Дружба, якой можна ганарыцца

Источник материала:  

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Старшыню Кітайскай Народнай Рэспублікі Ху Цзіньтаа і кітайскі народ з 20-годдзем устанаўлення беларуска-кітайскіх дыпламатычных адносін.

"Умацаванне шматпланавых сувязяў з вялікім Кітаем з'яўляецца адным з прыярытэтных кірункаў знешняй палітыкі беларускай дзяржавы, — падкрэсліў прэзідэнт. — На фундаменце традыцыйнай дружбы нашых народаў за мінулыя два дзесяцігоддзі мы выбудавалі цеснае стратэгічнае партнёрства".

У віншаванні гаворыцца, што ў Беларусі задаволены беспрэцэдэнтным ростам узаемнага гандлю, які за мінулыя гады павялічыўся ў дзясяткі разоў — з $34 млн у 1992 годзе да $3 млрд па выніках 2011 года. Нашы краіны прыступілі да практычнай рэалізацыі маштабных інвестыцыйных праектаў, уключаючы стварэнне сумесных прадпрыемстваў у Кітаі і Беларусі, запусцілі механізмы крэдытнага і міжбанкаўскага супрацоўніцтва.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што беларуска-кітайскае плённае ўзаемадзеянне ў галіне культуры, навукі, адукацыі пашыраецца з кожным годам, прыносячы значныя вынікі.

Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што патэнцыял беларуска-кітайскага супрацоўніцтва далёка не вычарпаны. Вялікія перспектывы маюцца ў развіцці крэдытна-інвестыцыйных сувязяў і прамых кантактаў паміж рэгіёнамі і прадпрыемствамі дзвюх краін.

"Мы ганарымся тым, што ў нашых дзяржаў склаліся сапраўды брацкія адносіны, у якіх цудоўная будучыня, бо ў іх аснове ляжаць прынцыпы ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, павагі і раўнапраўя. Спадзяюся, што дзякуючы далейшай актывізацыі сяброўскага дыялогу на вышэйшым і высокім узроўнях беларуска-кітайскія сувязі стануць узорам адносін паміж дзяржавамі ў ХХІ стагоддзі", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Старшыня КНР Ху Цзіньтаа таксама павіншаваў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнку і беларускі народ з юбілеем дыпламатычных адносін.

У віншаванні гаворыцца, што на працягу 20 гадоў супрацоўніцтва паміж Кітаем і Беларуссю бесперапынна, стабільна і эфектыўна развіваецца. У 2005 годзе лідары дзяржаў аб'явілі, што адносіны дзвюх краін уступілі ў новы этап усебаковага развіцця і стратэгічнага партнёрства.

"Практыка сведчыць, што Кітай і Беларусь — сябры, якія давяраюць адзін аднаму, шчырыя і надзейныя партнёры. Двухбаковыя сувязі развіваюцца з улікам узаемных інтарэсаў абедзвюх краін і адыгрываюць важную ролю ў падтрыманні міру і стабільнасці ў рэгіёне і ва ўсім свеце", — заявіў Ху Цзіньтаа.

Старшыня КНР адзначыў: "У цяперашні час паміж Кітаем і Беларуссю — самы лепшы перыяд узаемадзеяння. 20-гадовы юбілей адкрывае новыя магчымасці і шырокія перспектывы. Я маю намер разам з вамі прыкладаць намаганні для павышэння ўзроўню двухбаковых сувязяў, усебаковага прасоўвання ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва на карысць народаў дзвюх краін".

Кіраўнік Кітайскай Народнай Рэспублікі пажадаў Рэспубліцы Беларусь працвітання і магутнасці, а яе народу — шчасця.

Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Дружба, якой можна ганарыцца

Як паведамляла "Звязда", днямі Прэзідэнт Беларусі даў інтэрв'ю вядучым кітайскім СМІ. З нагоды 20-годдзя беларуска-кітайскіх дыпламатычных адносін свае пытанні Аляксандру Лукашэнку змаглі задаць прадстаўнікі інфармацыйнага агенцтва "Сіньхуа", Цэнтральнага тэлебачання (ССТV), газеты "Жэньмінь жыбао", Міжнароднага радыё КНР. Сталі вядомыя падрабязнасці той гутаркі.   Кіраўнік беларускай дзяржавы лічыць, што неабходна рэагаваць на змяненні міжнароднай сітуацыі. "Таму мы сёння вывучаем пэўныя тэндэнцыі ў свеце. І, вядома ж, мы і прыстасоўвацца будзем, і мадэрнізаваць нашу палітычную сістэму. Правядзём парламенцкія выбары. І думаю, што нам трэба звярнуць сур'ёзную ўвагу на палітычную рэформу, або рэформу палітычнай сістэмы нашай краіны, — адзначыў Прэзідэнт. — Мы на гэта пойдзем, хоць у нас катастрофы ў гэтым плане няма. Але трэба заўсёды быць на крок наперадзе тых працэсаў, якія будуць у нас адбывацца. Я аб гэтым упершыню гавару, але абдумваў даўно гэта пытанне, абмяркоўваў гэтыя праблемы. І мы паціху будзем у гэтым напрамку рухацца".

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "Галоўнае — захаваць стабільнасць, даць магчымасць чалавеку нармальна жыць і выказваць сваё меркаванне. Галоўнае — чалавеку даць магчымасць захаваць яго асноўныя правы, на якія ён прэтэндуе і мае права іх мець".

Прэзідэнт Беларусі заявіў аб магчымай у бліжэйшы час сустрэчы з кітайскім кіраўніцтвам, падчас якой трэба будзе абмеркаваць шырокі спектр пытанняў.

Кіраўнік дзяржавы выказаў удзячнасць кітайскаму боку за эфектыўнае ўзаемадзеянне па ўсіх пытаннях. Прэзідэнт таксама сказаў, што Беларусь ганарыцца дружбай з такой магутнай і дынамічнай дзяржавай, як Кітай. Бакі абменьваюцца вопытам па многіх тэмах.

"Калі Кітайская Народная Рэспубліка нам у сім-тым падкажа, мы будзем вельмі ўдзячны. Ды і падкажа, таму што ў бліжэйшы час, я думаю, мы сустрэнемся і параімся з кітайскім кіраўніцтвам па многіх міжнародных праблемах", — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным нарошчваць тэмпы беларуска-кітайскага супрацоўніцтва.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь і Кітай ведаюць, у якім напрамку далей рухацца. Разам з тым ён выказаў меркаванне, што "нам не хапае тэмпаў развіцця адносін".

Закрануўшы тэму Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку, ён сказаў, што трэба таксама хутчэй рэалізоўваць гэты праект, не марудзіць.

Кітайскія журналісты цікавіліся, чаго не хапае ва ўзаемаадносінах Беларусі і Кітая. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ніякіх праблем не існуе. "У нас няма ніякіх праблем. Я не магу нават сказаць аб нейкіх праблемах, якія маглі б быць. І кітайскія людзі, і кіраўнікі, яны вельмі-вельмі спагадлівыя. Пачынаючы ад чарнобыльскай праблемы і заканчваючы крэдытнымі рэсурсамі — калі нам трэба, яны заўсёды ідуць насустрач, дапамагаюць, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Таму мне цяжка нават сказаць, што мы дзесьці ў чымсьці адстаём".

"Вось патрэбна нам была кансультацыя — лепшыя спецыялісты па фінансавых праблемах прыехалі. Гэта значыць, Кітай адклікаецца на ўсе нашы просьбы ў той жа час, як і мы. З задавальненнем едуць кітайцы да нас вучыцца, і спецыялістаў мы рыхтуем добрых. Гэта значыць, у нас няма ніякіх праблем. Адзін званок, сігнал — і мы рэагуем гэтак жа, як і Кітай рэагуе. Але цяпер трэба хутчэй, значна хутчэй рабіць гэта ўсё", — сказаў Прэзідэнт.

Беларусь не супраць перадаць Кітаю будаўніцтва "Мінск-Сіці".

