Выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі плануюцца на верасень 2012 года
Пра гэта паведаміла журналістам старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, якая прымала ўдзел у пасяджэнні сесіі Савета Рэспублікі, перадае БЕЛТА.
"Паўнамоцтвы дзейнага парламента заканчваюцца 25 кастрычніка, значыць, выбары павінны прайсці не пазней чым 25 верасня. Плануецца, што кампанія будзе вераснёўская і пачнецца яна ў чэрвені", — адзначыла старшыня ЦВК.
Лідзія Ярмошына адзначыла, што наступны год для яе і Цэнтральнай выбарчай камісіі будзе вельмі складаным. "Выбарчая кампанія ў парламент — самая складаная, яна больш насычаная, чым прэзідэнцкая. Можа, таму, што спрэчак і скаргаў з боку кандыдатаў больш, чым, напрыклад, падчас выбараў прэзідэнта", — сказала яна.
Паводле яе слоў, гарантыяй сумленных выбараў з'яўляецца сумленнасць і прыстойнасць работы выбарчых камісій. "Я веру ў іх патэнцыял, у мяне няма ніякіх падстаў у іх сумнявацца", — падкрэсліла старшыня ЦВК.