыў, што пашыраць Мінск больш не трэба, неабходна асвойваць тэрыторыі ўнутры горада, якія неэфектыўна выкарыстоўваюцца. "Мінск трэба рабіць утульным домам для гараджан", — сказаў Прэзідэнт.

←Суд над лидером "Zмены" Павлом Виноградовым перенесли на понедельник

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика