Беларусі і Новасібірскай вобласці трэба развіваць супрацоўніцтва ў высокатэхналагічных і навукаёмістых галінах

Источник материала:  

Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з губернатарам Новасібірскай вобласці Расіі Васілём Юрчанкам, перадае БЕЛТА.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў сучасных эканамічных умовах на простых тавараабменных аперацыях далёка не паедзеш. Ён адзначыў, што яшчэ з савецкіх часоў дзясяткі беларускіх і новасібірскіх прадпрыемстваў былі звязаны цеснымі кааперацыйнымі адносінамі. "І калі тады размова ішла аб пастаўках асобных камплектуючых, вузлоў і агрэгатаў, то на цяперашнім этапе трэба выводзіць супрацоўніцтва на якасна новы ўзровень", — падкрэсліў Прэзідэнт. Кіраўнік дзяржавы лічыць, што трэба развіваць двухбаковыя праекты, заснаваныя на аб'яднанні рэсурснага, вытворчага, навукова-тэхнічнага і кадравага патэнцыялу. "Яны (двухбаковыя праекты. — Заўвага БЕЛТА.) павінны быць нацэлены на выпуск высокатэхналагічнага і навукаёмістага прадукту, які канкурыраваў бы на рынках трэціх краін", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што з фарміраваннем Мытнага саюза і запускам Адзінай эканамічнай прасторы створаны спрыяльныя ўмовы для інтэграцыі эканомік. Пры гэтым практычна адсутнічаюць перашкоды для развіцця двухбаковых адносін. "Цікавасць з пункту гледжання вытворчай кааперацыі могуць мець сумесныя праекты ў галіне пасажырскага транспарту, сельскагаспадарчай тэхнікі, аграпрамысловай перапрацоўкі", — лічыць кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на навуковыя дасягненні Новасібірскай вобласці. "Знакаміты Акадэмгарадок з'яўляецца адным з буйнейшых сусветных навуковых цэнтраў і аб'ядноўвае рэсурсы чатырох расійскіх акадэмій навук", — адзначыў беларускі лідар, падкрэсліўшы, што Беларусі ёсць чым ганарыцца ў навукова-тэхнічнай сферы.

"Нам вельмі выгадна супрацоўнічаць з вучонымі гэтага рэгіёну. Лічу, нам трэба неяк вылучыць гэты напрамак як асаблівы, таму што і ваша эканоміка цяпер грунтуецца на навуковых дасягненнях, і наша. Мы вызначылі, што не можа быць росту ні ў нас, ні ў вас, калі мы не заснаваны на навуцы высокіх дасягненняў", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт Беларусі прапанаваў вызначыць сумесны пералік канкрэтных навукова-тэхнічных распрацовак, якія ўяўляюць узаемную цікавасць. "Іх рэалізацыю варта зрабіць адным з прыярытэтаў супрацоўніцтва Беларусі і Новасібірскай вобласці", — упэўнены кіраўнік дзяржавы. Ён таксама адзначыў, што супрацоўніцтва з расійскімі рэгіёнамі заўсёды было важным для Беларусі і асабліва дапамагала ў тыя часы, калі ўзнікалі цяжкасці на ўзроўні кіраўніцтва Беларусі і Расіі. Новасібірская вобласць, паводле яго слоў, з'яўляецца адным з важнейшых гандлёвых партнёраў Беларусі сярод рэгіёнаў Сібіры, Урала і Далёкага Усходу.

Дзякуючы сумесным намаганням у мінулым годзе ўзаемны тавараабарот Беларусі і Новасібірскай вобласці вырас у 1,7 раза ў параўнанні з 2010 годам і склаў больш за 200 млн долараў ЗША. Дадатная дынаміка тавараабароту захоўваецца і ў гэтым годзе. Значную долю беларускага экспарту ў Новасібірскую вобласць складаюць пастаўкі прадукцыі машынабудавання. "Нашы прадпрыемствы гатовы і ў далейшым забяспечваць патрэбнасці вашага рэгіёну ў любой тэхніцы, якую мы вырабляем", — запэўніў расійскіх гасцей Прэзідэнт Беларусі.