"Мы пачалі будаўніцтва "Мінск-Сіці", заявілі аб гэтым будаўніцтве. Мы вельмі былі б зацікаўлены, каб "Мінск-Сіці", вось так, як у Пекіне вы пабудавалі (гэта будзе, вядома, не такая вялікая будоўля), каб кітайцы прыехалі і дапамаглі нам пабудаваць", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён прадоўжыў: "Няхай Кітай будуе і фінансуе, і прадае потым гэтыя плошчы, мы не супраць перадаць вам гэтую будоўлю, сумесна з іншымі кампаніямі — дзяржаўнымі, прыватнымі і гэтак далей".

Аляксандр Лукашэнка лічыць увядзенне адзінай валюты ў АЭП пытаннем доўгатэрміновай перспектывы.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што тэма перспектыў валютнага рэгулявання не абмяркоўвалася на вышэйшым узроўні. "Мы яшчэ гэтыя пытанні не абмяркоўвалі. Мы не выключаем, што можа быць адзіная валюта. Але гэта павінна быць новая валюта, як у Еўрапейскім саюзе, нейкае "еўра", але ні тэнге, ні беларускі рубель, ні расійскі, а штосьці ў плане адзінай валюты. У першым набліжэнні, калі мы абмяркоўвалі гэта пытанне, мы аб гэтым гаварылі. І расіяне, і казахі, і мы сыходзімся на тым, што гэта нармальна", — падкрэсліў Прэзідэнт.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "Але гэта апошняя стадыя нашых перагавораў і нашага руху да больш цеснага Еўразійскага саюза. Мы яшчэ пакуль да гэтага не дайшлі, для гэтага гады спатрэбяцца".

АЭП адкрывае новыя магчымасці для пашырэння гандлю паміж Беларуссю і Кітаем.

"Гэта сапраўды новыя магчымасці для пашырэння тавараабароту паміж Кітайскай Народнай Рэспублікай і ў цэлым з Адзінай эканамічнай прасторай, у якую ўваходзяць тры дзяржавы — Казахстан, Беларусь і Расія", — сказаў Прэзідэнт.

Адказваючы на пытанне, ці не стане на нейкім этапе Кітай канкурэнтам для АЭП, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "Так, вядома ж, канкурэнцыя ёсць, яна была і будзе. Кітай вельмі рухомы ў гэтым плане, вельмі агрэсіўны ў пашырэнні сваіх тавараў. Таму, зразумела, будзе канкурэнцыя, але разумныя людзі знойдуць кампраміс. Што датычыцца беларусаў, вы можаце на нас разлічваць у рабоце ў Адзінай эканамічнай прасторы. Таму Кітаю ніяк не трэба баяцца Адзінай эканамічнай прасторы".

Прэзідэнт падкрэсліў, што Кітай даўно актыўна і паспяхова гандлюе з усімі краінамі АЭП — Беларуссю, Расіяй, Казахстанам. "Цяпер тут адзіныя правілы: калі вы прыходзіце ў Беларусь — лічыце, што вы прыйшлі ў Казахстан, лічыце, што вы прыйшлі ў Расію. Калі "Мідэа-Гарызонт" сёння вырабляе ЗВЧ-печы, пыласосы, вы свабодна можаце прадаваць тавары сумеснага прадпрыемства на гэтым вось рынку са 170-мільённым насельніцтвам. Гэта вялікі рынак, вельмі ёмісты", — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Адказваючы на пытанне аб планах далейшага развіцця Беларусі, Прэзідэнт адзначыў, што для нас важны эканамічны рост: "Што датычыцца эканомікі, то мы не можам паскардзіцца на тэмпы росту. Вядома, спад усё ж такі быў, але мы ўтрымаліся разам з Кітайскай Народнай Рэспублікай у гэтым плане. Таму мы дакладна вызначылі — для нас вельмі важны гэты рост. Беларуская эканоміка падобная на кітайскую ў тым плане, што і ў вас, і ў нас не хапае ўласных энерганосьбітаў. Калі б у Кітаі былі свае энерганосьбіты, як у Расіі, дапусцім, то ўжо Кітай дыктаваў бы свае ўмовы ўсяму свету, эканамічныя ўмовы, і быў бы супердзяржавай яшчэ большай, чым Амерыка. Але вам даводзіцца закупляць усё. Але ў адрозненне ад нас, закупляючы шмат па імпарце, вы вельмі шмат экспартуеце, і ў вас дадатны гандлёвы баланс".

