Мітрапаліт Філарэт выказаў спачуванні ў сувязі са смерцю кардынала Казіміра Свёнтака
Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі накіраваў Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму, Апостальскаму адміністратару Пінскай епархіі архіепіскапу Тадэвушу Кандрусевічу пісьмо са спачуваннямі ў сувязі са смерцю кардынала Казіміра Свёнтака. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў Беларускім Экзархаце.
"З болем у сэрцы мы ўспрынялі сумную вестку аб блажэннай смерці кардынала Казіміра Свёнтака — спавядальніка і стараннага пастыра, які з'яўляўся прыкладам мужнага стаяння за веру і выканання боскага закліку быць верным Хрысту нават да смерці", — адзначае мітрапаліт Філарэт.
Іерарх падкрэсліў, што ні дзесяцігоддзе лагераў, куды Свёнтак трапіў у часы ганенняў, ні іншыя няшчасці і беды не змаглі зламаць яго волю і жаданне "несці вестку свету аб Выратаванні і сведчыць сучаснікам аб Божай Міласэрнасці". Першаіерарх БПЦ адзначыў, успамінаючы нябожчыка: "Гаварыў ён ад усяго сэрца, ад асабіста ім перажытага і выпакутаванага".