Беларусь і Кітай маюць намер пашыраць супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай, палітычнай і гуманітарнай сферах

Источник материала:  

Беларусь і Кітай выйшлі на беспрэцэдэнтны ўзровень узаемнага даверу і падтрымкі ў двухбаковых адносінах. Аб гэтым 21 мая заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з намеснікам старшыні Пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Лу Юнсянам.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, за 20 гадоў з моманту ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Кітаем супрацоўніцтва дзвюх краін перайшло на якасна новы этап. Па выніках 2011 года аб'ём двухбаковага гандлю перасягнуў мяжу $3 млрд.

"Мы ганарымся, што Вялікі Кітай ужо шмат гадоў з'яўляецца стратэгічным партнёрам і верным саюзнікам Беларусі", — сказаў Аляксандр Лукашэнка, асабліва падкрэсліўшы, што ён шчыра рады вітаць на беларускай зямлі прадстаўнічую парламенцкую дэлегацыю Кітая.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што за апошнія гады дыялог Беларусі і Кітая на ўсіх узроўнях набыў стабільны і ўстойлівы характар. Важным складальнікам такога дыялогу з'яўляецца цеснае міжпарламенцкае ўзаемадзеянне. "Прыемна, што з кожнай новай сустрэчай наша супрацоўніцтва ва ўсіх сферах развіваецца ўсё больш дынамічна і вынікова", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, Беларусь высока ацэньвае дамоўленасці, дасягнутыя ў час візітаў намесніка старшыні КНР Сі Цзіньпіна і старшыні Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў У Банга.

"Без перабольшання магу канстатаваць, што мы выйшлі на беспрэцэдэнтны ўзровень узаемнага даверу і падтрымкі ў двухбаковых адносінах", — сказаў Аляксандр Лукашэнка, адзначыўшы, што ў гэтым ёсць вялікая асабістая заслуга старшыні КНР Ху Цзіньтаа.

Беларусь вельмі ўдзячна кітайскаму боку за садзейнічанне на міжнароднай арэне па ўсіх напрамках, якія закранаюць інтарэсы рэспублікі. "Мы ўдзячны за тое, што ў любую мінуту Кітай гатовы падставіць нам сваё сяброўскае плячо падтрымкі", — адзначыў Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што ў сваю чаргу Беларусь нязменна падтрымлівае Кітай у асабліва адчувальных сферах. "У нашых краін агульныя стратэгічныя задачы, прадыктаваныя падобным бачаннем галоўных сусветных праблем і шляхоў іх вырашэння. Мы вельмі высока цэнім трывалыя сувязі з вашай краінай, якая адыгрывае важную ролю ў забеспячэнні стабільнасці і бяспекі ў свеце. І з задавальненнем адзначаем рост міжнароднага аўтарытэту і ўплыву Кітая", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што апошнім часам Беларусь і Кітай рэалізуюць шматмільённыя інвестыцыйныя праекты. "Падпісаны буйныя кантракты ў энергетыцы, будаўніцтве, у сферы транспарту, сувязі, прамысловасці. І мы зацікаўлены ў далейшым нарошчванні палітычнага, гандлёвага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва, а таксама эфектыўным узаемадзеянні ў навуковай, ваенна-тэхнічнай і гуманітарнай сферах", — адзначыў Прэзідэнт.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, асноўныя намаганні дзвюх краін у далейшым неабходна сканцэнтраваць на высокатэхналагічных, навукаёмістых праектах, якія будуць садзейнічаць мадэрнізацыі эканомік і стварэнню высокатэхналагічных вытворчасцяў. У сувязі з гэтым Прэзідэнт Беларусі асабліва пазітыўна ацаніў падпісанне Пагаднення аб стварэнні беларуска-кітайскай камісіі па супрацоўніцтве ў галіне высокіх тэхналогій. "Прыярытэтнымі галінамі для нас павінны стаць сувязь, касмічныя тэхналогіі, біяфармацэўтыка, новыя матэрыялы, энергетыка, машына- і прыборабудаванне. Абазначаныя напрамкі — гэта інвестыцыі ў будучае і залог незалежнасці і працвітання нашых краін", — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

У сваю чаргу Лу Юнсян падзякаваў Прэзідэнту Беларусі за ўсебаковую ацэнку беларуска-кітайскага супрацоўніцтва, а таксама за яго асаблівую ўвагу да створанай камісіі па супрацоўніцтве ў галіне высокіх тэхналогій.

Ён адзначыў значную ролю кіраўніцтва Беларусі і Кітая ў развіцці двухбаковых адносін. "За 20 гадоў дыпадносін нашы двухбаковыя адносіны заўсёды развіваліся стабільна і ўстойліва, падтрымліваюцца цесныя кантакты на высокім і вышэйшым узроўнях, умацоўваецца палітычнае ўзаемадавер'е, — адзначыў кіраўнік кітайскай парламенцкай дэлегацыі. — Паспяхова функцыянуюць двухбаковыя механізмы па супрацоўніцтве ў гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай, ваеннай сферах. Актывізуецца гуманітарны абмен і міжрэгіянальнае супрацоўніцтва".

"Міжнародная абстаноўка перажывае складаныя і глыбокія перамены. Таму сёння асабліва важна кітайска-беларуская дружба і супрацоўніцтва", — падкрэсліў Лу Юнсян.

"Я з вамі абсалютна згодны. Міжнародная абстаноўка цяпер складаная, шмат у чым няпэўная. Тым не менш, мы павінны ўмацоўваць наша супрацоўніцтва і дружбу, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Вы павінны ведаць: мы не адступім ні на ёту ад тых напрамкаў, тых крокаў, аб якіх мы дамовіліся. Мы будзем цвёрда ісці курсам нашых дамоўленасцяў".

"У палітычнай сферы ў нас няма ніякіх рознагалоссяў. І ў гэтым напрамку мы будзем дзейнічаць, кансультавацца з вамі і выступаць з адзіных пазіцый", — сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падзякаваў кітайскаму боку за актыўнае эканамічнае супрацоўніцтва: "Ваша падтрымка, асабліва крэдытная, многіх напрамкаў развіцця нашай краіны беспрэцэдэнтная, і мы будзем аказваць усялякае садзейнічанне інвестарам з КНР, бізнэсменам, якія будуць працаваць у Беларусі".

←Экс-министр обороны станет послом Литвы в Беларуси

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика