Пададзеныя дакумэнты на рэгістрацыю Гарадзенскай абласной арганізацыі Партыі БНФ
28 траўняў ў Галоўнае ўпраўленьне юстыцыі Гарадзенскага аблвыканкаму былі пададзеныя дакумэнты на рэгістрацыю Гарадзенскай абласной арганізацыі Партыі БНФ.
Старшыня Гарадзенскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў адзначыў, што гэтае дзеяньне наўпрост зьвязанае з падрыхтоўкай гарадзенскай партыйнай арганізацыі да маючай адбыцца палітычнай кампаніі падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў:
“Менавіта абласныя структуры палітычных партыяў маюць права вылучаць сваіх прадстаўнікоў у склад участковых выбарчых камісіяў. Таму рашэньне адносна рэгістрацыі Гарадзенскай абласной арганізацыі Партыі БНФ з боку ўладаў будзе выключна палітычным, наўпрост зьвязаным з тымі ўмовамі, паводле якіх у краіне неўзабаве будзе адбывацца выбарчая кампанія. Партыя БНФ такім чынам робіць першы тэст для ўладаў на дэмакратычнасьць фармаваньня будучых выбарчых камісіяў”, — сказаў Саранчукоў.
Згодна рашэньня студзеньскага Сойму Партыі БНФ, пры неўключэньні прадстаўнікоў Беларускага Народнага Фронту ў склад выбарчых камісіяў партыя здыме сваіх кандыдатаў зь перадвыбарчай гонкі.
Гарадзенскае аддзяленьне Партыі БНФ неаднаразова рабіла спробы атрымаць рэгістрацыю, сутыкаючыся з сумнеўнымі і неабгрунтаванымі адказамі. У прыватнасці, тры гады таму Гарадзенскай абласной арганізацыі Партыі БНФ было адмоўлена ў рэгістрацыі з прычыны таго, што шрыфт у пратаколе быў 12 памеру, а не 14.
Рашэньне па пытаньні рэгістрацыі Гарадзенскай абласной арганізацыі Партыі БНФ павінна быць прынятае Галоўным упраўленнем юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама цягам месяца, нагадвае прэс-служба ПБНФ.