"Ролю Канстытуцыйнага суда трэба павышаць"
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ролю Канстытуцыйнага суда паступова трэба павышаць. Такое меркаванне ён выказаў учора ў час сустрэчы са старшынёй Канстытуцыйнага суда Беларусі Пятром Міклашэвічам.
"У вас сканцэнтраваны самыя вопытныя і дасведчаныя людзі ў галіне права, — адзначыў Прэзідэнт. — Але Канстытуцыйны суд у нас усё ж такі не адыгрывае тую ролю, якую павінен адыгрываць. Мне здаецца, паступова, як мы калісьці дамаўляліся, ролю Канстытуцыйнага суда трэба павышаць".
"Мне хацелася б, каб вы не толькі выяўлялі і выкрывалі нейкія недахопы, але, павышаючы ролю Канстытуцыйнага суда, каб вы больш актыўна ўздзейнічалі на адпаведныя суб'екты нашага грамадскага жыцця ў плане канстытуцыйнасці іх дзеянняў, у плане навядзення парадку ў сферы прававых адносін. Гэта вельмі важна", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка выказаў жаданне, каб КС больш актыўна ўдзельнічаў у рабоце міжнародных арганізацый.
Як адзначыў Пётр Міклашэвіч, у чэрвені 2008 года дэкрэтам Прэзідэнта былі пашыраны паўнамоцтвы Канстытуцыйнага суда з прадастаўленнем яму права правяраць канстытуцыйнасць законаў, прынятых Нацыянальным сходам, да іх падпісання Прэзідэнтам. "Такімі шырокімі паўнамоцтвамі не валодае ніводны канстытуцыйны суд у Еўропе", — падкрэсліў Пётр Міклашэвіч.
За мінулы перыяд КС праведзена значная работа ў гэтым напрамку. Праверана 444 законы, прынятыя парламентам. Усе законы прызнаны адпаведнымі Канстытуцыі.
Прэзідэнт праінфармаваны таксама аб тым, што ў мінулым годзе Канстытуцыйным судом было прынята рашэнне аб ацэнцы адпаведнасці закона карткі паляка міжнародным нормам і прынцыпам. Па выніках ацэнкі былі ўнесены змяненні ў закон аб дзяржаўнай службе і аб грамадскіх аб'яднаннях у частцы наяўнасці карткі паляка ў дзяржаўных служачых.
Што датычыцца практыкі прымянення тых або іншых нарматыўна-прававых актаў, то, як адзначыў Пётр Міклашэвіч, у краіне ўжо выпрацаваны пэўны механізм ускоснага доступу грамадзян да канстытуцыйнага правасуддзя праз упаўнаважаных суб'ектаў — урад, Палату прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі, Вярхоўны суд, Вышэйшы гаспадарчы суд і Прэзідэнта.
На сустрэчы было выказана меркаванне аб магчымым вяртанні ў бліжэйшы час да пытання стварэння інстытута ўпаўнаважанага па правах чалавека.
Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.