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў 2011 годзе Беларусь выйшла на дадатны баланс, у гэтым годзе такі ж працэс назіраецца. Аляксандр Лукашэнка выказаў словы ўдзячнасці за тое, што кітайскія банкаўскія спецыялісты ў цяжкі для нашай краіны перыяд вельмі дапамаглі са сваімі рэкамендацыямі.

Візіт старшыні Пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў У Банга ў Беларусь у 2011 годзе садзейнічаў значнай актывізацыі двухбаковага супрацоўніцтва.

На думку кіраўніка дзяржавы, гэта быў знакавы візіт. У час перагавораў з У Банга было абмеркавана шмат важных тэм беларуска-кітайскага супрацоўніцтва. Аляксандр Лукашэнка прапанаваў Кітаю больш актыўна развіваць сувязі з Беларуссю.

Прэзідэнт адзначыў важнасць дасягнутай дамоўленасці аб будаўніцтве ў Беларусі Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку. Кітай мадэрнізуе беларускія энергетычныя аб'екты, ЦЭЦ, гатовы фінансаваць будаўніцтва гідраэлектрастанцый, канстатаваў Прэзідэнт.

"Кітай гатовы будаваць тут прадпрыемствы. Вось і апошняя дамоўленасць — аб выпуску ў нас легкавых аўтамабіляў. Кітай мае магчымасць тут гандляваць не толькі ў Адзінай эканамічнай прасторы, але і ва ўсёй Еўропе. Навошта з Кітая везці — калі ласка, мы вам прадстаўляем тут умовы не горшыя, чым у Кітаі для вашых вытворцаў", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Размова ідзе таксама аб будаўніцтве ў Беларусі гандлёва-лагістычных, транспартна-лагістычных цэнтраў, мадэрнізацыі Нацыянальнага аэрапорта, узвядзенні жылля з удзелам кітайскіх крэдытаў і кітайскіх спецыялістаў. Беларусь і Кітай ствараюць сумесныя прадпрыемствы па вытворчасці трактароў, гатовыя адкрыць прадпрыемствы па выпуску аўтобусаў, аўтамабіляў.

Прэзідэнт адзначыў, што стала больш актыўна працаваць сумеснае прадпрыемства "Мідэа-Гарызонт" па выпуску бытавой тэхнікі.

"Ідзе ўзаемны працэс: мы там ствараем прадпрыемствы, а Кітайская Народная Рэспубліка тут. І ў нас няма закрытых тэм — пачынаючы ад продажу ў вас калійных угнаенняў і да стварэння касмічнага спадарожніка для Кітая. Спектр вялікі. Па ўсіх напрамках мы ўжо ведаем, як рабіць і што рабіць. Мы ні з адной краінай так хутка не рухаемся наперад у нашых адносінах, як з Кітайскай Народнай Рэспублікай", — адзначыў Прэзідэнт.

Калісьці, у 2000 годзе, Беларусь і Кітай імкнуліся да тавараабароту $500 млн. А ў мінулым годзе беларуска-кітайскі тавараабарот дасягнуў $3 млрд. "Гэта вялікая перамога, асабліва для нас, таму што кітайскі рынак забіты прапанаваннямі, вельмі цяжка туды трапіць. Вядучыя кампаніі свету супрацоўнічаюць з кітайцамі і будуюць свае прадпрыемствы. Але дзякуючы таму, што ў нас стратэгічны ўзровень супрацоўніцтва, нам удаецца замацавацца на вашым рынку і там працаваць", — адзначыў кіраўнік дзяржавы, адказваючы на пытанні кітайскіх журналістаў.

