Беларусь поўнасцю забяспечыла сябе асноўнымі відамі прадуктаў харчавання
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць немэтазгодным прыватызаваць прадпрыемствы харчовай галіны. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў у Барысаве, наведваючы Барысаўскі камбінат хлебапрадуктаў.
"Ніякай прыватызацыі. Ні ў якім выпадку бяспеку (харчовую. — Заўвага БЕЛТА) людзей нельга аддаваць у чужыя рукі. Гэта ў крайнім выпадку. Якая тут можа быць прыватызацыя?!" — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Адносна арганізацый хлебапрадуктаў кіраўнік дзяржавы адзначыў, што калі хлеб усяму галава, то яе трэба трымаць у дзяржаўных руках. Ён падкрэсліў, што ў краіне была праведзена мадэрнізацыя камбінатаў па вытворчасці хлебапрадуктаў, арганізацый малочнай і мясной галіны. У гэта былі ўкладзены значныя дзяржаўныя сродкі. "Навошта нам сёння прадаваць тое, што працуе, прыносіць прыбытак?" — задаў рытарычнае пытанне Прэзідэнт.
"Пры гэтым трэба мець на ўвазе, што калі іншаземец сюды прыедзе, то ён вывезе прыбытак. Ён нам не рэінвесціруе гэты прыбытак. А так гэты прыбытак застанецца ў дзяржаве, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Мы гэта прайшлі ўжо, калі нам абяцалі залатыя горы. Трэба спакойна развівацца самім. Нас ніхто цяпер не гоніць, і нам не трэба некуды бегчы. Таму бяздумнай прыватызацыі ў нас не было і не будзе".
Разам з тым Прэзідэнт не выключыў магчымасць работы ў гэтай сферы прыватных інвестараў, калі яны ствараюць новыя запатрабаваныя вытворчасці, рабочыя месцы. "Мы сыравінай дапаможам і іншым, калі ён стварыў гэту вытворчасць", — дадаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка патрабуе ў лістападзе-снежні спыніць шалёнае цэнаўтварэнне на прадукты харчавання. "Стратэгія такая, што гэта шалёнае цэнаўтварэнне да снежня трэба спыніць".
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, часткова праблема з ростам цэн заключаецца ў тым, што ў Беларусі практычна няма антыманапольнага заканадаўства, а таму прадаўцы часам могуць беспакарана дамаўляцца аб кошце таго ці іншага тавару. "За гэта на Захадзе імгненна адкручваюць галаву, а ў нас усё гэта магчыма. Вось адкуль усё гэта цэнаўтварэнне".
"Таму ўсё, разбой скончыўся. З чым мы да новага года прыйдзем? Усё гэта ў лістападзе-снежні мы павінны зачысціць. Трэба ўсё ж на людзей глядзець больш. Вядома, людзі павінны варушыцца, працаваць, але і нельга людзей кожны дзень забіваць гэтымі цэнамі", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама адзначыў, што на спажывецкім рынку станоўчую ролю адыграла правядзенне сезонных кірмашоў, дзе можна было купіць сельскагаспадарчую прадукцыю па цэнах вытворцаў.
Аляксандр Лукашэнка чакае зніжэння цэн на пастаўляемыя з Расіі энергарэсурсы ў 2012 годзе. "Я пакуль не гавару аб гэтым. Мы скажам з Дзмітрыем Мядзведзевым у бліжэйшы час, але цана ўжо і на прыродны газ будзе іншая, думаю, што і на нафту", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. "Гэта не значыць, што мы абвалім цану на нафту, на газ. Гэта мы ўсё збяром, накіруем у бюджэт для таго, каб падтрымаць людзей, у тым ліку пенсіянераў. Але замарожвацца нам трэба на гэтых цэнах".
Аграрыі Беларусі завяршылі ўсе палявыя работы. Па выніках уборачнай кампаніі краіна ў дастатковай колькасці забяспечыла сябе асноўнымі відамі прадуктаў харчавання, далажыў кіраўніку дзяржавы міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Міхаіл Русы. Кіраўнік дзяржавы актыўна цікавіўся станам спраў у малочнай і мясной галінах. Як далажыў міністр, і тут па ўсіх напрамках адзначаецца прырост вытворчасці. Беларусь у 2012 годзе паставіць у Расію 3,7 млн тон малочнай прадукцыі ў пераліку на малако і 220-280 тыс. тон цукру. Адпаведныя аб'ёмы паставак узгадняюцца з расійскім бокам, адзначыў Міхаіл Русы.
Паводле паведамленняў прэс-службы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і БЕЛТА.