У Беларусi з 1 лiпеня пашыраюцца магчымасцi атрымання аднаразовых субсiдый на жыллё
Як паведамiлi БЕЛТА ў прэс-службе Прэзiдэнта, Аляксандр Лукашэнка 22 красавiка падпiсаў указ № 172, якiм уносяцца змяненнi i дапаўненнi ў некаторыя ўказы кiраўнiка дзяржавы.
Дакумент накiраваны на далейшае ўдасканаленне ўмоў i механiзму аказання дзяржаўнай падтрымкi грамадзянам пры будаўнiцтве (рэканструкцыi) або набыццi жылых памяшканняў, а таксама парадку прадастаўлення i выкарыстання службовых памяшканняў дзяржаўнага жыллёвага фонду.
Указам пашыраюцца магчымасцi атрымання аднаразовых субсiдый для маладых сем'яў, а таксама грамадзян, якiя пастаянна пражываюць i працуюць у сельскай мясцовасцi, не маюць пазачарговага права на прадастаўленне аднаразовых субсiдый на будаўнiцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылых памяшканняў. Гэтым катэгорыям грамадзян выплата аднаразовых субсiдый на пагашэнне запазычанасцi па льготным крэдыце будзе праводзiцца не ў працэсе будаўнiцтва (рэканструкцыi) або набыцця жылога памяшкання), а пасля ўводу дома ў эксплуатацыю (набыцця жылога памяшкання) роўнымi долямi ў тэрмiны, устаноўленыя крэдытным дагаворам. Гэта дасць магчымасць пашырыць колькасць атрымальнiкаў гэтай дзяржаўнай падтрымкi.
Дакументам здымаецца абмежаванне тэрмiну звароту грамадзян (пры наяўнасцi ўстаноўленых заканадаўствам падстаў) на перадачу ва ўласнасць на платнай аснове ў адпаведнасцi з законам "Аб прыватызацыi жыллёвага фонду ў Рэспублiцы Беларусь" службовых жылых памяшканняў дзяржаўнага жыллёвага фонду, прадастаўленых iм ва ўстаноўленым парадку да 8 красавiка 2006 года. Разам з тым службовыя жылыя памяшканнi дзяржаўнага жыллёвага фонду, прадастаўленыя пасля 8 красавiка 2006 года, па-ранейшаму не будуць падлягаць выключэнню са складу службовых i прыватызацыi.
Указам прадугледжваецца магчымасць аплаты кошту перадаваемых службовых жылых памяшканняў дзяржаўнага жыллёвага фонду ў растэрмiноўку на 20 гадоў пры ўмове ўнясення першапачатковага ўзносу ў памеры не менш як 10 працэнтаў iх кошту. Указ уступае ў сiлу з 1 лiпеня 2011 года.