Аляксандр Лукашэнка: "Сітуацыя ў эканоміцы Беларусі ў бліжэйшыя некалькі месяцаў будзе стабілізавана"
Напружаныя перыяды здараюцца ў жыцці любой, нават самай моцнай і багатай дзяржавы, і прыкладаў таго ў гісторыі дастаткова, у тым ліку цяперашні абвал у некаторых краінах ЕС. Аб гэтым учора на ўрачыстым сходзе, прысвечаным Дню Незалежнасці, заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"На жаль, фінансава-эканамічныя праблемы закранулі і нас. Некаторыя адразу пачалі прарочыць нам блізкую катастрофу. Гаварылі, маўляў, ужо да лета ў нас здарыцца ці то абвал, ці то дэфолт, ці то яшчэ нешта жудаснае. Дарэчы, і раней амаль кожны год нам прадракалі тое ж самае. Не атрымаецца! Хто чакае краху і катастрофы, падманваюцца ў сваіх прагнозах", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, апошнім часам назіраецца паступовае паляпшэнне становішча. "Усё, што абяцана кіраўніцтвам краіны, будзе выканана. Вы ў гэтым можаце ніколькі не сумнявацца. У бліжэйшыя некалькі месяцаў мы абавязкова выправім сітуацыю і стабілізуем яе", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Ініцыятыўнаму і здароваму прадпрымальніцтву — максімум прасторы і падтрымкі
"Галоўны нерв будучага быў намі намацаны абсалютна правільна. Разняволенне ініцыятывы чалавека, прадпрымальніка, максімальная эканамічная свабода, стаўка на інтэлект і высокія тэхналогіі — вось нашы арыенціры, замацаваныя ў праграме 4-га Усебеларускага народнага сходу", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
"Мы пачалі ўжо рашуча скарачаць колькасць разнастайных ліцэнзій, дазволаў, спрашчаць падатковую сістэму. Мае словы аб тым, што нам трэба ўсю краіну ператварыць у свабодную эканамічную зону, не проста прыгожая фраза. Гэта наша прынцыповая пазіцыя — даваць максімум прасторы і падтрымкі ініцыятыўнаму і здароваму прадпрымальніцтву", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.Ён таксама дадаў, што ў Беларусі і ў далейшым будзе энергічна падтрымлівацца нацыянальная вытворчасць. "Чым больш будзе беларускіх фірм, беларускіх брэндаў, паспяховых беларускіх прадпрымальнікаў, тым мацнейшая будзе краіна, — адзначыў беларускі лідар. — Будзе сваё — мы абаронімся, выстаім і дасягнём усіх нашых мэт".
Тупаннем і плясканнем на плошчах праблем не вырашыць
"Тупаннем, плясканнем, мыканнем, рыканнем на плошчах і вуліцах праблем не вырашыць і, самае галоўнае, грошай не заробіш. І ўсе, хто мыкаюць і рыкаюць на плошчах, мы паглядзелі на іх, — гэта не бедныя людзі. Дык што ж ім патрэбна? Патрэбны хаос і бязладдзе ў краіне. Гэтага мы дапусціць не можам. Дзяржава мае рэсурсы і сілы для таго, каб паставіць на месца ўсіх, хто парушае закон і Канстытуцыю", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, нядаўні красавіцкі прыклад у Мінску пацвярджае той факт, што "як толькі пачынаецца хаос і некіруемасць, хаця б крыху, хаця б на пэўных плошчах і вуліцах, адразу ўзнікаюць праблемы, якія вядуць да крыві". "Мы больш гэтага дапусціць не можам. Не толькі ў Мінску, але і на тэрыторыі ўсёй Беларусі", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Звяртаючыся да інтэлектуалаў, журналістаў, палітолагаў, кіраўнікоў партый і грамадскіх рухаў, усіх тых, хто ўплывае на грамадскую думку, Аляксандр Лукашэнка заклікаў успомніць аб адказнасці перад нацыяй і гісторыяй, не разгойдваць агульную лодку і не распальваць страсці, а накіроўваць свае намаганні на рэальнае ўмацаванне суверэнітэту дзяржавы.
Прэзідэнт падкрэсліў, звяртаючыся да беларускай моладзі, што яна з'яўляецца апорай дзяржавы. "Ад вас залежыць будучыня дзяржавы, яе перспектывы, эканамічны і інтэлектуальны патэнцыял, — падкрэсліў ён. — Дзяржава адкрывае перад вамі ўсе шляхі. Мы робім стаўку на моладзь, калі гаворым аб інавацыйным шляху развіцця эканомікі, мадэрнізацыі вытворчасці, абнаўленні кіруючага корпуса на ўсіх узроўнях".
Аляксандр Лукашэнка таксама папрасіў настаўнікаў і педагогаў паклапаціцца аб выхаванні дастойнага маладога пакалення. "Нельга аддаваць іх пад уплыў розных авантурыстаў, каб тыя выкарыстоўвалі нясталых юнакоў як гарматнае мяса ў сваіх брудных палітычных гульнях і правакацыях", — падкрэсліў беларускі лідар.
"Тыя, хто клічуць людзей на бунт, маюць свае мэты — ім не патрэбна шчаслівая Беларусь, ім не патрэбны багаты народ, ім не патрэбна справядлівасць. Ім патрэбны ўзрушэнні і хаос. Але моцная дзяржава, якая апіраецца на падтрымку народа, дасць жорсткі адпор любым палітычным аферам. Таму што ва ўсе часы тыя, хто жадае крывавых рэвалюцый, ставяць пад пагрозу самае каштоўнае — мір у грамадстве, жыццё і здароўе людзей, бяспеку дзяржавы", — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.
У Беларусі не будзе дапушчана спаду жыццёвага ўзроўню
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ва ўзніклых сёння эканамічных цяжкасцях часткова вінаваты і мы самі. "Жадаючы мець усё і адразу, жылі часам не па сродках — больш спажывалі, чым выраблялі, часта не па-гаспадарску трацілі грошы і рэсурсы, рабілі памылкі ў доўгатэрміновай грашова-крэдытнай палітыцы. Плюс непад'ёмныя цэны, якія дасягнулі сусветных, на нафту і газ, да якіх трэба было своечасова падрыхтаваць, калі гэта магчыма, эканоміку краіны", — адзначыў ён. Разам з тым Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ўсё гэта — зразумелыя спадарожныя праблемы ў развіцці маладой дзяржавы: "Такія хваробы паддаюцца лячэнню без прымянення шокавай тэрапіі, пра якую ў нас так любяць гаварыць некаторыя кабінетныя "эканамісты". І гэтага шоку не будзе. Калі называць рэчы сваімі імёнамі, нам прапануюцца надуманыя рэцэпты"."Таму хачу цвёрда запэўніць вас: рызыкоўных эксперыментаў, спаду жыццёвага ўзроўню мы не дапусцім! Мы прадоўжым рэалізацыю беларускай эканамічнай мадэлі, якая за паўтара дзесяцігоддзі ў розных і цяжкіх умовах даказала сваю ўстойлівасць", — сказаў на заканчэнне Аляксандр Лукашэнка.
Няма прычыны адмаўляцца ад базавых, фундаментальных асноў беларускай мадэлі развіццяПаводле слоў Прэзідэнта, за 15 апошніх гадоў у Беларусі створана сучасная эканоміка, уведзены ў строй сотні прадпрыемстваў, дасягнуты значныя поспехі ў будаўніцтве, ахове здароўя, адукацыі. У краіне таксама ёсць свае брэнды, і гэта не толькі БелАЗы, трактары і камбайны, але і фірмы ў галіне высокіх тэхналогій, харчовай, перапрацоўчай, лёгкай прамысловасці. "Таму няма прычыны адмаўляцца ад базавых, фундаментальных асноў беларускай мадэлі развіцця", — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.
Ён адзначыў, што нядобразычліўцы Беларусі чакаюць сёння, па-першае, продажу за бясцэнак дзяржуласнасці, па-другое, адмовы ад сацыяльнай абароны людзей і, па-трэцяе, здачы эканамічнага, а значыць, і палітычнага суверэнітэту. "Скажу прама — чакаеце дарэмна", — падкрэсліў беларускі лідар.
Беларусь гатова супрацоўнічаць з адказнымі інвестарамі, але прынцып вядомы: хочаш купіць, стаць уласнікам — плаці як трэба. "Не трэба разлічваць, што нас загналі ў кут або прыперлі да сценкі. Не такія дрэнныя нашы справы, як хацелася б некаторым. Мы знойдзем усё, каб жыццё беларусаў было дастойным, і ніхто не будзе дыктаваць нам умовы распрадажы нашых прадпрыемстваў", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Што датычыцца сацыяльнай абароны людзей, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Так, мы адмаўляемся ад савецкай мадэлі, калі льготы і датацыі проста раздаваліся ўсім — і бедным, і багатым, і маладым, і старым. Ураўнілаўкі быць не можа: дзяржава — не рог багацця. Аддаць можна толькі тое, што зароблена, і жыць пры гэтым трэба па сродках. Гэта непахісныя прынцыпы".
Разам з тым беларускі лідар падкрэсліў, што кожны, хто сапраўды мае патрэбу ў падтрымцы, будзе абаронены дзяржавай. "Што і зроблена з 1 ліпеня: 800 тыс. нашых грамадзян, якія апынуліся ў горшым становішчы, мы будзем іх падтрымліваць адпаведнымі фінансавымі рэсурсамі. Гэта датычыцца і нашых герояў-ветэранаў, і пенсіянераў, і інвалідаў, і шматдзетных сем'яў. Сістэма сацыяльнай абароны, якой мы заўсёды ганарыліся, абавязкова будзе захавана", — падкрэсліў беларускі лідар.
Дзяржава застаецца ў эканоміцы
Гаворачы аб эканамічным суверэнітэце, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь заклікаюць аддаць усю ўласнасць, каб дзяржава выйшла з эканомікі. "Кідайце людзей, ні пра што не думайце, не турбуйцеся — усё вырашыць свабодны рынак. Менавіта да гэтага заклікаюць нас замежныя нядобразычліўцы і тыя мясцовыя "знатакі", якія да гэтага часу подла патрабуюць санкцый супраць беларусаў. Аднак мы не настолькі наіўныя, каб паўтараць чужыя памылкі — выводзіць дзяржаву з эканомікі і давяраць лёс народа тым, каму ён абыякавы", — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
У прыватнасці, ён прывёў прыклад з нядаўняга мінулага, калі ў Беларусі было ўведзена свабоднае цэнаўтварэнне. "Я разумеў, чаго патрабуюць і хто падштурхоўвае да гэтага ўладу і наша грамадства. Але я пайшоў на гэта. Хочаце свабоду — добра. Мы далі поўную свабоду. Вы хацелі свабодных цэн — вы іх атрымалі. І добра, што недзе я пакінуў тую сістэму, якая працавала да гэтага часу, калі дзяржава ўмешвалася ў любыя працэсы, у тым ліку ў сістэму цэнаўтварэння. І мы на працягу тыдня, увёўшы гэту сістэму, змаглі спакойна патушыць інфляцыйныя наплывы, якія бушавалі ў нашай краіне", — сказаў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы таксама дадаў, што глабальны эканамічны крызіс пераканаўча пацвердзіў, што ў цяжкі момант у эканоміцы роля дзяржаўнага рэгулявання аказваецца незаменнай, і цяпер ужо многія, у тым ліку амерыканскія эканамісты, гэта прызнаюць.
Беларусі за сваю незалежнасць яшчэ давядзецца пазмагацца
"За сваю незалежнасць нам яшчэ давядзецца пазмагацца. Танна яна нікому не даставалася", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, прывёўшы ў прыклад падзеі, якія адбываліся на прасторы разбуранага СССР, калі новыя дзяржавы нараджаліся з крыві, слёз і грамадзянскіх войнаў.
"Дзякуй богу, што нам удалося пабудаваць па-сапраўднаму незалежную Беларусь без вайны, і гэта наша шчасце і самае вялікае дасягненне, — адзначыў беларускі лідар. — Але і сёння нас атакуюць і выпрабоўваюць на цвёрдасць. Для адных мы ненавісныя тым, што не маршыруем у агульным страі і не скачам пад брусельскую дудку. Для іншых мы — нязручны прыклад, які вочы коле. У нас не разрабавана краіна, няма прорвы паміж абуральнай раскошай адных і страшэннай беднасцю другіх. Сёй-той злуецца, што ў нас не прадаюцца і не купляюцца дзяржаўныя пасады і мільярды народных грошай не ідзе ў афшоры".
