Беларускі народ заслужыў права "людзьмі звацца" і жыць на сваёй зямлі
"Ганаровыя званні, ордэны і медалі вы атрымліваеце за выдатныя заслугі перад Радзімай і народам. Гэта стымул для яшчэ большых поспехаў у будучым, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Перакананы, для любога з нас галоўная мэта — дабрабыт і росквіт роднай краіны, шчасце блізкіх і ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Бо ўсе мы працуем дзеля гэтага".
Як адзначыў Прэзідэнт, дзяржава актыўна развіваецца, на новыя ўзроўні выходзіць эканоміка, сацыяльная, тэхналагічная і вытворчая сферы. "І разам мы здольны дасягнуць любых вышынь, пераадолець любыя цяжкасці", — упэўнены Аляксандр Лукашэнка. Аляксандр Лукашэнка ўручыў Дар'і Домрачавай ордэн Айчыны ІІІ ступені.Дзяржаўныя ўзнагароды былі ўручаны супрацоўнікам ААТ "Мінскі аўтамабільны завод" вытворчага аб'яднання "БелаўтаМАЗ". "Гэта адно з буйнейшых у СНД машынабудаўнічых прадпрыемстваў. Прадукцыя яго вядома далёка за межамі Беларусі, і попыт на яе расце, асвойваюцца ўсё новыя рынкі. Лічбы гавораць самі за сябе. Аб'ём знешняга гандлю "БелаўтаМАЗа" за 2011 год вырас амаль на 200 працэнтаў" , — адзначыў беларускі лідар.
Паводле яго слоў, складальнікі гэтага поспеху — разумная арганізацыя працы, дбайнае стаўленне да рэсурсаў, укараненне рацыяналізатарскіх прапаноў. "Грамадскае прызнанне, якое вы па праву заслужылі, павінна стаць арыенцірам для нашых вытворцаў. Ім варта раўняцца менавіта на вас", — падкрэсліў Прэзідэнт.
Сярод узнагароджаных таксама прадстаўнікі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі. "Плённа ўдасканальваючы заканадаўчую базу нашай дзяржавы, вы актыўна садзейнічаеце вырашэнню шырокага кола грамадскіх праблем. Гэта пытанні працоўнай дысцыпліны, занятасці, удасканаленне сістэмы аховы здароўя, ахова мацярынства і дзяцінства, падтрымка таленавітай моладзі. Не застаюцца па-за сферай вашай увагі адукацыя, навука, актывізацыя інтэграцыйных працэсаў і развіццё міжнароднага супрацоўніцтва", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Дзяржаўных узнагарод удастоены і лепшыя прадстаўнікі судзейскага корпуса Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка таксама ўручыў дзяржузнагароды вялікай групе ваеннаслужачых: "Вы забяспечваеце высокую гатоўнасць да абароны нашай Радзімы, адстойваеце яе бяспеку і тэрытарыяльную цэласнасць".
На цырымоніі ўшаноўвалі спартсменаў і трэнераў. Аляксандр Лукашэнка асабліва адзначыў, што спецыяльная прэмія Прэзідэнта Беларусі "Беларускі спартыўны Алімп" 2012 года прысуджана выдатнай спартсменцы і папулярызатару фізічнай культуры Дар'і Домрачавай. Яна таксама ўзнагароджана ордэнам Айчыны трэцяй ступені. "Сваімі яркімі перамогамі на сусветных чэмпіянатах Дар'я Домрачава праславіла Беларусь на ўвесь свет".
Паводле яго слоў, Беларусь багатая на таленты ў розных сферах дзейнасці. Сведчаннем таго з'яўляецца той факт, што ў ліку ўзнагароджаных вядомыя дзеячы культуры, педагогі, уважлівыя і чулыя работнікі сферы абслугоўвання насельніцтва.
"Для нашай Беларусі кожны з вас робіць вельмі шмат. Вы сваім прыкладам даказалі, што працавітасць, творчасць і настойлівасць абавязкова прывядуць да поспеху", — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
"Вы робіце вялікую справу, і мы абавязкова пераможам. Мы абавязкова выйграем у гэтай складанай барацьбе за існаванне нашай краіны як незалежнай суверэннай дзяржавы. Дзяржавы, якая будзе перш за ўсё служыць нашаму беларускаму народу, паколькі ён заслужыў права "людзьмі звацца" і жыць на сваім кавалку зямлі", — падкрэсліў Прэзідэнт.
Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.