Анатоль Куляшоў: "Следства па справе аб выбуху ў метро праводзіць ацэнку атрыманых доказаў"

Источник материала:  

Аб гэтым паведаміў учора міністр унутраных спраў Беларусі Анатоль Куляшоў у час анлайн-канферэнцыі на сайце Белтэлерадыёкампаніі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў міністра, праваахоўнікамі знойдзены менавіта тыя асобы, якія маюць дачыненне да выбуху на станцыі метро "Кастрычніцкая". "Яны вырабілі выбуховае ўстройства, — сказаў міністр. — Прэзідэнтам краіны пастаўлена задача за самы сціслы тэрмін забяспечыць якаснае, поўнае, аб'ектыўнае расследаванне крымінальнай справы для таго, каб мець канчатковую ацэнку ўжо ў судзе. У мяне як у міністра ўнутраных спраў сумненняў у тым, што гэта менавіта тыя асобы, няма".

Каментуючы розныя публікацыі, у якіх пэўная інфармацыя, агучаная следчай групай, ставіцца пад сумненне, Анатоль Куляшоў адзначыў: "Гэтым займаецца той, каму гэта выгадна. Да такога я ставіўся і стаўлюся адмоўна... Я лічу, што нават пасля суда знойдуцца людзі, якія будуць сумнявацца ў тым, што мы прыцягнулі да адказнасці менавіта тых людзей".

"На сёння мы ахапілі фактычна 90 працэнтаў тых, хто падлягае дактыласкапіі. Да 1 мая мы павінны зрабіць справаздачу перад Прэзідэнтам аб тым, што пастаўленая задача выканана", — сказаў міністр.

Ён таксама нагадаў, што закон дае магчымасць органам унутраных спраў зрабіць дактыласкапію ўсім ваеннабавязаным. Больш таго, паводле слоў Анатоля Куляшова, пасля таго, як былі знойдзены падазроныя па справе аб выбуху, неабходнасць дактыласкапіі не адпала. "Закон будзе выконвацца і ў далейшым".

У КаАП Беларусі можна ўвесці артыкул за адмову ад абавязковай дактыласкапічнай рэгістрацыі. Нагадаўшы, што такія штрафы пакуль не прадугледжаны, міністр заявіў: "Але я лічу, што мы выправім гэта становішча. Можна ўнесці ў Адміністрацыйны кодэкс адпаведны артыкул, што дасць магчымасць супрацоўнікам міліцыі прыцягваць да адказнасці асоб, якія адмаўляюцца ад абавязковай дактыласкапіі".

Інфармацыі аб тым, што да вырабу ўзрыўчаткі мае дачыненне дзяўчына аднаго з падазроных па справе аб тэракце ў мінскім метро, няма. "Інфармацыі аб яе дачыненні да вырабу ўзрыўчаткі ў мяне няма", — паведаміў міністр і дадаў, што дзяўчына вучыцца ў адным з прыватных інстытутаў Мінска.

Міністр адзначыў, што пасля тэракта былі зроблены пэўныя высновы. Ён дадаў: "Трэба быць больш акуратнымі ва ўзаемаадносінах, праяўляць, дзе гэта неабходна, асцярожнасць. Не празмерную, без перабору, а ў рамках разумнага. Каб можна было зарыентавацца ў той ці іншай сітуацыі згодна з тымі працэсамі, што адбываюцца".

Анатоль Куляшоў сказаў, што калі хтосьці заўважыў падазроны прадмет, трэба не панікаваць, а "даць інфармацыю ў адпаведную службу". Кіраўнік МУС падкрэсліў: "Гэта абавязак кожнага чалавека, яго грамадзянская пазіцыя".

Суд па справе аб выбуху ў метро плануецца правесці ў адкрытым фармаце. "Думаю, што суд будзе адкрытым і можна будзе на свае вочы назіраць і ацэньваць, нават не будучы спецыялістам, а потым прыходзіць ужо да сваёй высновы — так гэта ці не так".

Пры гэтым ён акцэнтаваў увагу, што кропку ў гэтай справе паставіць менавіта суд. Міліцыя затрымала бацьку і старэйшага брата падазронага, які, паводле звестак следства, з'яўляецца выканаўцам тэракта ў метро. "Яны знаходзяцца ў нас — і бацька, і старэйшы брат. Але рашэнне па выбранні далейшай меры стрымання будзе прымаць следчы, кіраўнік следчай групы — узяць падпіску аб нявыездзе або пакінуць знаходжанне пад вартай. Пакуль яны ў нас".

Адказваючы на пытанне наконт таго, што інфармацыя, якую паведамлялі СМІ афіцыйныя асобы наконт тэракта, крыху адрознівалася, міністр сказаў: "Калі б у жыцці ўсё так было проста і лёгка, то мы б гэту крымінальную справу, пасля таго, як затрымалі падазроных, за суткі накіравалі б у суд". Анатоль Куляшоў падкрэсліў, што такія злачынствы вельмі складаныя ў расследаванні, паколькі ўзнікае шэраг супярэчнасцяў.

Ён растлумачыў: "Для таго каб усе гэтыя супярэчнасці ўстараняць, трэба каласальную работу правесці. Гэта сотні тысяч допытаў, сотні тысяч апытанняў, правядзенне соцень розных экспертыз (хіміка-тэхнічных, фізічных, псіхалагічных і судова-медыцынскіх). Для таго каб звесці разам усю інфармацыю, устаноўлены тэрмін папярэдняга расследавання. Калі мы не ўкладваемся ў два месяцы, мы можам прадоўжыць тэрмін расследавання да таго моманту, калі мы будзе цвёрда перакананы ў тым, што ўсе супярэчнасці па крымінальнай справе ў ходзе расследавання ўстаранёны... Тут ніякай блытаніны не было". Міністр дадаў, што на першапачатковым этапе была адна інфармацыя, на другім — ужо другая і г.д.

"Калі мы скончым расследаванне гэтай крымінальнай справы, тады і зможам сказаць: такой была рэальная сітуацыя. Яна будзе ацэнена ў судовым следстве, і будзе вынесены прыгавор", — сказаў кіраўнік МУС.

"На сёння па факце халатнасці ўжо ўзбуджана крымінальная справа. І ў рамках гэтай крымінальнай справы будзе дадзена ацэнка ўсім асобам, вінаватым у тым, што здарылася", — сказаў міністр.

Адказваючы на пытанне аб колькасці супрацоўнікаў, якія, як мяркуецца, не прынялі належных мер, міністр сказаў: "Калі браць па горадзе Мінску, станцыя метро "Фрунзенская" (менавіта адтуль тэрарыст прывёз узрыўчатку на станцыю "Кастрычніцкая". — <І>Заўвага БЕЛТА ), гэта пакуль адзін супрацоўнік. Але не трэба забываць аб тых, хто абавязаны быў кантраляваць работу падначаленых. Гэта значыць з улікам функцыянальных абавязкаў будзе давацца прававая ацэнка кожнай службовай асобе".

Ніякай дэстабілізацыі грамадскага парадку каля пунктаў абмену валюты на сёння няма, заявіў міністр. Міністр адзначыў: "Праваахоўныя органы, вядома, уплываюць на гэту сітуацыю. З'яўляюцца людзі, якія спрабуюць купіць-прадаць па завышаным курсе валюту. Адносна такіх асоб мы складаем пратаколы".

Анатоль Куляшоў нагадаў, што грашовыя сродкі ў такіх выпадках канфіскуюцца, а матэрыялы накіроўваюцца ў суд.

←Путин считает необходимым ратифицировать соглашения по ЕЭП до 1 июля

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика