Уладзімір Пуцін прыбыў з афіцыйным візітам у Беларусь
Фота БЕЛТА.Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін прыбыў з афіцыйным візітам у Беларусь, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Каля трапа кіраўніка расійскай дзяржавы сустракаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Лідары дзвюх краін абмяняліся цёплымі прывітаннямі. Афіцыйная цырымонія сустрэчы ўключала прадстаўленне членаў дэлегацый, выкананне дзяржаўных гімнаў дзвюх краін.
Прэзідэнты Беларусі і Расіі накіраваліся ў адным аўтамабілі на афіцыйныя перагаворы, выкарыстоўваючы час пераезду для нефармальнай размовы.
Добрыя перспектывы супрацоўніцтваПрэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў добрыя перспектывы для далейшага развіцця супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй, сустракаючыся з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным у рэзідэнцыі "Заслаўе".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што цяперашняя сустрэча праходзіць напярэдадні 20-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж дзвюма краінамі. "Хачу падзякаваць вам і расійскаму кіраўніцтву за ўсё тое, што мы зрабілі, асабліва ў апошнія гады. У нас ёсць вынікі і ў палітыцы, і ў эканоміцы", — сказаў Прэзідэнт Беларусі.
Паводле яго слоў, галоўны вынік супрацоўніцтва ў сферы палітыкі — стварэнне Саюзнай дзяржавы, дзе па ўсіх напрамках бакі дасягнулі значнага прагрэсу. "У нас няма граніцы паміж дзвюма краінамі, у нас людзі спакойна перамяшчаюцца, маюць роўныя правы, і расіяне ў Беларусі, і беларусы ў Расіі, мы маем адзіную абаронную прастору, агульныя войскі проціпаветранай абароны, саюзную групоўку на заходнім напрамку і многае іншае. Па ўсіх напрамках мы дасягнулі пэўных вынікаў", — канстатаваў беларускі лідар. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў гэтым напрамку неабходна дзейнічаць і далей, умацоўваючы і развіваючы праект Саюзнай дзяржавы.
Прэзідэнт Беларусі таксама адзначыў вялікія поспехі ў эканамічнай інтэграцыі. "Мы стварылі Мытны саюз і Адзіную эканамічную прастору. Гэта значыць мы свой вопыт (інтэграцыі на двухбаковай аснове. — <І>Заўвага БЕЛТА ) перанеслі на больш шырокае кола дзяржаў. Да нас сёння прыглядаюцца", — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. У гэтым плане Аляксандр Лукашэнка адзначыў Украіну, якая праяўляе цікавасць да супрацоўніцтва з АЭП: "Пакуль яшчэ нейкія выключэнні і абмежаванні, але ўсё роўна, значыць, ёсць прыцяжэнне да гэтага курсу".
"Мы нямала зрабілі за гэтыя два дзясяткі гадоў, і, лічу, нас чакаюць нядрэнныя гады. Упэўнены (упэўненасць мне надаюць вашы перадвыбарныя і паслявыбарныя заявы), што вектар еўразійскай прасторы Расійская Федэрацыя будзе развіваць і ўмацоўваць. Мы да гэтага гатовы", — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
"Беларусь — асаблівы партнёр Расіі"Аб гэтым учора, сустракаючыся з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, заявіў Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін.
"Гэта мая першая паездка за межы Расіі пасля ўступлення на пасаду Прэзідэнта. Гэта зразумела. Беларусь не проста наш блізкі, яна асаблівы партнёр", — адзначыў кіраўнік расійскай дзяржавы.
Уладзімір Пуцін адзначыў поспех дзвюх краін у развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. У прыватнасці, ён канстатаваў, што па выніках 2011 года рост узаемнага тавараабароту склаў каля 40 працэнтаў, дасягнуўшы амаль $40 млрд. Дадатная дынаміка захоўваецца і ў гэтым годзе. "Гэта відавочнае сведчанне правільнага выбару ў напрамку інтэграцыі", — падкрэсліў Прэзідэнт Расіі.
Уладзімір Пуцін выказаў словы падзякі Аляксандру Лукашэнку за яго актыўную падтрымку інтэграцыйных працэсаў на постсавецкай прасторы. Прэзідэнт Расіі выказаў гатоўнасць абмеркаваць увесь комплекс актуальных пытанняў, якія стаяць на парадку дня дзвюх дзяржаў.
Візіт Прэзідэнта Расіі ў Беларусь працягваецца.