Кіраўнік дзяржавы таксама станоўча ацаніў ідэю стварэння Савета дзелавога супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Новасібірскай вобласцю. "Беларусь ужо мае вопыт узаемавыгаднага функцыянавання падобных сумесных структур, шэраг якіх створаны намі з важнейшымі контрагентамі з ліку не толькі расійскіх рэгіёнаў, але і па ўсім свеце", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Звяртаючыся да прадстаўнікоў дэлегацыі з Новасібірскай вобласці, Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што наша краіна прылічае гэты рэгіён Расіі да надзейных і перспектыўных партнёраў. Аляксандр Лукашэнка выказаў надзею, што візіт дэлегацыі, у склад якой уваходзіць шмат прадстаўнікоў бізнэсу Сібіры, будзе садзейнічаць далейшаму развіццю супрацоўніцтва Беларусі не толькі з Новасібірскай вобласцю, але і ў цэлым з Расійскай Федэрацыяй.

Новыя зборачныя вытворчасці беларускай тэхнікі могуць быць створаны ў Новасібірскай вобласці Расіі. Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт на неабходнасці вызначэння канкрэтных праектаў, накіраваных на актывізацыю супрацоўніцтва з Новасібірскай вобласцю. Адной з пляцовак для гэтага можа стаць прадпрыемства "Сібсельмаш".

"Ёсць патэнцыял гэтай пляцоўкі, і там можна арганізаваць вытворчасць сельгасмашын. І не толькі на гэтай пляцоўцы, — адзначыў Васіль Юрчанка. — Мы з задавальненнем адпрацавалі б праект зборкі, а потым, можа, і вытворчасці якіх-небудзь камплектуючых з разлікам на ўсходнюю частку Расіі, Казахстан, Кітай".

"Ваша праўда — гэта цэлы рэгіён", — пагадзіўся кіраўнік дзяржавы.

"Нам, Беларусі і Расіі, не трэба канкурыраваць там, дзе не трэба. Нам трэба дапаўняць адно аднаго і аб'ядноўваць канкурэнтныя перавагі. Тады мы большага дасягнём. Агульных падыходаў вельмі шмат", — лічыць губернатар.

Паводле яго слоў, Новасібірская вобласць з'яўляецца адным з буйнейшых спажыўцоў прадукцыі некаторых беларускіх прадпрыемстваў, у першую чаргу Мінскага трактарнага завода: "За мінулы год Новасібірская вобласць набыла 800 машын розных класаў, а Сібірская федэральная акруга — 2,5 тыс. машын".

На думку Васіля Юрчанкі, трэба актыўней выкарыстоўваць патэнцыял машынабудаўнічага комплексу Новасібірскай вобласці. У прыватнасці, ён прапанаваў задзейнічаць яго для сумеснай вытворчасці сельскагаспадарчай тэхнікі на ўзаемавыгадных умовах.

Яшчэ адзін перспектыўны напрамак — супрацоўніцтва ў будаўнічай сферы. Беларусь можа падзяліцца сваімі напрацоўкамі ў праектаванні, мадэрнізацыі і рамонце будынкаў. Ёсць зацікаўленасць у вывучэнні вопыту Новасібірскай вобласці і з беларускага боку. Так, нядаўна быў уведзены ў строй сучасны выставачны комплекс "Сібэкспацэнтр". "Нам гэта цікава, мы таксама ствараем выставачны цэнтр, і нам цікавы ваш вопыт будаўніцтва", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

У час сустрэчы таксама былі падрабязна абмеркаваны магчымасці па аб'яднанні навуковых патэнцыялаў Беларусі і Новасібірскай вобласці.

Паводле слоў дырэктара інстытута лазернай фізікі Сібірскага аддзялення Расійскай акадэміі навук Сяргея Багаева, вялікая ўвага ўдзяляецца работам па стварэнні новых прарыўных тэхналогій. "У гэтай частцы вельмі мэтазгодны ўдзел вучоных НАН Беларусі", — адзначыў ён і прапанаваў стварыць спецыяльную рабочую групу, якая зоймецца прапрацоўкай магчымасцяў для ўзаемадзеяння па такіх прарыўных напрамках.

Кіраўнік дзяржавы даручыў старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Анатолю Русецкаму грунтоўна вывучыць гэта пытанне ва ўзаемадзеянні з расійскімі калегамі.

←С инвестором шаг за шагом

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика