Разам мы можам усё
Паважаныя члены Савета Рэспублікі!
Паважаныя запрошаныя і журналісты!
Сёння мы завяршаем работу шостай сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Яна праходзіла ў няпростых для нашай краіны ўмовах. Мы ўпершыню сутыкнуліся з сур'ёзным збоем у функцыянаванні нашай фінансавай сістэмы, перш за ўсё яе валютнага складальніка. У выніку насельніцтва і эканоміка нашай дзяржавы сутыкнуліся з даволі балючымі праблемамі як на валютным, так і на спажывецкім рынках.
Але аб'ектыўна ацэньваючы існуючую сітуацыю, важна падкрэсліць, што прычыны гэтага не ў эканоміцы, а менавіта ў фінансавай сферы. У цэлым эканоміка краіны як па сваёй структуры, так і па эфектыўнасці зусім не знізіла, а наадварот, павысіла свае асноўныя паказчыкі. У прамысловасці, сельскай гаспадарцы, сферы паслуг, у гандлі тэмпы росту, дасягнутыя за мінулы перыяд гэтага года, вельмі высокія. Рост ВУП у студзені — маі 2011 года склаў 12,5 працэнта. Гэта самы высокі паказчык за апошнія 10 гадоў. Валютная выручка ад знешняга гандлю амаль у паўтара раза перавысіла мінулагодні ўзровень. Таму ні аб якім эканамічным крызісе, правале нашай сістэмы гаспадарання, тупіковым шляху і да таго падобных злавесных высновах і прадраканнях, якімі запужваюць нашых грамадзян нядобразычліўцы ўсіх масцей на сваіх інтэрнэтаўскіх сайтах і ў іншых сродках масавай інфармацыі, гаварыць няма ніякіх падстаў. А цяжкасці з валютай наша краіна пераадолее — не мы першыя, не мы апошнія. Беларускі народ пераадольваў і не такія цяжкасці і выпрабаванні, пераадолее і гэту.
Прэзідэнт дакладна і выразна абмаляваў цяперашняе становішча спраў у краіне, намеціў шляхі нашага далейшага руху. Урад валодае сітуацыяй і прымае ўсе неабходныя меры для ўрэгулявання валютнай праблемы. Галоўнае сёння — гэта кансалідацыя сіл, з'яднанасць нашага грамадства і імкненне зберагчы тую бясцэнную заваёву, якую беларускі народ здабыў упершыню за сваю гісторыю, — незалежнасць і суверэнітэт сваёй краіны. Беларускі народ мудры, ён ведае цану ўсяго таго, што ўдалося дасягнуць дзякуючы сваёй уласнай упартай працы, і зусім не жадае прыводзіць краіну ў хаос і разбураць усё дасягнутае. Я перакананы, што нікому не ўдасца расхістаць сітуацыю ў краіне. Галоўнае сёння — быць разам, а разам мы можам усё!
Існуючая сітуацыя патрабуе і ад нас, парламентарыяў, больш актыўнай работы. Не выпадкова, выступаючы са штогадовым Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Прэзідэнт краіны А.Р. Лукашэнка адзначыў, што парламентарыям трэба ісці ў нагу з часам, ініцыяваць новыя падыходы ў заканатворчасці, надаць дадатковы імпульс непасрэднаму ўзаемадзеянню з урадам, прычым не толькі па пытаннях заканатворчасці.
Праграма заканатворчай работы ў перыяд шостай сесіі шмат у чым і была вызначана Пасланнем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, а таксама Праграмай антыкрызісных мер урада.
Перш за ўсё, хацеў бы адзначыць зладжаную работу ў ходзе сесіі пастаянных камісій. Гэта дало нам магчымасць дасягнуць пэўных вынікаў у плане аптымізацыі заканатворчага працэсу. Яшчэ больш трывала зацвердзілася практыка папярэдняга разгляду праектаў законаў з профільнымі камісіямі Палаты прадстаўнікоў. Сумеснымі намаганнямі своечасова выпрацоўваецца кансалідаваная пазіцыя па законапраектах, якія яшчэ толькі паступілі. У цэлым гэта станоўча ўплывае не толькі на якасць іх падрыхтоўкі, але і на аператыўнасць іх прыняцця.
З мэтай фарміравання аб'ектыўнай пазіцыі па актуальных пытаннях палітычнага і сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны праводзіліся круглыя сталы і семінары. Так, Саветам Рэспублікі сумесна з Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэтам на базе Мінскага трактарнага завода 4 красавіка 2011 года праведзены семінар на тэму "Адукацыя як аснова інавацыйнага развіцця краіны", у ходзе якога была падкрэслена неабходнасць больш шырокага распаўсюджвання практыкі стварэння філіялаў кафедраў тэхнічных ВНУ на высокатэхналагічных навукаёмістых вытворчасцях. 27 красавіка па ініцыятыве Пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах на базе адкрытага акцыянернага таварыства "Барысаўскі завод аўтатрактарнага электраабсталявання" праведзены круглы стол на тэму "Аб напрамках развіцця заканадаўства, якое рэгулюе рынак каштоўных папер Рэспублікі Беларусь". Удзельнікі круглага стала адзначылі, у прыватнасці, важнасць падрыхтоўкі праектаў законаў "Аб інвестыцыйных фондах", "Аб рынку каштоўных папер" і інш.У ходзе гэтай сесіі асаблівая ўвага ўдзялялася фарміраванню прававой базы якасных пераўтварэнняў у эканамічнай сферы. Як вынік — сёння намі быў разгледжаны і адобраны закон "Аб зацвярджэнні справаздачы аб выкананні рэспубліканскага бюджэту за 2010 год".
Асаблівую ўвагу мы ўдзялілі закону "Аб зацвярджэнні справаздачы аб выкананні бюджэту дзяржаўнага пазабюджэтнага Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь за 2010 год". Адзначана, што ў бюджэт Фонду паступіла даходаў за кошт узносаў на дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне на суму 19,7 трлн рублёў (103,3 працэнта да плана). Расходы бюджэту Фонду ў першую чаргу былі накіраваны на выплату пенсій (80,7 працэнта) і дапамог (17 працэнтаў).
У 2010 годзе ў адпаведнасці з указамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь былі тройчы праведзены пераразлікі працоўных пенсій. Акрамя таго, у сувязі з павелічэннем бюджэту пражытковага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва чатыры разы павышаліся мінімальныя і сацыяльныя пенсіі, а таксама надбаўкі да іх.
Прадаўжалася работа па абнаўленні нарматыўна-прававой базы ў сферы забеспячэння нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку і ўзмацнення барацьбы са злачыннасцю. Папраўкі ў законы "Аб барацьбе з тэрарызмам" і "Аб процідзеянні экстрэмізму" накіраваны на ўдасканаленне і каардынацыю дзейнасці дзяржаўных органаў у гэтай галіне.
У ходзе вясенняй сесіі мы прадоўжылі ўдасканальваць заканадаўства аб ахове і выкарыстанні прыродных рэсурсаў. Адобраныя прававыя акты будуць рэальна працаваць на далейшае паляпшэнне экалагічнай абстаноўкі ў нашай краіне.
Важны крок зроблены ў развіцці канстытуцыйнага заканадаўства. Адобрана пять законапраектаў. У прыватнасці, урэгуляваны пытанні, звязаныя з рэалізацыяй замежнымі грамадзянамі і асобамі без грамадзянства права на вывучэнне беларускай і рускай моў і магчымасцю іх навучання ў ВНУ. Далейшаму ўдасканаленню дзейнасці органаў пракуратуры, павышэнню прэстыжу службы ў органах пракуратуры і якасці праводзімага імі папярэдняга следства па крымінальных справах паслужаць дапаўненні і змяненні ў некаторыя законы па пытаннях дзейнасці пракуратуры, і ў закон "Аб дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь".
Асаблівае значэнне для грамадска-палітычнага жыцця нашай краіны маюць прынятыя папраўкі ў закон "Аб прафесійных саюзах". У прыватнасці, замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства ўпершыню прадастаўлена права ўступаць у прафсаюзы, створаныя і дзеючыя ў Беларусі, калі гэта прадугледжана іх статутамі.
Значныя змяненні і дапаўненні былі ўнесены ў закон "Аб музеях і Музейным фондзе Рэспублікі Беларусь". Тым самым урэгуляваны пытанні міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы музейнай справы. Заканадаўчае забеспячэнне атрымала дзейнасць Рэспубліканскага савета дырэктараў музеяў пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь і музеяў пад адкрытым небам. Прадугледжана стварэнне адпаведнага рэестра ўліку музеяў і фарміравання іх адзінай базы даных.
Намі адобраны і шэраг іншых, не менш важных для краіны законапраектаў. Імі, у прыватнасці, вызначана прававая аснова аўтарскага права і сумежных правоў, што дасць магчымасць актывізаваць уключэнне аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці ў грамадзянскі абарот, узмацніць абарону маёмасных правоў аўтараў і праваўладальнікаў пры выкарыстанні вынікаў творчай дзейнасці. Спрошчаны адміністрацыйныя працэдуры, у тым ліку па пытаннях дзейнасці індывідуальных прадпрымальнікаў, чаму ў немалой ступені будзе садзейнічаць Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 5. Удасканалены прававыя нормы далейшага развіцця сістэмы сацыяльнага партнёрства, а таксама пытанні дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці. Удасканалены прававыя асновы дзейнасці трацейскіх судоў, а таксама механізмы перагляду судовых пастаноў.
У сесіённы перыяд мы прадоўжылі развіваць прававую базу і ў сферы міжнародных адносін. У агульным аб'ёме разгледжаных намі законапраектаў законы аб ратыфікацыі дагавораў і пагадненняў складаюць больш як 65 працэнтаў. Яны рэгулююць актуальныя пытанні супрацоўніцтва нашай краіны з замежнымі дзяржавамі ў энергетычнай, інвестыцыйнай і падатковай сферы, у галіне міжнароднага гуманітарнага і транспартнага права, а таксама ў галіне барацьбы са злачыннасцю.
Трэба адзначыць ратыфікацыю пакета пагадненняў, накіраваных на развіццё прававой базы Мытнага саюза і ЕўрАзЭС. Сярод іх можна вылучыць Пагадненне аб адзіным мытным рэестры аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці, якое забяспечвае з'яўленне ў нашых краін адзіных норм па абароне правоў на такія аб'екты, а таксама шэраг пагадненняў, што датычацца парадку перамяшчэння фізічнымі асобамі наяўных грашовых сродкаў, фінансавых дакументаў, тавараў для асабістага карыстання цераз граніцу Мытнага саюза.
Іншыя законы гэтага пакета рэгулююць пытанні дзейнасці свабодных эканамічных зон, развіцця міжнароднага лізінгу сельскагаспадарчых машын і тэхнікі, пытанні стварэння і функцыянавання інтэграванай інфармацыйнай сістэмы і інфармацыйных тэхналогій у знешнім і ўзаемным гандлі, а таксама пытанні адзінай адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці за парушэнне мытнага заканадаўства. У сувязі з гэтым хачу адзначыць, што дадатны эканамічны складальнік удзелу нашай краіны ў Мытным саюзе відавочны. Даныя статыстыкі сведчаць аб тым, што Беларусь істотна пашырыла экспарт сваёй прадукцыі ў краіны Мытнага саюза. Так, да стварэння гэтага саюза ў 2009 годзе экспарт Беларусі ў Расію і Казахстан быў каля $7 млрд, у 2010 годзе ён дасягнуў $10 млрд.
Значнае месца ў нашай рабоце займала міжпарламенцкая і міжнародная дзейнасць. Яе мэты вызначаліся эканамічнымі і палітычнымі рэаліямі і адлюстроўвалі шматвектарнасць знешняй палітыкі нашай краіны.
Члены Савета Рэспублікі прынялі ўдзел у рабоце трыццаць дзявятай сесіі Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі, якая прайшла 7-8 чэрвеня ў Мінску. Яе вынікі яшчэ раз пацвердзілі, што вопыт супрацоўніцтва ў рамках Саюзнай дзяржавы паслужыў асновай для стварэння і ўмацавання Мытнага саюза.
