Пачуццё бяспекі

Источник материала:  

У маёй краіне такое не здарыцца ніколі. Хто з нас не думаў так да 11 красавіка?! Жахлівей за перажытую трагедыю можа быць толькі... усеагульная паніка. Учора зранку сарафаннае радыё пачало разносіць: новы выбух. Называлі розныя віды транспарту і месцы здарэння. Ці ж цяжка паверыць у гэта разгубленым і захопленым знянацку людзям? Праваахоўнікі ўсю дэзу абверглі. Але ж асадак, як кажуць, застаўся.

Хлуслівыя чуткі пракаментаваў у гутарцы з журналістамі дзяржсакратар Савета бяспекі Беларусі Леанід МАЛЬЦАЎ:

— Хацеў бы выказаць сваё неўразуменне тым, што знаходзяцца людзі, якія ў гэтай складанай абстаноўцы, на гэтай трагедыі спрабуюць зарабіць нейкія дывідэнды, сеяць паніку. Зранку пастаянна правяралі пэўныя чуткі: нібыта выбух на аўтобусным прыпынку, яшчэ штосьці. Калі такая інфармацыя прыходзіць, мы неадкладна рэагуем, пасылаем для праверкі. А гэта адрывае праваахоўнікаў ад асноўнай работы.

Дзяржсакратар Саўбеза не схільны расцэньваць усе чуткі як мэтанакіраваны ўплыў:

— Ёсць людзі, якія хочуць такім чынам нібыта пажартаваць, не разумеючы, што гэта злыя жарты, гэта крымінал, за такое наступае крымінальная адказнасць. Але ёсць, відаць, і тыя, хто спецыяльна спрабуе падліць алею ў агонь, пасеяць паніку. Розныя матывы. У кожным канкрэтным выпадку будзем разбірацца і рабіць адэкватныя захады.

Асноўная работа, ад якой чуткамі адрываюць праваахоўнікаў, відавочна, — гэта, па-першае, аператыўна-вышуковая дзейнасць. Дарэчы, тут нашым спецыялістам дапамагаюць расійскія калегі.

— Я хачу выказаць удзячнасць кіраўніцтву Расійскай Федэрацыі, — падкрэсліў дзяржсакратар Савета бяспекі Беларусі. — Ужо прыбылі прадстаўнікі ФСБ і прыступілі да працы разам з нашымі супрацоўнікамі. І я ўпэўнены, што ў самы блізкі час будуць канкрэтныя вынікі.

А па-другое, сёння як ніколі важнае захаванне бяспекі па ўсёй краіне. Пачуцця бяспекі нам усім цяпер нестае...

— Тут таксама праваахоўная сістэма выконвае ўсе даручэнні. Зробленыя вычарпальныя захады, — канстатуе Леанід Мальцаў.

І ён удзячны за тое, што нашы грамадзяне з разуменнем ставяцца да прынятых захадаў, дадатковага кантролю ў метро, напрыклад.

— Больш за тое, грамадзяне аказваюць дапамогу праваахоўным органам па ўсіх кірунках. Таму ў мяне няма сумненняў, што агульнымі намаганнямі мы адновім парадак і будзем жыць мірна — так, як і жылі: у стабільнай і бяспечнай краіне.

Ала МАЧАЛАВА.

←Совет ЕС не принял никаких формальных решений по Беларуси

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика