Ход паслом
“Паважаны спадар Стэфан! З вялікім жалем сустрэла навіну пра спыненне Вашай акрэдытацыі. Вы наблізілі Швецыю да Беларусі і, як бы гэта каму ні падавалася парадаксальным, адкрывалі Беларусь для беларусаў. Вы -- сапраўдны Дыпламат. Спадзяюся, у нас будзе магчымасць яшчэ не раз сустрэцца. Вялікі дзякуй за Вашу працу!” Вольга ХОМІЧ.
“Cтэфан! Вельмі шкада! Чакаем! Праўда! Ганаруся знаёмствам з Вамі!” Таццяна Караткевіч.
“Паважаны спадар Стэфан! Нам сапраўды вельмі шкада і крыўдна, што Вы зараз не ў Беларусі. Вы для нас былі сапраўдным скарбам! Мы Вас любім так, як Вы любіце нашу Беларусь!...” Сяржук Бохун…
Старонка пасла Швецыі ў Беларусі Стэфана Эрыксана ў “Фэйсбуку” запоўнена словамі падзякі ад самых розных людзей. Наша МЗС не падоўжыла акрэдытацыю самаму “прабеларускаму” з заходніх паслоў, пра якога гаварылі, што ён ведае беларускую гісторыю і беларускую мову лепш за многіх кіраўнікоў нашай краіны.
Стэфан Эрыксан паехаў у адпачынак і больш у Мінск ужо не вярнуўся. Паміж Беларуссю і Швецыяй распачалася "дапламатычная вайна".
У мінулую пятніцу міністр замежных спраў Швецыі Карл Більт спачатку выклаў сенсацыйную навіну ў “Твітары”. Вось як выглядае гэты тэкст: "Рэжым Лукашэнкі выгнаў пасла Швецыі ў Беларусі за празмерную падтрымку правоў чалавека. Абуральна! Гэта паказвае характар рэжыму".
Аднак беларускі МЗС запярэчыў, што Стэфана Эрыксана не выганялі, а толькі было прынята рашэнне аб непрацягненні яго акрэдытацыі.
Прэс-сакратар беларускага знешнепалітычнага ведамства Андрэй Савіных заявіў: "Спадар Стэфан Эрыксан працаваў у Мінску каля сямі гадоў. Гэта доўгі тэрмін. За гэты час уся яго дзейнасць была накіравана не на ўмацаванне беларуска-шведскіх адносін, а на іх разбурэнне".
На самай справе на пасадзе амбасадара спадар Эрыксан працуе з 2008 года, да гэтага і шведскага пасольства ў Беларусі не было -- толькі аддзяленне пасольства ў Маскве. Але калі беларускія ўлады свядома ідуць на скандал, дэталі іх, як падаецца, мала цікавяць, ім галоўнае замбіраваць беларусаў.
Беларускі МЗС катэгарычна абвяргае, што “развітанне” са Стэфанам Эрыксанам неяк звязана са шведскім самалётам, які нелегальна заляцеў на нашу тэрыторыю. Больш за тое, як высвятляецца, яшчэ ў чэрвені Стэфан Эрыксан атрымаў не дыпламатычную, а турыстычную візу для ўезду ў нашу краіну. Тым не менш памятаем мы і словы Аляксандра Лукашэнкі, сказаныя пры прызначэнні новых кіраўнікоў Дзяржаўнага пагранічнага камітэта (а былых ён адхіліў ад пасад менавіта пасля скандалу з самалётам). “На любыя правакацыі павінен быць адэкватны адказ з нашага боку”, -- заявіў Аляксандр Лукашэнка. Непрацягненне акрэдытацыі, а фактычна высылка пасла, які не меў дачынення да інцыдэнту, -- гэта адэкватны адказ?.. Нагадаем, што нават улады Савецкага Саюза не дадумаліся высылаць пасла Германіі пасля таго, як Маціас Руст на такім жа самалёце прызямліўся на Чырвонай плошчы…
Як бы тое ні было, але ўзнік чарговы скандал з Еўропай. Карл Більт, міністр замежных спраў Швецыі, ужо выступіў з афіцыйнай заявай. У ёй паведамляецца, што Швецыя высылае двух беларускіх дыпламатаў, а таксама "не будзе вітаць" прыезд новага беларускага пасла. Па словах шведскага міністра, выгнанне шведскага амбасадара з Беларусі "з’яўляецца грубым парушэннем норм дачыненняў паміж дзяржавамі".
У сувязі з апошнімі падзеямі Вярхоўны прадстаўнік Еўрасаюза па знешняй палітыцы Кэтрын Эштан абнародавала сваю заяву. «Я з вялікай занепакоенасцю атрымала паведамленні з Мінска і Стакгольма аб тым, што беларускія ўлады вырашылі выдварыць шведскага амбасадара Стэфана Эрыксана. Гэтае рашэнне супярэчыць нормам дачыненняў паміж краінамі. Еўрасаюз і Швецыя прыхільныя да мадэрнізацыі Беларусі і пашырэння еўрапейскіх каштоўнасцяў, у прыватнасці дэмакратыі, правоў чалавека і вяршэнства закона. Гэтае пытанне будзе абмеркавана ў Камітэце палітыкі і бяспекі ў Бруселі, у тым ліку на прадмет адпаведных захадаў з боку ЕС», -- гаворыцца ў заяве.
Што гэта будуць за “адпаведныя захады”, пакуль не вядома. Але па дзіўным супадзенні мы назіраем сітуацыю, якую ўжо бачылі не адзін раз: як толькі беларускім уладам трэба зрабіць крок да нармалізацыі адносін з Еўропай, адбываецца нешта такое, што адкідвае нашу краіну на некалькі крокаў назад. Хто гэтыя дарадцы, якія ўмела адводзяць Беларусь ад заходняга накірунку, гісторыя высветліць