Члены Савета Рэспублікі актыўна ўдзельнічалі ў планавых мерапрыемствах міжпарламенцкіх асамблей дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў, Еўразійскай эканамічнай супольнасці, Парламенцкай Асамблеі Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы, якія прайшлі 14-16 мая ў Санкт-Пецярбургу. У выніку закладзена добрая аснова для далейшай сумеснай заканатворчай дзейнасці, а праведзеныя сустрэчы з кіраўніцтвам заканадаўчых органаў Казахстана, Кіргізіі, Малдовы, Расіі і Украіны будуць садзейнічаць умацаванню міжпарламенцкага ўзаемадзеяння з названымі краінамі.
У цэнтры ўвагі Савета Рэспублікі было і развіццё двухбаковых кантактаў з парламентамі іншых дзяржаў. У Мінску адбыліся сустрэчы з парламентарыямі Азербайджанскай Рэспублікі і Нацыянальнага сходу Рэспублікі Арменія, на якіх вызначаны асноўныя напрамкі сумеснай работы і перспектывы міжрэгіянальнага і двухбаковага супрацоўніцтва ў рамках міжнародных парламенцкіх структур. У прыватнасці, па выніках пасяджэння Міжпарламенцкай камісіі па супрацоўніцтву Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага сходу Рэспублікі Арменія прынята рашэнне аб стварэнні каардынацыйнага савета, у склад якога ўвойдуць кіраўнікі нацыянальных дэлегацый парламентаў і старшыні пастаянных камісій па міжнародных справах абедзвюх краін.
У Савеце Рэспублікі адбыліся сустрэчы з кіраўнікамі акрэдытаваных у Рэспубліцы Беларусь дыпламатычных місій Турцыі і Польшчы. Гэта, на наш погляд, надасць дадатковы імпульс далейшаму развіццю міжпарламенцкіх кантактаў з гэтымі краінамі.
Члены Савета Рэспублікі вялі актыўную работу па забеспячэнні паўнапраўнага членства Рэспублікі Беларусь у парламенцкім вымярэнні ініцыятывы ЕС "Усходняе партнёрства". І мы са шкадаваннем успрынялі вынікі праведзенай 3 мая гэтага года ў Еўрапарламенце сустрэчы па стварэнні Парламенцкай асамблеі "Еўранест", якія сведчаць пра ігнараванне прынцыпу роўнага ўдзелу ў "Еўранест" краін-партнёраў. У заяве Прэзідыума Савета Рэспублікі і Савета Палаты прадстаўнікоў мы адзначылі, што створаная такім чынам Парламенцкая асамблея "Еўранест" фактычна ператвараецца ў інструмент палітычнага націску, што не адпавядае заяўленым мэтам супрацоўніцтва, замацаваным у Пражскай дэкларацыі.
Дэлегацыя Савета Рэспублікі на 124-й Асамблеі Міжпарламенцкага Саюза ў Панаме прадставіла інфармацыю аб айчынным выбарчым заканадаўстве і практыцы правядзення выбарчых кампаній. Удзельнікі Асамблеі былі таксама праінфармаваны аб дасягненнях Рэспублікі Беларусь у галіне аховы дзяцінства, развіцця сістэмы адукацыі, аховы здароўя, аб узроўні сацыяльнай абароны насельніцтва, аб прававых асновах дзяржаўнай палітыкі ў гэтых напрамках. Там жа адбыліся сустрэчы членаў нашай дэлегацыі з кіраўніцтвам і членамі парламенцкіх дэлегацый Швецыі, Бельгіі, Даніі, Аўстраліі, Індыі і Бангладэш. Нашы дэлегацыі ўдзельнічалі таксама ў мерапрыемствах Міжпарламенцкай асамблеі праваслаўя, Кангрэса мясцовых і рэгіянальных улад Савета Еўропы і інш.
Нам не трэба аслабляць намаганняў у рабоце з парламентамі замежных дзяржаў, а таксама ў міжпарламенцкіх структурах. Неабходна цярпліва і прафесійна тлумачыць нашы пазіцыі па тых ці іншых надзённых пытаннях, даводзіць да міжнароднай грамадскасці праўдзівую інфармацыю аб Беларусі і з усёй прынцыповасцю адстойваць нашы нацыянальныя інтарэсы на міжнароднай арэне. Трэба і далей удзяляць асаблівую ўвагу ўмацаванню супрацоўніцтва з краінамі СНД — Украінай, Казахстанам, Азербайджанам, Арменіяй, Туркменістанам і іншымі партнёрамі.
