Галоўныя арыенціры — эфектыўная эканоміка і якасць жыцця

Источник материала:  

Выступленне Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Андрэйчанкі  У.  П. на закрыцці дзясятай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь чацвёртага склікання

Паважаныя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў!

Паважаныя запрошаныя і журналісты!

Галоўныя арыенціры — эфектыўная эканоміка і якасць жыццяУ адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь сёння завяршае работу дзясятая Сесія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь чацвёртага склікання.

Падводзячы асноўныя вынікі сесіі, можна з упэўненасцю сказаць — парадак дня паспяхова выкананы. Разгледжана больш за 120 пытанняў. Яго асаблівасць у тым, што ў ходзе сесіі аператыўна вырашаліся пытанні, якія былі прадыктаваны актуальнымі праблемамі развіцця нашага грамадства.

Такі падыход павінен стаць сістэмай у нашай дэпутацкай рабоце. Менавіта на гэта нацэліў нас Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнка ў сваім Пасланні беларускаму народу і Парламенту. Кіраўнік дзяржавы асабліва падкрэсліў — краіне патрэбны магутны, імклівы рывок наперад.

Залогам паспяховага дынамічнага развіцця краіны можа быць толькі сплаў нашага вытворчага, навуковага патэнцыялу з якасным, гібкім, адпаведным патрабаванням часу заканадаўствам. У святле гэтага лагічна і зразумела, чаму прыярытэтам сесіі стала работа па стварэнні ўмоў для абнаўлення эканомікі, забеспячэнні яе хуткага росту.

Сярод важнейшых дакументаў, прынятых намі, законапраекты аб дзяржаўнай інавацыйнай палітыцы і інавацыйнай дзейнасці, аб інвестыцыях, аб камерцыйнай тайне. Створаны ўмовы для таго, каб крэдытная, падатковая і мытная палітыка дзяржавы мела стымулюючы характар. Забяспечаны недатыкальнасць інвестыцый і роўныя ўмовы для ўсіх інвестараў — як нацыянальных, так і замежных.

Рэальныя зрухі адбыліся ў пытаннях развіцця прадпрымальніцкай ініцыятывы. Пашырана магчымасць удзелу малога і сярэдняга бізнэсу ў дзяржаўных закупках. Немалаважную ролю тут адыграюць і зняцце залішніх адміністрацыйных бар'ераў, павышэнне патрабаванняў да якасці аўдытарскай дзейнасці, удасканаленне інстытута іпатэкі.

Нараўне са стварэннем дзейсных механізмаў стымулявання дзелавой актыўнасці самая пільная ўвага ўдзялялася ўмацаванню стабільнасці фінансавага сектара эканомікі. У гэтых мэтах сур'ёзна перапрацаваны Банкаўскі кодэкс. Павышана самастойнасць Нацыянальнага банка, пашыраны яго паўнамоцтвы па наглядзе за банкаўскай сферай. Устаноўлена забарона на спагнанне камерцыйнымі банкамі дадатковых плацяжоў за карыстанне крэдытам. Прыняты меры па прадухіленні выпадкаў маніпуліравання на рынку каштоўных папер.

Вялікая работа праведзена дэпутатамі па падрыхтоўцы праекта Закона "Аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве)", які дасць магчымасць эфектыўна вырашаць праблемы прадпрыемстваў, што апынуліся ў складанай фінансавай сітуацыі, паставіць заслон рэйдарству.

Значным вынікам сесіі стала прыняцце новага Жыллёвага кодэкса. Яго нормы накіраваны на ўзмацненне абароны правоў уласнікаў жылых памяшканняў, павышэнне якасці жыллёва-камунальных паслуг. Вялікае сацыяльнае значэнне маюць палажэнні, якія датычацца абароны правоў на жыллё дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.