Гаворачы аб сітуацыі ў Беларусі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што часам разважае аб тым, ці з'яўляецца гэта пікам у барацьбе за незалежную і суверэнную зямлю, ці гэта чарговая спроба паставіць Беларусь на калені. "Лічу, што, на жаль, гэта яшчэ не пік. Чарговы раз спрабуюць паставіць на калені. Не атрымаецца! Іншымі мы не будзем, і гэта таксама некаму моцна не даспадобы", — лічыць беларускі лідар.
Ён таксама адзначыў, што Беларусь знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, і таму неабходна глядзець на сітуацыю больш цвяроза. "Лічу, што разумныя людзі павінны берагчы гэты цэнтр, таму што, не дай бог, тут палыхне, дрэнна будзе ўсім — і немцам, і французам, і рускім... Але гэтай простай ісціны зразумець не хочуць", — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.
"Сігналам да дзеяння для нашых ворагаў сталі пэўныя праблемы, якія ўзніклі ў нас у фінансава-эканамічнай сферы. Некаторыя дзеячы (як унутры Беларусі, так і за яе межамі), якія самі сябе называюць палітыкамі, так самазабыўна смакуюць узніклыя цяжкасці, нібыта самі прыклалі руку да стварэння гэтых цяжкасцяў. Супакойцеся! Вам не ўдасца злавіць у каламутнай вадзе залатую рыбку і тым больш паставіць нас на калені", — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.
"Беларусь аказалася аб'ектам знешнега палітычнага і эканамічнага націску"
Звяртаючыся да ўдзельнікаў урачыстага сходу, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што за гады незалежнасці беларускі народ ужо зразумеў, што сапраўдная, а не дэкаратыўная незалежнасць каштуе вельмі дорага і за яе трэба вельмі шмат плаціць. "Відаць, мы гатовы да гэтага, — адзначыў ён. — Нямала было ахвотных паставіць беларусаў на калені, навязаць сваю волю, пазбавіць нас зямлі, уласнага імя і нават права на жыццё. Але заўсёды на іх шляху паўставала сіла, імя якой — беларускі характар, адліты з каштоўнага сплаву мужнасці, любові да Айчыны і цвёрдай гатоўнасці ахвяраваць усім у імя свабоды".Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, Беларусь заслужана стала адным з паўнапраўных заснавальнікаў ААН. "Ратуючы планету ад карычневай чумы, нашы салдаты-вызваліцелі разам з удзельнікамі антыгітлераўскай кааліцыі верылі, што яны пракладваюць шлях у новы, справядлівы і абавязкова раўнапраўны свет. Аднак надзеі не спраўдзіліся. Беларусь, якая ўнесла вялікі ўклад у вызваленне Еўропы ад нацысцкага рабства, сёння аказалася аб'ектам знешняга палітычнага і эканамічнага націску", — падкрэсліў беларускі лідар.
"Я заўсёды патрабую ад любых палітыкаў, якія жывуць за межамі Беларусі ў вядомых краінах, з якімі мы былі па розныя бакі барыкад у тыя ліхія саракавыя гады, я патрабую ад іх аднаго — павагі таго, што зрабілі беларусы, паклаўшы трэць свайго насельніцтва на алтар перамогі ў барацьбе супраць нацызму. Я заўсёды ім гавару: перш, чым нас павучаць нейкай дэмакратыі, вы, калі ласка, заплаціце нам за тыя ахвяры, якія панёс беларускі народ у імя вызвалення планеты ад карычневай чумы", — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Разам з тым ён адзначыў, што сітуацыя не трагічная: "Нас не бамбяць, як іншыя краіны, але нас "бамбяць" іншымі метадамі — санкцыямі і пагрозамі".
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што асаблівай дапамогі збоку беларускаму народу чакаць не даводзіцца і надзея толькі на саміх сябе. "Калі ўстаім — Беларусь будзе развівацца і працвітаць. Не — апынёмся на палітычных задворках, і з намі ніхто не стане лічыцца", — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.