Аляксандр Лукашэнка: "У Беларусі неабходна больш інтэнсіўна развіваць вытворчасць, якая працуе на айчыннай сыравіне"
Такую задачу паставіў учора Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання ААТ "Бярозабудматэрыялы", перадае БЕЛТА.
Як далажыў кіраўніку дзяржавы генеральны дырэктар прадпрыемства Мікалай Жук, аб'ём вытворчасці прадукцыі ў 2010 годзе ў параўнанні з папярэднім годам павялічыўся амаль на 16 працэнтаў да Br130 млрд. Пасля наведвання Аляксандрам Лукашэнкам гэтага прадпрыемства ў 2007 годзе і дадзенага ім даручэння па нарошчванні вытворчасці тут быў адкрыты новы цэх, у якім ужо ў 2008 годзе выпушчана першая прадукцыя. Прадукцыя прадпрыемства запатрабавана не толькі на беларускім рынку, але і ў краінах блізкага і далёкага замежжа, куды пастаўляецца амаль 55 працэнтаў выпускаемых будматэрыялаў. Паводле слоў кіраўніка прадпрыемства, гэты аб'ём плануецца павялічыць да 80 працэнтаў. У цэлым жа ў 2010 годзе было экспартавана прадукцыі на $25 млн, у той час як у 2000 годзе гэты паказчык складаў крыху больш як $3 млн. За мінулы год прадпрыемства спрацавала з дадатным сальда $15,6 млн.
На ААТ "Бярозабудматэрыялы" выпускаецца два віды прадукцыі: керамічная плітка для ўнутранай абліцоўкі сцен і падлогі і ў нязначных аб'ёмах цеплаізаляцыйныя матэрыялы з мінеральнай ваты. У 2002 годзе на прадпрыемстве было ўстаноўлена высокатэхналагічнае абсталяванне па вытворчасці керамічнай пліткі італьянскай фірмы Sасmі. Прадукцыя прадпрыемства адпавядае сусветным стандартам якасці.
Прадпрыемства выпускае амаль 6 млн кв.м керамічнай пліткі ў год. Паводле слоў Мікалая Жука, ужо ў гэтым годзе плануецца нарасціць вытворчасць яшчэ на 2 млн кв.м, а ў 2013 годзе — на 3 млн кв.м. Як адзначыў Прэзідэнт, пры наяўнасці вялікага попыту неабходна больш інтэнсіўна нарошчваць аб'ёмы, арыентуючыся на падобныя еўрапейскія вытворчасці, дзе ў год выпускаецца больш як 14 млн кв.м пліткі.
"Трэба глядзець. Калі ёсць такі высокі попыт на прадукцыю, то неабходна больш інтэнсіўна нарошчваць аб'ёмы", — сказаў кіраўнік дзяржавы. У той жа час ён падкрэсліў: "Трэба нарошчваць тую вытворчасць, пад якую ёсць свая сыравіна".
Падчас наведвання прадпрыемства была закранута і тэма дзяржаўнай падтрымкі. Як адзначыў Прэзідэнт, дзяржава будзе аказваць дапамогу, але толькі там, дзе яна неабходная. Прадпрыемствы, якія добра працуюць, павінны разлічваць на свае сілы і своечасова вяртаць крэдытныя сродкі. "Дапамагаць мы будзем, але там, дзе напружаная сітуацыя, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Трэба грошы ўкладваць і ў іншыя прадпрыемствы, нам усюды трэба ствараць такія "цацкі", дзе добрыя аб'ёмы і высокая якасць прадукцыі. А там, дзе трэба дапамагчы, мы і будзем дапамагаць".