У цэлым у сацыяльнай сферы зроблены асаблівы акцэнт на ўзмацненне падтрымкі найменш абароненых катэгорый грамадзян. Унясенне паправак у Закон "Аб сацыяльным абслугоўванні" дасць магчымасць шырэй прыцягваць некамерцыйныя арганізацыі да абслугоўвання інвалідаў, цяжка і безнадзейна хворых людзей, сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Павысяцца даступнасць і якасць такіх паслуг. Інвалідам трэцяй групы прадастаўлена права на 50-працэнтную скідку з кошту лекавых сродкаў, якія выдаюцца па рэцэптах. Дзеці ва ўзросце да трох гадоў будуць атрымліваць такія лякарствы бясплатна.

Адметнай рысай сесіі стаў разгляд вялікага блока дакументаў у сферы культуры. Урэгуляваны пытанні аховы гісторыка-культурнай спадчыны, развіцця кінематаграфіі, выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці, падтрымкі прафесійнай і аматарскай творчасці. Такая ўвага да сферы культуры не выпадкова — развітая культура не толькі індыкатар дабрабыту нацыі, але і важнейшая ўмова яе дастойнай будучыні.

Сярод значных рашэнняў трэба адзначыць меры, накіраваныя на ўмацаванне абароннага патэнцыялу краіны, узмацненне барацьбы з тэрарызмам і экстрэмізмам, абаротам наркотыкаў і псіхатропных рэчываў. Унесены змяненні ў законы аб ахоўнай дзейнасці, аб зброі.

Праведзена сур'ёзная работа па аптымізацыі дзейнасці Следчага камітэта, органаў дзяржаўнай бяспекі, органаў унутраных спраў. Комплексную карэкціроўку атрымалі законы па пытаннях прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх. Гуманны характар беларускай дзяржавы знайшоў свой адбітак у Законе аб амністыі, пашырэнні практыкі прымянення пакарання ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчыя ўстановы.

Прадаўжалася заканадаўчае забеспячэнне рэфармавання судовай сістэмы. Пакладзены пачатак фарміраванню прынцыпова новага інстытута пазасудовага рэгулявання спрэчак — медыяцыі.

У мэтах развіцця міжнароднай дагаворна-прававой базы прынята каля 40 законапраектаў. Сярод іх асабліва трэба выдзеліць ратыфікацыю пагадненняў паміж Беларуссю і Расіяй, накіраваных на развіццё ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў газавай галіне, дакументаў у рамках Мытнага саюза, Дагавора аб зоне свабоднага гандлю. Заканадаўчае афармленне атрымала супрацоўніцтва з такімі новымі для нас партнёрамі, як Інданезія, М'янма, Перу.

Дынамічна праходзіла і міжнародная дзейнасць Палаты прадстаўнікоў. Парламентарыі прынялі ўдзел больш як у 50 міжнародных мерапрыемствах. Найбольш значныя падзеі былі звязаны з паглыбленнем інтэграцыі на прасторы СНД і павышэннем ролі парламентаў у гэтых працэсах.

Менавіта ў такім ключы ў маі гэтага года ў г. Санкт-Пецярбургу прайшлі пленарныя пасяджэнні міжпарламенцкіх асамблей СНД і ЕўрАзЭС, Парламенцкай Асамблеі АДКБ.

Асаблівую значнасць мела сустрэча кіраўнікоў парламентаў Беларусі, Казахстана і Расіі, на якой абмяркоўвалася праблематыка парламенцкага вымярэння еўразійскай эканамічнай інтэграцыі. Па яе выніках мы выйшлі на стварэнне рабочай групы, прызначанай выпрацаваць прапановы па фарміраванні парламенцкай структуры будучага Еўразійскага эканамічнага саюза.

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі ўдзел у 41-й і 42-й сесіях Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, у мерапрыемствах Міжпарламенцкага саюза, Парламенцкай асамблеі Чарнаморскага эканамічнага супрацоўніцтва, Парламенцкай асамблеі парламенцкай структуры Цэнтральнаеўрапейскай ініцыятывы, Міжпарламенцкай асамблеі праваслаўя.

