Прэзідэнты Беларусі і Казахстана выказалі задавальненне вынікамі афіцыйнага візіту Аляксандра Лукашэнкі
Аб гэтым гаворыцца ў сумеснай заяве кіраўнікоў дзяржаў, якую яны падпісалі па выніках перагавораў у Астане, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У сумеснай заяве падкрэслена, што візіт прайшоў у атмасферы дружбы, узаемаразумення і даверу. "Блізкасць пазіцый па актуальных пытаннях двухбаковага і міжнароднага парадкаў дня, а таксама дасягнутыя дамоўленасці падкрэсліваюць паступальнае развіццё стратэгічнага беларуска-казахстанскага партнёрства", — гаворыцца ў дакуменце.
Аляксандр Лукашэнка, падзякаваўшы за цёплы прыём і гасціннасць, аказаныя яму і беларускай дэлегацыі, запрасіў Прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева наведаць з афіцыйным візітам Беларусь у зручны для яго час.
Акрамя таго, у Астане падпісаны пагадненне аб супрацоўніцтве паміж міністэрствамі ўнутраных спраў Беларусі і Казахстана, пагадненне паміж міністэрствамі абароны аб супрацоўніцтве ў галіне бяспекі палётаў дзяржаўных паветраных суднаў, міжурадавае пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне ўрадавай сувязі. Подпісы пад гэтымі дакументамі з беларускага боку паставіў міністр замежных спраў Сяргей Мартынаў.
Прэзідэнт Казахстана адзначыў значнае павелічэнне тавараабароту паміж дзвюма краінамі, асабліва за апошнія два гады. Паспяхова ідзе зборка тэхнікі на сумесных прадпрыемствах. "Гэта сведчыць аб тым, што мы на правільным шляху, і ваш візіт надасць яшчэ большы імпульс супрацоўніцтву. Будзем дамаўляцца аб новых праектах", — адзначыў казахстанскі лідар.
У сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Я не мог не прыехаць да чалавека, які заўсёды падтрымліваў і падтрымлівае беларускі народ. У тыя снежаньскія дні вы былі першым, хто павіншаваў нас з вынікамі прэзідэнцкай кампаніі, хто працягнуў руку беларускаму народу".
Прэзідэнт Беларусі таксама павіншаваў Нурсултана Назарбаева з пераканаўчай перамогай на прэзідэнцкіх выбарах, якія нядаўна прайшлі ў рэспубліцы. "Казахстанскі народ выбраў чалавека, на якога мы разлічваем з пункту гледжання захавання пераемнасці адносін з Беларуссю", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"Мы намецілі шэраг праграм, каля 30, у 2009 годзе. Настаў час паглядзець гэтыя праграмы, калі неабходна — прарэвізаваць, дабавіць новыя", — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Адзіная эканамічная прастора — гэта вялікія магчымасці для Беларусі, Казахстана і Расіі, аднак разам з тым гэта і абавязацельствы. "Мы вельмі разлічваем, што ў Адзінай эканамічнай прасторы не будзе штучных перашкод, якія сёння існуюць, для пастаўкі нафты і нафтапрадуктаў у Беларусь і далейшай перапрацоўкі, як і іншых тавараў", — заявіў Прэзідэнт Беларусі.
Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, беларускі і казахстанскі народы не адно дзесяцігоддзе аб'ядноўваюць не толькі цеснае супрацоўніцтва і ўзаемадапамога, але і ўнікальныя саюзніцкія адносіны. Аляксандр Лукашэнка адзначыў імклівае развіццё Казахстана і яго сталіцы Астаны. "Мы хацелі б падключыцца да гэтых грандыёзных планаў. І мы хацелі б, каб Казахстан выкарыстоўваў усё тое, што ў нас было накоплена ў савецкі перыяд, і тое, што мы змаглі падтрымаць і развіць цяпер. Мы гатовы ісці ў Казахстан, кааперавацца, мы гатовы вырабляць сумесна тут усё, што неабходна для Казахстана. Мы крайне зацікаўлены ў тым, каб працаваць на казахстанскай зямлі", — заявіў кіраўнік беларускай дзяржавы. Асновай такога супрацоўніцтва служыць узаемадапаўняльнасць эканомік дзвюх краін. Як адзначыў беларускі лідар, у Беларусі і Казахстана практычна няма канкурэнтных вытворчасцяў. "Усё, што вырабляем мы, патрэбна Казахстану. Усё, што вырабляе Казахстан, спажываецца ў Беларусі", — адзначыў ён.Прэзідэнт Беларусі паведаміў, што цяпер рэалізуюцца многія сумесныя беларуска-казахстанскія праекты коштам больш як $100 млн, а тавараабарот дзвюх краін наблізіўся да $1 млрд. "Упэўнены, што гэта толькі пачатак і ў нас наперадзе нармальнае будучае ў нашых адносінах. Мы гатовы падключыцца да вашых праграм па індустрыялізацыі краіны", — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Нурсултан Назарбаеў адзначыў, што Беларусь змагла захаваць сваю эканамічную магутнасць як краіна, дзе добра развіта перапрацоўчая прамысловасць, у той час як Казахстан з'яўляецца краінай, якая здабывае сыравіну. Менавіта таму эканомікі дзвюх дзяржаў узаемадапаўняльныя. "Мы зазірнулі і ў будучыню — па ўдзелу казахстанскіх кампаній у прыватызацыі аб'ектаў буйной прамысловасці ў Беларусі. Нас цікавіць машынабудаванне, хімічная прамысловасць, нафтаперапрацоўка, сельская гаспадарка. Я лічу, што казахстанскія кампаніі прымуць актыўны ўдзел у праграмах прыватызацыі ў Беларусі", — заявіў Прэзідэнт Казахстана, адзначыўшы, што гэта будзе садзейнічаць павелічэнню ўзаемнага патоку інвестыцый.
У сваю чаргу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што ў ходзе перагавораў бакі дамовіліся аб стварэнні новых сумесных прадпрыемстваў не толькі ў Казахстане, але і ў Беларусі з удзелам казахстанскага капіталу. У прыватнасці, кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што Казахстан праяўляе цікавасць да высокатэхналагічных прадпрыемстваў Беларусі. Сярод тых, куды могуць прыйсці казахстанскія інвестыцыі, беларускі лідар назваў "Інтэграл". "Мы таксама зацікаўлены ў інвестыцыях у гэта прадпрыемства. Мне падабаецца прапанова Прэзідэнта Казахстана, і ў бліжэйшы час мы прымем гэта рашэнне ў Беларусі, а таксама па шэрагу іншых прадпрыемстваў", — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Сярод пераваг супрацоўніцтва з Казахстанам у інвестыцыйнай сферы Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў гэтай краіны закладзены вельмі добрыя кантакты з высокатэхналагічнымі краінамі ў Азіі, такімі як Рэспубліка Карэя і Японія. "Мы бачым тут не толькі інвестыцыі з Казахстана ў такія прадпрыемствы, але і вельмі добрую сувязь Беларусі праз Казахстан з азіяцкімі "монстрамі", якія ў гэтых адносінах рушылі наперад", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Урадам Беларусі і Казахстана даручана падрыхтаваць да падпісання двухбаковае міжурадавае пагадненне аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве ў галіне паставак нафты і нафтапрадуктаў у Беларусь. Аб гэтым гаворыцца ў сумеснай заяве прэзідэнтаў Беларусі і Казахстана.
Сярод прыярытэтных напрамкаў — "развіццё энергетычнага дыялога паміж Беларуссю і Казахстанам, паступальнае напаўненне яго практычным зместам, уключаючы падрыхтоўку да падпісання двухбаковага міжурадавага пагаднення аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве ў галіне паставак нафты і нафтапрадуктаў у Беларусь з улікам міжнародных абавязацельстваў абедзвюх дзяржаў".