Адміністрацыя Прэзідэнта да канца года правядзе прамыя лініі ў кожным раёне Мінска
Адміністрацыя Прэзідэнта Беларусі правядзе прамыя лініі з насельніцтвам да канца гэтага года ў кожным раёне Мінска. Аб гэтым паведаміў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Уладзімір Макей учора падчас прамой лініі ў адміністрацыі Фрунзенскага раёна Мінска, перадае БЕЛТА.
"У лістападзе мінулага года кіраўнік дзяржавы правёў нараду па пытаннях работы са зваротамі грамадзян. Адміністрацыя Прэзідэнта рэгулярна праводзіць прамыя тэлефонныя лініі, прыёмы грамадзян. На ўзроўні Адміністрацыі Прэзідэнта прамыя лініі адбудуцца да канца года ва ўсіх раёнах сталіцы нараўне са штоквартальнымі прыёмамі і выязнымі прыёмамі грамадзян", — сказаў Уладзімір Макей.
Адрасаваныя кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі пытанні пераважна датычыліся работы ЖКГ і будаўніцтва жылля: гараджане скардзіліся на марудныя тэмпы будаўніцтва і падаражэнне кошту ў працэсе яго ўзвядзення. У сувязі з гэтым Уладзімір Макей нагадаў патрабаванне кіраўніка дзяржавы, агучанае на нарадзе 27 мая, — не павялічваць кошт будаўніцтва жылля па раней заключаных дагаворах. "Ёсць дакладнае патрабаванне Прэзідэнта: зрабіць так, каб людзі не адчулі павелічэння кошту будаўніцтва жылля", — сказаў ён. Адпаведнае пытанне кіраўнік дзяржавы даручыў прапрацаваць ва ўрадзе і выпрацаваць канкрэтныя прапановы, каб дольшчыкі не адчулі росту цэн.
Усе агучаныя падчас прамой лініі праблемы будуць дэталёва прааналізаваны адпаведнымі службамі. У бліжэйшы час мінчане атрымаюць пісьмовыя адказы на свае пытанні.
Адміністрацыя Фрунзенскага раёна Мінска для правядзення прамой лініі выбрана невыпадкова. У 2010 годзе ад жыхароў гэтага самага населенага сталічнага раёна, у якім пражывае 393,5 тыс. чалавек, паступіла больш за 2 тыс. зваротаў — на 33,2 працэнта больш у параўнанні з 2009-м. Раён з'яўляецца лідарам у Мінску па колькасці зваротаў у Адміністрацыю Прэзідэнта. Больш за ўсё людзі скардзіліся на сферу ЖКГ (518 зваротаў, рост на 59,8 працэнта). Часцей за ўсё жыхары гэтага раёна ўзнімаюць пытанні рамонту і эксплуатацыі жылля. Шмат зваротаў па пытаннях паляпшэння жыллёвых умоў. Актуальнай застаецца тэматыка зносу жылых дамоў. Шмат нараканняў і наконт правядзення ў жылых дамах капітальнага рамонту. Павелічэнне кошту будаўніцтва жылля, яго тэрмінаў, увод жылля са шматлікімі дэфектамі таксама прыводзіць да абгрунтаваных скаргаў людзей. Колькасць зваротаў па гэтай тэматыцы ўзрасла ў 2010 годзе на 17 працэнтаў да 110.
На 57,5 працэнта павялічылася ў 2010 годзе колькасць зваротаў фрунзенцаў у Адміністрацыю Прэзідэнта па пытаннях сацыяльнага забеспячэння. Захоўваецца рост зваротаў па пытаннях дзейнасці судоў і праваахоўных органаў (на 10 працэнтаў).
За студзень—красавік гэтага года ў Адміністрацыю Прэзідэнта ад жыхароў Фрунзенскага раёна паступіла 579 зваротаў, што на 6,2 працэнта больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Характар і тэматыка зваротаў практычна не змяніліся.
Адміністрацыя Фрунзенскага раёна праводзіць вялікую работу па вырашэнні ўзнятых у зваротах праблем, але меры не заўсёды эфектыўныя і дасягаюць жаданага выніку. Асобныя недахопы сведчаць аб неабходнасці актывізацыі работы ў гэтым напрамку. Трэба праводзіць больш глыбокі аналіз зваротаў і прымаць папераджальныя меры па ўстараненні прычын, якія выклікаюць скаргі, лічаць у Адміністрацыі Прэзідэнта.