Важным складальнікам сесіённай работы было ўзаемадзеянне Савета Рэспублікі з органамі мясцовага кіравання і самакіравання. Усе сесіі Саветаў дэпутатаў абласнога ўзроўню і кожная трэцяя — базавага ўзроўню праходзілі з нашым удзелам. Штомесяц у рамках супрацоўніцтва з Акадэміяй кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь члены Прэзідыума Савета Рэспублікі сустракаліся са старшынямі Саветаў дэпутатаў пярвічнага і базавага ўзроўняў. Такая практыка карысна не толькі ў інфарматыўным плане, але і ў практычнай плоскасці. Праблемныя пытанні рэгіёнаў, якія ўзнімаюцца на сустрэчах, аператыўна даводзяцца нашымі сенатарамі да кіраўнікоў мясцовых або рэспубліканскіх органаў улады для іх вырашэння.
У рамках работы Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання 13 мая гэтага года ў Лідскім раёне прайшло пасяджэнне, на якім разглядаўся вопыт работы мясцовых Саветаў дэпутатаў па стварэнні ўмоў для развіцця турысцка-экскурсійных паслуг і аграэкатурызму. Адзначалася, што аграэкатурызм можа стаць важнай сферай эканомікі вёскі. Аднак для падтрымкі і прасоўвання ініцыятыў грамадзян, якія жадаюць займацца сельскім турызмам, органам мясцовага самакіравання трэба будзе яшчэ шмат што зрабіць. Перш за ўсё, рэгіёнам трэба будзе ўзначаліць работу па ўключэнні жыхароў сельскіх населеных пунктаў у дзейнасць па стварэнні аграсядзіб, аказанні ім фінансавай дапамогі і падтрымцы ў добраўпарадкаванні такіх аб'ектаў шляхам банкаўскага мікракрэдытавання. У сваю чаргу Савет накіраваў рэкамендацыі Ураду Рэспублікі Беларусь, якія датычацца спрашчэння парадку ўезду ў нашу краіну замежных турыстаў, а таксама аптымізацыі сертыфікацыі гасцініц.
Важнейшым напрамкам дзейнасці Савета Рэспублікі была і застаецца работа з насельніцтвам. 19 красавіка Прэзідыум Савета Рэспублікі прыняў пастанову, у якой вызначыў шэраг дадатковых мер па яе ўдасканаленні. У прыватнасці, членам Савета Рэспублікі рэкамендавана больш шырока выкарыстоўваць у рабоце з людзьмі асабістыя прыёмы, сустрэчы па месцы жыхарства і ў працоўных калектывах, правядзенне "прамых тэлефонных ліній". З 11 мая гэтага года ў Савеце Рэспублікі працуе "гарачая лінія", а на афіцыйным сайце Савета Рэспублікі функцыянуе новая рубрыка "Пытанне/Адказ", дзе размяшчаюцца адказы на найбольш вострыя і актуальныя для грамадзян узнятыя ў зваротах пытанні.
Станоўчую дынаміку атрымала практыка разгляду зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб. Так, членамі Савета Рэспублікі ў рэгіёнах разгледжана больш як 1800 зваротаў, у Савеце Рэспублікі — каля 400, у тым ліку каля 250 пісьмовых.
У сесіённы перыяд членамі Савета Рэспублікі праведзена каля 500 асабістых прыёмаў, у ходзе якіх прынята 2650 наведвальнікаў, у тым ліку непасрэдна ў Савеце Рэспублікі — 150. Дзякуючы значнай актывізацыі ўдалося вырашыць вялікую колькасць пытанняў нашых грамадзян. Напрыклад, у выніку асабістага прыёму і разгляду зваротаў, якія паступілі на "прамую тэлефонную лінію" ў Лідскім райвыканкаме, больш як 75 працэнтаў з іх былі вырашаны станоўча.
Паважаныя калегі! Трэба заўсёды помніць, што не толькі своечасова аказаная дапамога людзям у вырашэнні іх надзённых праблем, але і ўважлівае, паважлівае стаўленне да іх забяспечваюць давер да заканадаўчага органа і органаў улады ў цэлым.
