Міхаіл Мясніковіч запрасіў бізнэсменаў ААЭ ўдзельнічаць у прыватызацыі ў Беларусі
Перспектывы гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж краінамі абмяркоўваліся ў час сустрэчы Міхаіла Мясніковіча з прэм'ер-міністрам, віцэ-прэзідэнтам, міністрам абароны Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў, правіцелем эмірата Дубай шэйхам Мухамедам бен Рашэдам аль-Мактумам, якая прайшла 21 лютага ў дварцы правіцеля эмірата Дубай "Заабіль".
У ходзе сустрэчы шэйху Мухамеду бен Рашэду аль-Мактуму перададзена прывітанне Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. "Адноўлена запрашэнне кіраўніка дзяржавы наведаць Беларусь з афіцыйным або прыватным візітам, — адзначылі ва ўрадзе. — Шэйх Мухамед з падзякай прыняў запрашэнне і пацвердзіў зацікаўленасць у наведванні Беларусі".
Асобна абмеркавана тэматыка прыватызацыйных працэсаў, да ўдзелу ў якіх былі запрошаны бізнэсмены ААЭ. Гэта ідэя знайшла падтрымку, і шэйхам дадзены даручэнні сфарміраваць групу экспертаў і прапрацаваць магчымыя напрамкі супрацоўніцтва з Беларуссю.
Істотны інтарэс эмірацкі бок праявіў да ўзаемадзеяння з беларускім бокам у навукова-тэхнічнай галіне. На разгляд эмірацкага боку, у прыватнасці, унесена прапанова аб стварэнні сумесных навукова-адукацыйных цэнтраў на тэрыторыі Беларусі і ААЭ для папулярызацыі навуковых распрацовак і іх наступнай камерцыялізацыі.
Бакі пацвердзілі актуальнасць і перспектыўнасць паступальнага ўмацавання ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і ААЭ. Па выніках сустрэчы дасягнута дамоўленасць аб наведванні Беларусі ў бліжэйшы час групай эмірацкіх экспертаў па профільных напрамках.
БЕЛТА.