Падчас загадкавага візіту ў Ізраіль Мясніковіч перадаў Перэсу спіс ахвяр Халакосту

Источник материала:  
25.07.2011 12:48 — Новости Политики

Падчас загадкавага візіту ў Ізраіль Мясніковіч перадаў Перэсу спіс ахвяр Халакосту

  • Кастусь ЛАШКЕВІЧ, ТUT.BY

Падчас загадкавага візіту ў Ізраіль Мясніковіч перадаў Перэсу спіс ахвяр ХалакостуПадчас чэрвеньскага візіту на святую зямлю прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч перадаў прэзідэнту Ізраіля Шымону Перэсу спіс габрэяў, знішчаных нацыстамі на малой радзіме ізраільскага лідара ў Валожыне.

Валожынскі спіс

Як адзначае ізраільскае інтэрнэт-выданне ynetnews, у спісе жыхароў Валожына, якія сталі ахвярамі Халакосту падчас нямецкай акупацыі Беларусі, ёсць і 22 прозвішчы сваякоў прэзідэнта Ізраіля па бацькоўскай (Перскія) і матчынай (Мельцэр) лініі.

Цяперашнi прэзiдэнт i былы прэм'ер-мiнiстр Iзраiля, лаўрэат Нобелеўскай прэмii мiру-1994 Шымон Перэс нарадзiўся ў 1923 годзе ў вёсцы Вiшнёва пад Валожынам — "беларускай калысцы сiянiзму". Ягоны бацька iмiграваў у Палесцiну ў 1931 годзе, а сам Шымон ужо ў рангу iзраiльскага палiтыка двойчы адведваў Беларусь — у 1992 i 1998 гадах. Кажуць, у Вiшнёва, у двары, дзе калiсьцi стаяла хата Перскiх, ацалеў iхнi калодзеж. На вясковых жа могiлках па-ранейшаму знаходзiцца магiла прадзеда прэзідэнта — Шымона Перскага.

Дакумент, які Мясніковіч перадаў Перэсу, таксама апісвае, як нацысты прымусілі соцень габрэяў Валожына і ваколіцы капаць велізарныя ямы, у якіх іх потым расстралялі. Параненых хавалі жыўцом. У іншым выпадку апавядаецца пра тое, як акупанты спалілі ў валожынскай сінагозе 400 габрэяў. Сярод ахвяраў катаў быў і рабін Цві Мельцэр — дзед Шымана Перэса па кудзелі.

"Гэта дзіўна і вельмі кранальна адначасова”, — падзяліўся эмоцыямі прэзідэнт Ізраіля, праглядаючы дакумент. Пры гэтым ён адразу пазнаў імёны знаёмых землякоў, некаторыя з якіх былі яго аднакласнікамі.

Апроч архіўнага дасье беларускі прэм’ер прэзентаваў ізраільскаму прэзідэнту гліняны гаршчэчак з зямлёй з Вішнёва і некалькі альбомаў фотаздымкаў з відарысамі часоў Перэсавага дзяцінства.

Загадкавы візіт

Нагадаем, 7-9 чэрвеня Міхаіл Мясніковіч пабываў у Ізраілі з загадкавым візітам, пра які інфармагенцтва БЕЛТА паведаміла толькі на зыходзе другога дня знаходжання беларускага прэм'ера на святой зямлі.

Выданне ynetnews называе візіт прыватным, а беларускія СМІ даведаліся, што Мясніковіч ляцеў з Мінску ў Тэль-Авіў разам з жонкай у эканом-класе.

Відавочна, што візіт не планаваўся загадзя, бо, па-першае, па інфармацыі TUT.BY, супрацоўнікі амбасады Ізраіля ў Мінску даведаліся пра яго з паведамленняў СМІ, а па-другое, паездка беларускага прэм'ера прыпала на адзін з галоўных рэлігійных святаў Ізраіля Шавуот, падчас якога афіцыйныя сустрэчы не ладзяцца.

Ізраільскія СМІ паведамілі, што Мясніковіч правёў сустрэчы з Шымонам Перэсам і міністрам замежных спраў Ізраіля Авігдорам Ліберманам, на якіх сярод іншага абмяркоўваліся "перспектывы ўдзелу ізраільскага боку ў намаганнях кіраўніцтва Беларусі па нармалізацыі эканамічнай сітуацыі ў краіне".
←Местонахождение Дмитрия Бондаренко неизвестно

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика