Вучням, студэнтам, аспірантам, настаўнікам, навукова-педагагічным работнікам
Дарагія сябры!
Ад усёй душы віншую вас з Днём ведаў.
Першае верасня — сапраўднае ўсенароднае свята, якое напаўняе хваляваннем сэрца кожнага з нас. У гэты дзень зноў ажываюць класы і аўдыторыі, вуліцы стракацяць яркімі букетамі кветак у руках першакласнікаў, а дарослыя са светлым сумам успамінаюць свае школьныя і студэнцкія гады.
У нашай дзяржаве адукацыя ўваходзіць у лік важнейшых сацыяльных прыярытэтаў і з'яўляецца прадметам асаблівай увагі і ўсебаковай падтрымкі. Сучасная Беларусь стварае эканоміку ведаў, развівае ўласную касмічную індустрыю, атамную энергетыку, высокія тэхналогіі, імкнецца быць на перадавых рубяжах навукова-тэхнічнага прагрэсу. І галоўная ўмова цяперашніх і будучых поспехаў краіны — інтэлект і веды яе грамадзян.
Звяртаючыся да ўсіх, каму трэба будзе спасцігаць азы навукі, хачу пажадаць не губляць цікавасці да нязведанага, вучыцца з захапленнем, напаўняючы кожны дзень радасцю адкрыццяў. І няхай настойлівасць, прага ведаў і адданасць Айчыне прывядуць вас да ажыццяўлення запаветнай мэты.
Паважаныя настаўнікі і выкладчыкі, выказваю вам словы вялікай удзячнасці за вернасць сваёй справе, ініцыятыву і майстэрства, цвёрдую грамадзянскую пазіцыю і беззапаветную любоў да вучняў. Педагагічны корпус краіны быў і застаецца надзейнай апорай дзяржавы.
Жадаю ўсім, хто вучыць і вучыцца, здароўя і шчасця, выдатнага настрою, вялікіх дасягненняў і перамог у новым навучальным годзе.
Аляксандр Лукашэнка.