Дзеці першых двух гадоў жыцця будуць бясплатна забяспечвацца прадуктамі харчавання
Распрацаваны праект указа, накіраванага на ўдасканаленне механізму дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі (ДАСД), які ўтрымлівае гэтую меру.
Як паведамілі нам ва ўпраўленні народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, на дзяржаўную адрасную сацыяльную дапамогу ў выглядзе бясплатнага забеспячэння прадуктамі харчавання дзяцей першых двух гадоў жыцця будуць мець права сем'і, сярэднедушавы даход якіх ніжэй за крытэрый наяўнасці патрэбы (такім з'яўляецца бюджэт пражытковага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва — БПМ). Сярэднедушавы даход сям'і будзе вызначацца, зыходзячы з даходаў, атрыманых членамі сям'і на працягу 12 месяцаў, якія папярэднічаюць месяцу звароту па дзяржаўную падтрымку ў такой форме.
Пры нараджэнні двайнят і больш дзяцей права на бясплатнае харчаванне плануецца прадастаўляць сем'ям без уліку ўзроўню даходаў (цяпер на гэта маюць права сем'і пры нараджэнні трайнят і больш дзяцей). Мяркуецца, што такія меры стануць істотнай падтрымкай для бюджэту сем'яў, якія маюць малалетніх дзяцей.
Святлана Бусько.