Аляксандр Лукашэнка даручыў прапрацаваць план дзеянняў па развіцці АПК да 2020 года
Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка даручыў прапрацаваць план дзеянняў па развіцці аграпрамысловага комплексу Беларусі да 2020 года. Адпаведнае даручэнне прэзідэнт даў 7 чэрвеня падчас рабочай сустрэчы з віцэ-прэм'ерам Міхаілам Русым.
Даручана таксама прапрацаваць перспектывы сельгасгаліны краіны ў прымяненні да ўмоў Сусветнай гандлёвай арганізацыі.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў плане ўмоў надвор'я пачатак года для сельскай гаспадаркі склаўся не ідэальна, але ў цэлым нядрэнна.
Асобную ўвагу прэзідэнт звярнуў на забеспячэнне сельгаспрадукцыяй унутранага рынку і яе пастаўкі за мяжу. "Для нас гэта важна. Вы ведаеце, што $7 млрд экспарту мы павінны да канца пяцігодкі выдаць", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым важныя не толькі аб'ёмы продажаў, але і выгадная цана за экспартуемую прадукцыю. Як далажыў Міхаіл Русы, у гэтым годзе экспарт плануецца ў памеры $4,7 млрд. Паводле яго слоў, ва ўсіх катэгорыях гаспадарак і ў грамадскім сектары адзначаецца прырост вытворчасці, выконваюцца экспартныя прагнозы.
Аляксандр Лукашэнка асабліва падкрэсліў, што сельгасвытворчасць павінна быць эфектыўнай. Гэта з'яўляецца галоўнай умовай для росту заробкаў. У значнай ступені паляпшэнню ўмоў працы і павышэнню яе прадукцыйнасці садзейнічае мадэрнізацыя фермаў і жывёлагадоўчых памяшканняў, якая праводзіцца ў краіне. У перапрацоўчай прамысловасці адна з галоўных задач — дасягненне большай глыбіні перапрацоўкі прадукцыі, што дасць магчымасць для атрымання дадатковых даходаў.
Сур'ёзную ўвагу Аляксандр Лукашэнка даручыў надаць рабоце арганізацый "Белкаапсаюза" па закупцы ў насельніцтва дзікарослай прадукцыі, а таксама агародніны і садавіны, вырашчаных на асабістых падсобных гаспадарках. "Мы паставілі задачу, што "Белкаапсаюз" такой прадукцыі павінен закупіць на Br1 трлн рублёў. Гэта клубніцы, яблыкі, агуркі, ранняя капуста..." — адзначыў віцэ-прэм'ер.
Кіраўнік дзяржавы таксама даручыў забяспечыць будаўніцтва агароднінасховішчаў і пунктаў перапрацоўкі агародніны, дзе гэта неабходна, каб была магчымасць у зручным для пакупніка выглядзе і па выгаднай цане пастаўляць прадукцыю на ўнутраны рынак і за межы краіны.
Акрамя таго, прэзідэнт даручыў ураду звярнуць асаблівую ўвагу на неабходнасць ліквідацыі пэўнага адставання ў развіцці вытворчай сферы ў аграгарадках у параўнанні з сацыяльнай.
Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.