Мы актыўна выкарыстоўвалі трыбуну гэтых міжнародных арганізацый, каб заявіць пазіцыю нашай краіны па такіх актуальных пытаннях, як рэформа глабальнай фінансавай сістэмы, развіццё інфармацыйных тэхналогій, ахова навакольнага асяроддзя, энергетычная і харчовая бяспека.

На якасна новы ўзровень выйшлі міжпарламенцкія беларуска-расійскія адносіны. 26 чэрвеня адбыўся афіцыйны візіт Старшыні Дзяржаўнай Думы Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі С.Я. Нарышкіна. Падпісана Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнай Думай Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі.

Новым зместам напаўняецца ўзаемадзеянне з Кітайскай Народнай Рэспублікай. У рамках візіту ў Беларусь парламенцкай дэлегацыі гэтай краіны на чале з Намеснікам Старшыні Пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Лу Юнсянам падпісана Пагадненне аб стварэнні Міжурадавай Беларуска-Кітайскай камісіі па супрацоўніцтве ў галіне навукі і тэхналогій.

Адзін з новых вектараў парламенцкай дыпламатыі — развіццё адносін з краінамі АСЕАН. У мэтах наладжвання супрацоўніцтва з дзяржавамі рэгіёна мы запрасілі ў нашу краіну камбаджыйскую дэлегацыю на чале са Старшынёй Нацыянальнай Асамблеі Парламента Каралеўства Камбоджа Хенгам Самрынам.

Падпісаннем Пагаднення аб супрацоўніцтве завяршыўся афіцыйны візіт парламенцкай дэлегацыі Рэспублікі Малдова на чале са Старшынёй Парламента гэтай краіны Марыяна Лупу.

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў удзельнічалі ў міжнародным назіранні за парламенцкімі выбарамі ў Арменіі.

Прадаўжалася работа па актывізацыі кантактаў на ўзроўні камісій і рабочых груп Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па супрацоўніцтве з парламентамі замежных дзяржаў. У Палаце прадстаўнікоў прайшлі сустрэчы з парламентарыямі В'етнама, Кітая, Расіі, прадстаўнікамі шэрагу міжнародных арганізацый.

Паважаныя калегі!

У краіне стартавала выбарчая кампанія. Некаторыя з вас прымуць у ёй удзел. Але і тыя, хто не пойдзе на выбары, павінны помніць, што дэпутатаў былых не бывае. На нас ляжыць высокая місія, давер выбаршчыкаў — нашых суайчыннікаў. Парламентарыі заўсёды былі адной з сіл, кансалідуючых грамадства ў адказныя для краіны перыяды. І сёння мы павінны зрабіць усё для таго, каб у Парламент прыйшлі людзі, справай даказаўшыя адданасць Радзіме, неабыякавыя да яе лёсу, гатовыя не пакладаючы рук умацоўваць суверэнітэт краіны і служыць на карысць беларускага народа.

Але, як бы мы ні былі ўключаны ў выбарчы працэс, ні ў якім разе нельга зніжаць тэмпы заканадаўчай дзейнасці. Наперадзе ў нас яшчэ адна сесія. Самую сур'ёзную ўвагу трэба ўдзяліць праекту рэспубліканскага бюджэту на 2013 год. Наша задача — выйсці на збалансаваны дакумент, які дакладна ўлічвае суадносіны эканамічных рэалій і патрэбнасцяў грамадства. І не менш важна забяспечыць добры, якасны зачын для дэпутацкага корпуса пятага склікання.

Трэба дастойна завяршыць і нашу міжнародную праграму. У нас наперадзе нямала значных мерапрыемстваў. Гэта ўдзел і ў летняй сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ, і ў 33-й Генеральнай асамблеі Міжпарламенцкай Асамблеі АСЕАН, якая пройдзе ў Інданезіі. Шмат трэба будзе зрабіць па фарміраванні парламенцкага вымярэння еўразійскай эканамічнай інтэграцыі.

На заканчэнне, паважаныя калегі, хачу падзякаваць вам за плённую работу і павіншаваць усіх прысутных з надыходзячым святам — Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь!

←Чего не хватает грекам?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика