Пастаўка Беларусі газу па роўнадаходных цэнах павінна быць абавязковай умовай продажу акцый "Белтрансгаза"
Аб гэтым паведаміў журналістам першы намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка, адказваючы на пытанне БЕЛТА.
Уладзімір Сямашка адзначыў, што дагавор аб магчымым продажы "Газпраму" другой палавіны акцый "Белтрансгаза" знаходзіцца практычна ў стапрацэнтнай гатоўнасці, але беларускі бок увязвае гэта пытанне з падпісаннем новага кантракта на пастаўку газу ў Беларусь. "Дзейны кантракт завяршаецца 31 снежня гэтага года. Цяпер мы абмяркоўваем праект кантракта на 2012-2014 гады, і ў гэтым кантракце закладзены прынцыпова новыя падыходы. Гэтыя падыходы заснаваны на тым пакеце пагадненняў, якія мы падпісалі 9 снежня 2010 года, ствараючы Адзіную эканамічную прастору", — сказаў Уладзімір Сямашка.
Ён нагадаў, што падпісана 17 дакументаў, у тым ліку па стварэнні адзінага газавага рынку. Гэта адзін з базавых дакументаў, дзе агаворана, што Беларусь і Расія павінны сінхронна выйсці на роўнадаходныя цэны да 2015 года. "Гэта прадугледжвае зусім іншую сістэму цэнаўтварэння, а для нас — іншыя цэны, падыходы. Мы цяпер вядзём перагаворы, і калі два гэтыя пытанні сыходзяцца (пытанні цэнаўтварэння і продажу "Белтрансгаза". — Заўвага БЕЛТА), то мы гатовы хоць сёння падпісаць два дакументы — кантракт на пастаўку газу і кантракт на продаж пакета акцый "Белтрансгаза", — адзначыў Уладзімір Сямашка.