Журналісты павінны быць прафесійнымі
Перадапошні дзень VІІ Беларускага міжнароднага медыяфоруму прайшоў у Інстытуце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. "Летняя школа журналістыкі" складалася з "круглых сталоў" (напрыклад, аб медыяадукацыі ХХІ стагоддзя) і майстар-класаў мэтраў журналістыкі.
Але перад гэтым да студэнтаў журфака звярнулася Лілія Ананіч, першы намеснік міністра інфармацыі Беларусі. Яна адзначыла, што медыяфорум і, у прыватнасці, "летняя школа журналістыкі" дае "магчымасць не толькі дыскутаваць, але і вучыцца адзін у аднаго, вучыцца новай журналістыцы ХХІ стагоддзя, удасканальваць нашу медыяпрастору". А ў нас ёсць што ўдасканальваць. Гэта пацвердзіў і Віталь Траццякоў, дэкан Вышэйшай школы тэлебачання МДУ імя М. В. Ламаносава: "Прафесія журналіста размываецца: з аднаго боку, частка журналістаў сыходзіць у забаўляльнасць, "папсу", шоу-бізнэс (і туды часам не горшыя сыходзяць), з іншага — з'явілася хваля непрафесіяналаў, якія прыходзяць праз благасферу". Вядомы журналіст упэўнены, што работнік СМІ павінен быць прафесіяналам. Гэтую тэму Віталь Траццякоў працягнуў падчас свайго майстар-класа "Тэлебачанне і палітыка. Сродкі масавай інфармацыі ў эпоху Twіtter і Facebook". Ён сказаў, што блогеры не маюць шанцаў на выжыванне ў медыяпрасторы: "Так, яны даюць шмат быццам бы альтэрнатыўных пунктаў гледжання. Але ж не можа быць 25 меркаванняў на адну і тую ж падзею. Максімум 3-4. Ды і іх меркаванні не заўсёды эксклюзіўныя, многія спачатку з'яўляюцца ў СМІ".
Было і шмат іншых майстар-класаў — аб інфармацыйных войнах, уладзе і журналісце, асаблівасцях працы рэпарцёраў, крымінальных навінах і іншых. Меркаванні ўдзельнікаў медыяфоруму Аляксандр Чарняк, намеснік галоўнага рэдактара часопіса "Российская Федерация сегодня", доктар гістарычных навук: — Я быў на ўсіх форумах. І з кожным годам тут становіцца ўсё лепш і цікавей, форум не зжывае сябе, а, наадварот, развіваецца. Гэты форум цікавы спробай зазірнуць у заўтра. Прычым не толькі датычна журналістыкі, але і эканомікі, палітыкі. Удзельнікі спрабавалі зразумець, у якім свеце будзе жыць чалавек, якія будуць дзяржавы. Ігар ПАНАРЫН, прафесар, доктар палітычных навук, вядучы праграмы "Сусветная палітыка" на РДРК "Голос России" і рэдактар аддзела палітыкі часопіса "Союз": — Сваю ідэю, якая тычыцца ідэалогіі Еўразіі, я ўпершыню агучыў публічна на медыяфоруме. Бо сама ідэя прыйшла толькі тыдзень таму. Сфармуляваў яе як формулу трох "Д" — Дыялог, Дружба і Дабрыня. Беларусь — матрыца, з майго пункту гледжання, ідэалогіі Еўразіі. У гэтым пераканаўся на форуме, падчас наведвання Парку высокіх тэхналогій, Акадэміі навук. Беларусь, як ні дзіўна, не проста захавала нацыянальныя традыцыі, але і пайшла па нейкай новай мадэлі развіцця, уяўляе сабой сацыяльна арыентаваную, творчую дзяржаву. Гэта мадэль зусім не характэрна ні для Расіі, ні для Казахстана, ні для іншых краін СНД. І яна, з майго пункту гледжання, самая перспектыўная. Цяпер — задача гэтую матрыцу распаўсюдзіць на іншыя краіны СНД. У цэлым медыяфорум пакінуў прыемнае ўражанне. Па арганізацыі яму няма аналагаў. Я шмат разоў удзельнічаў у розных медыяфорумах, але нідзе, акрамя Мінска, не практыкуецца "Летняя школа журналістыкі", што вельмі патрэбна. Яраслаў СКВАРЦОЎ, дэкан факультэта міжнароднай журналістыкі МДІМА МЗС Расіі: — Мне здаецца, што ставіць знак роўнасці паміж паняццямі "грамадзянская" ("новая") журналістыка і прафесійная (традыцыйная) няправільна. З'ява, якая развіваецца ў блогасферы, — на мой погляд, рэальны выклік журналісцкай прафесіі. Гэта зусім розная адказнасць. Прафесійныя мас-медыя — гэта своеасаблівы сродак сертыфікацыі СМІ. Тое, аб чым мы гаварылі на медыяфоруме падчас "круглых сталоў", майстар-класаў, нашы публікацыі, у першую чаргу, скіраваны на новае пакаленне, якое нарадзілася не ў Савецкім Саюзе. Мы павінны думаць пра будучыню. Перадаць моладзі гістарычную памяць, каб наша імкненне да інтэграцыі жыло ў сэрцах і галовах будучага пакалення. Бо ад поглядаў і дзеянняў сённяшняй моладзі залежыць будучыня еўразійскай прасторы. Наша задача сёння — паказаць ім на ўласным прыкладзе, што трэба будаваць масты, а не сцены. Аляксандр НОВІКАЎ, галоўны рэдактар часопіса "Наша власть: дела и лица": — Гэты форум вельмі цікавы сваім зместам, тым, што ён сабраў шырокае кола палітолагаў, экспертаў, аналітыкаў з розных краін. Вельмі прыемна, што беларуская ўлада праяўляе не проста фармальную ўвагу да падобных мерапрыемстваў, накіраваных на інтэграцыю, а непасрэдны актыўны ўдзел. З грунтоўным і сур'ёзным выступленнем да ўдзельнікаў форуму звярнуліся кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта, міністр інфармацыі. Форум адбыўся на высокім узроўні. Шмат увагі на форуме ўдзялялася інфармацыйнай прасторы ў межах краін СНД. Па сутнасці, гэтая прастора толькі фарміруецца. Але відавочна, што яна павінна быць. На шляху кансалідацыі інфармацыйных рэсурсаў, на мой погляд, этычныя якасці журналіста выходзяць на першы план. Уладзіслаў КУЛЕЦКІ, Надзея ДРЫЛА. Фота Уладзіслава КУЛЕЦКАГА.