Дзеці не павінны быць абдзелены цеплынёй і клопатам
Такое меркаванне выказаў учора кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Уладзімір Макей, наведваючы ў рамках акцыі "Нашы дзеці" неўралагічнае аддзяленне 3-й гарадской дзіцячай клінічнай бальніцы г. Мінска.
"Сёння па ўсёй краіне праходзіць акцыя "Нашы дзеці", і я хацеў бы разам з Дзедам Марозам, Снягуркай падарыць вам падарункі. Гэта не нейкая разавая акцыя. Упэўнены, што такія мерапрыемствы будуць праводзіцца часта. Наша задача ў тым, каб усе дзеці -- няважна, знаходзяцца яны разам з бацькамі або без іх, у дзіцячым доме, бальніцы ці ў сям'і -- не былі абдзелены цеплынёй", -- адзначыў Уладзімір Макей.
Ён ад імя Прэзідэнта ўручыў хлопчыкам і дзяўчынкам падарункавыя сундучкі з ласункамі, павіншаваў усіх са святам і пажадаў здароўя, удачы, поспехаў і верных сяброў, добрага настрою, падзяліўся сваімі ўспамінамі з дзяцінства. Для дзетвары адбыўся навагодні паказ, хлопчыкі і дзяўчынкі вадзілі карагоды вакол навагодняй ёлкі, гулялі ў гульні.
БЕЛТА.