Стыпендыі будуць прывязаны да тарыфнай стаўкі першага разраду
Памеры стыпендый у Беларусі будуць прывязаны да тарыфнай стаўкі першага разраду. Гэта прадугледжана ўказам № 398 "Аб сацыяльнай падтрымцы навучэнцаў", які 6 верасня падпісаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
Указ прыняты ў мэтах павышэння сацыяльнай абароненасці навучэнцаў і студэнтаў, а таксама якасці падрыхтоўкі навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі, эфектыўнасці іх навукова-даследчай дзейнасці.
У адпаведнасці з дакументам, усе віды стыпендый устанаўліваюцца ў памерах, кратных тарыфнай стаўцы першага разраду. Такі падыход дасць магчымасць спрасціць парадак вылічэння стыпендый і будзе садзейнічаць іх аператыўнаму пераразліку. У мэтах недапушчэння зніжэння памераў стыпендый, назначаных да ўступлення ў сілу ўказа, прадугледжана іх захаванне да чарговага змянення тарыфнай стаўкі першага разраду. Указам таксама павышаюцца памеры стыпендый асобным катэгорыям навучэнцаў. Памер вучэбнай стыпендыі магістрантам устанаўліваецца на ўзроўні стыпендыі, што назначаецца студэнтам-выдатнікам, якія асвойваюць змест адукацыйнай праграмы І ступені вышэйшай адукацыі.
Упарадкаваны пералік асоб, якія маюць права на назначэнне сацыяльнай стыпендыі пры асваенні зместу адукацыйнай праграмы падрыхтоўкі да паступлення ва ўстановы адукацыі Рэспублікі Беларусь. Такое права прадастаўлена дзецям-сіротам, дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама тым, хто прыроўнены да гэтай катэгорыі.
Аспірантам, якім назначана стыпендыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і якія ў межах устаноўленага тэрміну навучання абаранілі дысертацыі, у месяцы адлічэння з аспірантуры ў сувязі з яе датэрміновай абаронай стыпендыя будзе выплачвацца ў трохкратным памеры.
Указам таксама прадугледжана павялічыць на 0,4 працэнта аб'ём бюджэтных сродкаў, што накіроўваюцца на выплату надбавак за поспехі ў вучобе, грамадскай і навуковай рабоце і аказанне матэрыяльнай дапамогі навучэнцам. Прыняцце ўказа з'яўляецца сведчаннем таго, што клопат дзяржавы аб моладзі застаецца прыярытэтнай задачай сацыяльнай палітыкі Беларусі.
Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.