Ён яшчэ раз падкрэсліў, што пасля візіту У Банга пачаўся больш інтэнсіўны працэс супрацоўніцтва па ўсіх напрамках — крэдытнага фінансавання, прыходу на беларускі рынак многіх кітайскіх кампаній.

Прэзідэнт асабліва адзначыў, што стала больш актыўна працаваць беларуска-кітайская міжурадавая камісія па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Гэту камісію з беларускага боку ўзначальвае былы пасол Беларусі ў Кітаі, а цяпер віцэ-прэм'ер Анатоль Тозік, якога ў Кітаі вельмі паважаюць, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі лічыць магчымым прадухіленне другой хвалі сусветнага крызісу, калі будзе жаданне ва ўсіх сусветных ігракоў змагацца з ім.

"Калі ж і Кітайская Народная Рэспубліка, і СМІ Кітая пачалі аб гэтым гаварыць, то гэта сур'ёзна. Магчыма, менш небяспечна для Кітая, хоць таксама небяспечна — эканоміка разагрэта, тэмпы шалёныя, насельніцтва вялікае, людзей карміць трэба. Гэта, зразумела, вельмі важна і небяспечна для любой дзяржавы, а тым больш для такой гіганцкай, з такой інерцыяй, як Кітайская Народная Рэспубліка. Для ўсіх гэта небяспечна", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

"І паглядзіце, што адбываецца нават у Амерыцы. Вось яны неяк дыстанцыруюцца ад Еўропы. Відаць, перадвыбарная кампанія пачалася, і яны неяк прыхарошваюць рэчаіснасць, але ж мы бачым — "Захапілі Уол-стрыт" і іншае, дэманстрацыі, маніфестацыі, абвал нядаўні. Крызіс і абвал пачаўся з Амерыкі, там гэтыя працэсы яшчэ тлеюць, яны не ліквідаваны. Паглядзіце, які дзяржаўны доўг ЗША. Гэта ж інфляцыя долара па ўсім свеце. І вельмі не выгадна, перш за ўсё, Кітаю, таму што ў вас і каштоўных папер амерыканскіх куплена нямала, і ў вас золатавалютныя рэзервы вышэйшыя за трыльён. У вас долараў гэтых мора і вам хацелася б, зразумела, каб долар быў стабільным. І ў той жа час вы можаце абваліць гэты долар, але, напэўна, гэта не патрэбна, бо вы маглі гэта зрабіць у мінулы крызіс, але, малайцы, захавалі планету ад развалу", — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што відавочныя праяўленні крызісу: "І ўжо кіраўнік МВФ гаворыць аб тым, што гэта будзе крызіс, і што гэта можа скончыцца больш страшнай дыпрэсіяй, чым у трыццатыя гады мінулага стагоддзя. Гэта значыць сімптомы гэтага крызісу відавочныя — і спад вытворчасці ў вядучых эканоміках свету".

Разам з тым Прэзідэнт выказаў меркаванне, што крызіс можна прадухіліць. "На цяперашнім этапе з крызісам справіцца можна, калі будзе жаданне ва ўсіх сусветных ігракоў змагацца з гэтым крызісам. Мы не прайшлі пункт незвароту, мы яшчэ не ўлезлі ў гэтыя крызісныя з'явы па вушы. Таму сёння трэба крызіс прадухіліць. І Кітайская Народная Рэспубліка тут павінна сыграць разам з амерыканцамі вядучую ролю", — падкрэсліў беларускі лідар.

Адказваючы на пытанне адносна таго, як зменіцца, на думку Прэзідэнта, абстаноўка сусветнай бяспекі ў гэтым годзе, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Хацелася б, каб былі змяненні да лепшага. Але ёсць вельмі негатыўны зачын з мінулага года, які мы назіраем у гэтым годзе. Вельмі нестабільна на арабскай дузе. Вы бачыце, што адбываецца з Сірыяй (там відавочны і замежныя ўмяшанні). Калі б не Кітай і Расія, то Сірыю ўжо, напэўна, даўно раздавілі б".