Думка людзей аб нашай рабоце ў значнай меры фарміруецца і сродкамі масавай інфармацыі. Дзейнасць Савета Рэспублікі ў перыяд шостай сесіі аператыўна і прафесійна асвятлялася ў СМІ. Нашай прэс-службай было акрэдытавана каля 100 беларускіх і замежных журналістаў, якія рыхтавалі паведамленні для прэсы, інфармацыйных праграм радыё і тэлебачання, выпускаў навін інфармацыйных агенцтваў. У сесіённы перыяд імі падрыхтавана і размешчана ў 52 перыядычных друкаваных выданнях больш як 150 матэрыялаў.
Рэгулярна друкаваліся выступленні членаў Савета Рэспублікі на старонках рэгіянальных газет з каментарыямі па асобных законапраектах. Шырокае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі атрымалі і мерапрыемствы, праводзімыя пастаяннымі камісіямі Савета Рэспублікі.
Паважаныя калегі! Напружаная работа чакае нас у міжсесіённы перыяд. Перш за ўсё сумесна з Палатай прадстаўнікоў трэба будзе сур'ёзна папрацаваць над праектам Інвестыцыйнага кодэкса, які прызначаны забяспечыць дакладную сістэму ўзаемадзеяння з замежнымі інвестарамі і спрыяльныя ўмовы для вядзення імі бізнэсу ў нашай краіне.
Сур'ёзнай увагі запатрабуе таксама падрыхтоўка асноўнага фінансавага дакумента краіны — Закона Рэспублікі Беларусь "Аб рэспубліканскім бюджэце на 2012 год".
Адной з ключавых задач застаецца падрыхтоўка праекта Жыллёвага кодэкса, а таксама праекта закона "Аб жыллёвых будаўнічых зберажэннях", які прадугледжвае будаўніцтва і набыццё жылля грамадзянамі за кошт сваіх сродкаў, накопленых з дапамогай дзяржаўнай падтрымкі ў банках.
Адпаведнай дапрацоўкі патрабуюць Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям'і, Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях.
У міжсесіённы перыяд яшчэ больш інтэнсіўнай і адказнай павінна быць работа з людзьмі. Людзі, асабліва ў малых населеных пунктах, маюць патрэбу ў рэальнай падтрымцы і дапамозе. Нашы намаганні павінны быць накіраваны не толькі на разгляд зваротаў, але і на непасрэдную актывізацыю дзеянняў мясцовых органаў улады і кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый. Усе члены Савета Рэспублікі павінны штодзень працаваць у гэтым напрамку.
У міжсесіённы перыяд таксама сур'ёзная ўвага будзе ўдзелена міжпарламенцкаму і міжнароднаму супрацоўніцтву.
У бліжэйшы час плануецца візіт нашай дэлегацыі ва Украіну. Намечаны ўдзел нашых прадстаўнікоў у пасяджэнні ПА АБСЕ, якое пройдзе 6-10 ліпеня ў Бялградзе. Трэба будзе ўнесці на разгляд падрыхтаваны беларускім бокам праект рэзалюцыі ПА АБСЕ "Ажыццяўленне Глабальнага плана дзеянняў ААН па барацьбе з гандлем людзьмі", давесці да членаў Асамблеі афіцыйную пазіцыю нашай дзяржавы пры абмеркаванні "беларускага пытання", а таксама правесці двухбаковыя сустрэчы.
У канцы года ў Мінску запланавана правядзенне выязнога пасяджэння Савета ПА АДКБ. Трэба зрабіць усё, каб гэта важнае мерапрыемства прайшло на высокім арганізацыйным узроўні.
Гэта запатрабуе ад нас дакладнай і аператыўнай работы з Міністэрствам замежных спраў і іншымі органамі дзяржаўнага кіравання.
Паважаныя члены Савета Рэспублікі!
На завяршэнне прыміце сардэчныя віншаванні з будучым святам — Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і шчырыя словы ўдзячнасці за зладжаную і плённую працу ў перыяд шостай сесіі Савета Рэспублікі.
Мы ўдзячны таксама акрэдытаваным беларускім і замежным журналістам за дакладнае і своечасовае асвятленне нашай дзейнасці ў сродках масавай інфармацыі.