Прэзідэнт Беларусі і губернатар Тульскай вобласці дамовіліся аб канкрэтных напрамках пашырэння ўзаемавыгадных сувязяў
Беларусь і Тульская вобласць будуць пашыраць супрацоўніцтва па ўсіх напрамках. Узаемную зацікаўленасць у гэтым выказалі 28 мая на перагаворах у Мінску Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і губернатар Тульскай вобласці Расіі Уладзімір Груздзеў.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь мае значную базу адносін з Тульскай вобласцю. Аб гэтым сведчыць і той факт, што ў мінулым годзе ўзаемны тавараабарот склаў амаль $270 млн, а гэта значны аб'ём, калі ўлічыць, што размова ідзе толькі пра рэгіён, вобласць Расійскай Федэрацыі. Прыкладна на такім узроўні па тавараабароце прадоўжыцца работа і ў гэтым годзе, адзначыў Прэзідэнт.
Беларускі лідар выказаў упэўненасць, што прыезд кіраўніка Тульскай вобласці будзе садзейнічаць актывізацыі двухбаковага супрацоўніцтва, што выльецца ў канкрэтныя лічбы павелічэння тавараабароту.
Кіраўнік дзяржавы сказаў, што ён здзіўлены вялікай увагай тульскай дэлегацыі да беларускага вопыту, у прыватнасці па пытаннях рэфармавання і мадэрнізацыі сельскай гаспадаркі. Цікавасць тульчан тлумачыцца тым, што ў іх таксама вялікая ўвага ўдзяляецца развіццю сельскай гаспадаркі. У Тульскай вобласці атрымліваюць амаль 2 працэнты ўсяго аб'ёму сельгаспрадукцыі Расіі.
Аляксандр Лукашэнка правёў паралель паміж Беларуссю і Тульскай вобласцю — яны абедзве робяць стаўку на рэфармаванне сельскай гаспадаркі. "Вы паставілі задачу мадэрнізаваць сельскую гаспадарку, узняць яе на высокі ўзровень і стварыць добрыя ўмовы для жыхароў сельскай мясцовасці. Гэта тое, чым займаемся і мы", — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Дэлегацыя Тульскай вобласці ў час візіту ў Беларусь азнаёмілася з тым, як развіваецца аграпрамысловы комплекс. Расійскія госці пабывалі на рэфармаваных беларускіх сельгаспрадпрыемствах, якіх у краіне ўжо нямала.
"Мы гатовы дзяліцца з вамі вопытам рэфармавання сельскай гаспадаркі", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён дадаў, што Беларусь, перад тым як пачаць мадэрнізацыю сельскай гаспадаркі, па крупінках збірала сусветны вопыт і прыстасоўвала яго да сваіх умоў. Цяпер Беларусь гатова падзяліцца сваімі напрацоўкамі з Тульскай вобласцю.
Прэзідэнт заявіў аб гатоўнасці да пашырэння супрацоўніцтва з Тульскай вобласцю па ўсіх напрамках.