Аляксандр Лукашэнка прыбыў з афіцыйным візітам у Таджыкістан
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка прыбыў з афіцыйным візітам у Рэспубліку Таджыкістан.
У ходзе візіту пройдуць перагаворы кіраўніка беларускай дзяржавы з Прэзідэнтам Таджыкістана Эмамалі Рахмонам у вузкім і пашыраным складах, на якіх плануецца абмеркаваць шырокі спектр пытанняў па далейшым развіцці ўзаемавыгаднага беларуска-таджыкскага супрацоўніцтва. Па выніках перагавораў запланавана падпісанне шэрагу двухбаковых дакументаў, у тым ліку ў такіх сферах, як гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, культура і мастацтва, моладзевая палітыка, папярэджанне надзвычайных сітуацый. Акрамя таго, плануецца, што Прэзідэнт Беларусі наведае парламент Таджыкістана, аб'екты прамысловасці і сацыякультурнай сферы.
У ходзе візіту Аляксандра Лукашэнку суправаджае прадстаўнічая беларуская дэлегацыя, члены якой правядуць перагаворы з таджыкскімі калегамі аб перспектывах развіцця міжгаліновага ўзаемадзеяння.
Папярэдні афіцыйны візіт Прэзідэнта Беларусі ў Таджыкістан адбыўся ў красавіку 2000 года. У ліпені 2001 года Эмамалі Рахмон наведаў Беларусь з візітам у адказ. Кіраўнікі дзяржаў таксама рэгулярна сустракаюцца ў рамках розных міжнародных форумаў.
На міжнароднай арэне супрацоўніцтва Беларусі і Таджыкістана мае канструктыўны характар. Па выніках 2010 года тавараабарот Беларусі з Таджыкістанам склаў $47,6 млн, павялічыўшыся на 4,2 працэнта ў параўнанні з 2009 годам. Паводле даных за студзень—жнівень 2011 года тавараабарот узрос больш як на 84 працэнты. Аснову экспарту Беларусі ў Таджыкістан у гэтым годзе склалі цукар, трактары, фтарыды, прадукцыя дрэваапрацоўкі, мэбля, лекавыя сродкі.