Пры гэтым ён падкрэсліў: "Ні Кітаю, ні Расіі, ні іншым краінам, якія хочуць жыць у міры і дружбе, гэта дэстабілізацыя не патрэбна. Вы бачыце, што адбываецца ў краінах арабскага ўсходу, дзе перамаглі так званыя дэмакратычныя рэвалюцыі. Там лепш не стала. Да ўлады прыходзяць не тыя сілы, на якія нехта разлічваў. Але трэба было гэтага чакаць. Тое ж самае можа і з Сірыяй адбыцца. Паглядзіце, што адбываецца вакол Ірана... Але калі рване там, дзе 40 працэнтаў сусветнай нафты здабываюць, гэта будзе вельмі цяжка для ўсёй планеты, эканамічны крызіс тады непазбежны. І ён прывядзе да моцных сацыяльных узрушэнняў. Магчымы і канфлікты ў іншых частках планеты. Нават у Еўрасаюзе, у Еўропе, паглядзіце, як абвастрыліся адносіны. Гэта значыць тыя тэндэнцыі, якія былі скрытыя, нябачныя, цяпер яны пачалі праяўляцца".

Прэзідэнт адзначыў, што ў Беларусі шмат цікавых для замежных турыстаў аб'ектаў. "Мы хацелі б больш бачыць тут кітайцаў. Багатых людзей у вас, напэўна, ужо больш, чым у Амерыцы, няхай не мільярдэраў, як у іх, але даволі багатых людзей, якія могуць сабе дазволіць прыехаць, паглядзець, адпачыць у Беларусі", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён лічыць, што народы дзвюх краін павінны больш знаёміцца з культурай і традыцыямі адзін аднаго. У Беларусі гатовы садзейнічаць таму, каб прадстаўнікі Кітая вывучалі беларускую гісторыю, культуру, прыроду. "Мы павінны прадстаўляць сваю культуру, арганізоўваць Дні культуры. Наша мастацтва, наш балет, оперу трэба туды везці паказваць, трэба і эстраду, хоць Кітай істотна рушыў наперад у гэтым напрамку", — падкрэсліў Прэзідэнт.

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы адзначыў: "Мы гатовы зрабіць усё для таго, каб кітайскі народ больш даведаўся аб Беларусі. Ведаеце, я задумваюся над гэтым пытаннем, калі прылятаю ў Кітай. Думаю: гэта амаль паўтара мільярда чалавек, а як зрабіць, каб больш людзей даведаліся аб нашай краіне? Так, палітыкі ведаюць, бізнэсмены, якія ў чымсьці зацікаўлены, але ў Кітаі столькі іншых напрамкаў, магутных напрамкаў...".

Аляксандр Лукашэнка сказаў, што для актывізацыі кантактаў трэба адкрываць прамыя авіярэйсы.

Разам з тым Прэзідэнт заўважыў, што ўсё ж такі галоўнае ў супрацоўніцтве — эканоміка. Паколькі калі будуць вельмі шырокія эканамічныя адносіны, значыць, у геаметрычнай прагрэсіі будзе павялічвацца цікавасць кітайскіх людзей да Беларусі. Культура — не аснова адносін, гэта ўжо вынік эканамічных і гандлёвых адносін.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка сказаў аб значнасці развіцця спартыўных сувязяў з Кітаем. На яго думку, спорт — гэта вялікая дыпламатыя.

У сувязі з надыходзячым новым годам па кітайскім календары, які з'яўляецца годам дракона, журналісты спыталі, што Прэзідэнт пажадаў бы кітайскаму народу. Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "Не дарэмна, напэўна, дракон стаў сімвалам Кітая. У вас ёсць усё, што сімвалізуе дракон. І мудрасці, і шчасця, і грошай у вас сёння хапае, і нармальна краіна развіваецца. Я вам жадаю цішыні і стабільнасці, каб у вас было ціха, спакойна, ніякіх канфліктаў, ніякіх войнаў. Вось такое спакойнае развіццё прывядзе нашых сяброў, Кітайскую Народную Рэспубліку, на першыя пазіцыі ў свеце".

Паводле паведамленняў прэс-службы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і БЕЛТА.

←ЛДП выставит на парламентские выборы 110 кандидатов

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика