ПАД ЗНАКАМ СТВАРЭННЯ
Паважаныя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў!
Паважаныя запрошаныя і журналісты!
У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь сёння, 4 красавіка 2011 года, пачынае работу восьмая сесія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь чацвёртага склікання.
Для дэпутацкага корпуса гэта будзе напружаны перыяд. Краіна ўступіла на шлях значных эканамічных і сацыяльных пераўтварэнняў, ухваленых чацвёртым Усебеларускім народным сходам. Іх рэалізацыя запатрабуе прыняцця прынцыповых прававых рашэнняў, якія закранаюць многія сферы жыцця грамадства і дзяржавы.
Прыярытэты і праблематыка пытанняў эканамічнага блока вызначаны палажэннямі Дырэктывы Кіраўніка дзяржавы № 4 і новай Праграмы дзейнасці Урада. Адна з галоўных задач — забяспечыць уваходжанне Беларусі ў першую трыццатку краін па ўмовах вядзення бізнэсу.
Сваю ролю ў яе вырашэнні павінны адыграць заканадаўчыя меры, накіраваныя на скарачэнне сферы ліцэнзавання, развіццё адносін арэнды і залогу, аптымізацыю парадку дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці.
Працягнецца работа па спрашчэнні адміністрацыйных працэдур. Гэта закране пытанні абыходжання з аб'ектамі расліннага свету, прадастаўлення ў адасобленае карыстанне вадаёмаў. Гэтыя меры асабліва актуальны з улікам неабходнасці стымулявання дзелавой актыўнасці ў рэгіёнах.
З пазіцыі развіцця прадпрымальнасці і ініцыятывы будзе вырашацца праблема абароны аўтарскіх правоў. Аўтары і іншыя праваўладальнікі павінны быць упэўнены ў тым, што закон гарантуе непарушнасць іх правоў, а спробы незаконнага выкарыстання аб'ектаў аўтарскага права будуць спыняцца дзяржавай.
Неабходна надаць дадатковы імпульс развіццю рэкламнага рынку. Пры гэтым вельмі важна знайсці правільнае рашэнне праблемных пытанняў, выяўленых у ходзе правапрымяняльнай практыкі, забяспечыць баланс інтарэсаў рэкламадаўцаў і насельніцтва.
Развіццё рыначных інстытутаў патрабуе аптымізацыі працэдур вырашэння гаспадарчых спрэчак, у тым ліку і за кошт больш шырокага прымянення альтэрнатыўных спосабаў. У ходзе сесіі будзе зроблены сур'ёзны крок у гэтым напрамку шляхам умацавання статусу трацейскіх судоў.
Адна з прыярытэтных задач — узмацненне экспартнага складніка эканомікі. Тут сваю ролю павінна адыграць ратыфікацыя пакета пагадненняў у рамках Мытнага саюза Беларусі, Казахстана і Расіі.
Выхад на новы ўзровень стратэгічнага партнёрства дасць магчымасць стварыць спрыяльныя ўмовы для свабоднага перамяшчэння тавараў і паслуг, правядзення адзінай канкурэнтнай палітыкі. У выйгрышы будзе і насельніцтва. Пры перасячэнні мытнай мяжы можна будзе не дэклараваць грашовыя сродкі ў памеры да 10 000 долараў ЗША. Павялічацца нормы бяспошліннага ўвозу тавараў фізічнымі асобамі.
У перыяд мадэрнізацыі эканомікі актуалізуюцца пытанні абароны правоў працоўных, што патрабуе прыняцця адэкватных мер па развіцці сістэмы сацыяльнага партнёрства, удасканаленні форм і метадаў узаемадзеяння прафсаюзаў з наймальнікамі і органамі дзяржаўнага кіравання. Над адпаведным законапраектам мы працуем ужо.
І ў цэлым роля дзяржаўных органаў у аператыўным, а галоўнае якасным вырашэнні праблем і патрэб людзей сёння ўзрастае. Неабходна закрыць магчымасці для праяўлення фармалізму і валакіты ў рабоце са зваротамі грамадзян, павысіць адказнасць службовых асоб. З іншага боку, і заяўнік павінен дзейнічаць у рамках закону. З гэтых пазіцый і трэба разглядаць законапраект "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб".
Найбольш аб'ёмны блок законапраектаў на сесіі прысвечаны сацыяльнай тэматыцы. Агульным для іх з'яўляецца арыентацыя на павышэнне якасці жыцця. У прыватнасці, нам трэба завяршыць работу над праектам Жыллёвага кодэкса. Закранаючы інтарэсы практычна кожнага грамадзяніна, ён аказвае значны ўплыў на развіццё многіх сфер жыцця грамадства і дзяржавы.
У цэнтры ўвагі знаходзіцца ўмацаванне правоў уласнікаў жылля. Яны атрымаюць магчымасць высялення тых, хто не мае долі ў праве ўласнасці на жылое памяшканне.
Спросціцца парадак пераводу жылых памяшканняў у нежылыя і наадварот, больш празрыстай стане сістэма аплаты жыллёва-камунальных паслуг.
У той жа час законапраект абараняе дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, прадастаўляючы ім права на атрыманне сацыяльнага жылля.
Сёння неабходна больш актыўна ўкараняць новыя схемы фінансавання жыллёвага будаўніцтва. На сесіі мы ўшчыльную падыдзем да вырашэння гэтай задачы за кошт уключэння ў Кодэкс норм, якія стымулююць развіццё іпатэкі.
Павысіць эфектыўнасць выкарыстання інвестыцыйнага патэнцыялу насельніцтва дасць магчымасць і прававое замацаванне сістэмы жыллёвых будаўнічых зберажэнняў. Адзначу, што ў адпаведны законапраект плануецца ўключыць норму аб прадастаўленні тым, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, штогадовай жыллёвай прэміі дзяржавы ў памеры трох з палавінай працэнтаў ад накопленай сумы.
Вызначана кола праблем у сферы аховы здароўя, якія таксама чакаюць свайго вырашэння. Мы ўпершыню пачынаем прававое рэгуляванне такой важнай галіны, як прымяненне дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій. У полі нашага зроку і пытанне аб праве сурагатных маці на дапамогі, звязаныя з цяжарнасцю і родамі.
Упершыню будуць разглядацца заканадаўчыя меры, звязаныя з прадухіленнем распаўсюджвання небяспечных для здароўя насельніцтва захворванняў, віруса імунадэфіцыту чалавека, а таксама нормы, накіраваныя на абарону грамадзян ад неабгрунтаванага аказання псіхіятрычнай дапамогі.
Сёння запатрабаваны жыццём папраўкі, якія ўносяцца ў Кодэкс аб шлюбе і сям'і. Гэта ў першую чаргу канкрэтызацыя палажэнняў аб шлюбным дагаворы і аб абавязках мужа і жонкі, звязаных з ажыццяўленнем догляду дзіцяці-інваліда, скарачэнне тэрміну і спрашчэнне парадку заключэння шлюбу.
Характэрнай рысай сесіі стане разгляд шырокага спектра пытанняў культуры. Запланавана карэкціроўка базавага закона ў гэтай галіне.
Неабходна стварыць умовы для пераходу да дзяржаўна-прыватнага партнёрства пры фінансаванні кінавытворчасці, забяспечыўшы пры гэтым перадумовы для стварэння высокамастацкага беларускага кіно.
Важную ролю ў захаванні нацыянальнай спадчыны павінны адыграць змяненні і дапаўненні, якія ўносяцца ў заканадаўства аб музеях і Музейным фондзе. На якасна новы ўзровень трэба ўзняць і прававое рэгуляванне архіўнай справы.
Шэраг рашэнняў прадугледжваецца разгледзець у сферах нацыянальнай бяспекі, забеспячэння законнасці і правапарадку. Будуць заканадаўча ўдасканалены некаторыя аспекты дзейнасці пракуратуры, барацьбы з карупцыяй, узмоцнены асобныя меры прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх.
Ва ўмовах адкрытасці эканомікі, узмацнення міграцыйных працэсаў асаблівую ролю павінен адыграць праект прынцыпова новага закона "Аб процідзеянні гандлю людзьмі". Пры яго разглядзе трэба вырашыць двухадзіную задачу.
З аднаго боку — паставіць заслону тым, хто хоча нагрэць рукі на чалавечай даверлівасці і недасведчанасці, а таксама стварыць эфектыўную сістэму абароны і рэабілітацыі ахвяр гандлю людзьмі. З іншага боку, законапраект павінен садзейнічаць пашырэнню міжнародных кантактаў моладзі ў сферах адукацыі, культуры, спорту.
Пераходзячы да міжнароднага аспекту нашай дзейнасці, хацеў бы падвесці некаторыя вынікі работы дэпутатаў у міжсесійны перыяд па адстойванні інтарэсаў нашай краіны на сусветнай арэне.
У сувязі з гэтым перш за ўсё адзначу Заяву Савета Палаты прадстаўнікоў і Прэзідыума Савета Рэспублікі, прынятую ў адказ на рэзалюцыю Еўрапейскага парламента па сітуацыі ў Беларусі. У дакуменце выразна і дакладна сказана, што практыка размовы з суверэннай дзяржавай мовай санкцый, галаслоўных абвінавачанняў і прадузятых ацэнак бесперспектыўная.
Беларускі парламент адкрыты да канструктыўнага дыялогу з міжнароднымі парламенцкімі арганізацыямі і парламентамі замежных дзяржаў выключна на аснове ўзаемнай павагі і раўнапраўя.
Такую ж прынцыповасць дэпутаты выказалі і адносна правамернасці прымянення на тэрыторыі нашай дзяржавы Закона Рэспублікі Польшча "Аб картцы паляка".
Па прапанове беларускіх грамадзян і структур грамадзянскай супольнасці гэта пытанне было разгледжана на сёмай пазачарговай сесіі Палаты прадстаўнікоў.
Дэпутаты прынялі рашэнне прапанаваць Канстытуцыйнаму Суду Рэспублікі Беларусь выкласці пазіцыю аб адпаведнасці гэтага закона агульнапрызнаным прынцыпам і нормам міжнароднага права.
Прававая ацэнка Канстытуцыйнага Суда стане трывалай асновай для працягу дыялогу па прадметным абмеркаванні пытанняў аб выдачы карткі паляка ў частцы, якая закранае інтарэсы беларускага боку.
Актыўная работа праводзілася і ў рамках міжпарламенцкіх арганізацый. Дэлегацыя Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь прыняла ўдзел у 10-й зімовай сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ ў г. Вене.
На форуме беларускія парламентарыі прадставілі інфармацыю аб укладзе Беларусі ў міжнародныя намаганні па барацьбе з гандлем людзьмі і па праблематыцы міграцыі і інтэграцыі. Члены беларускай дэлегацыі падкрэслілі, што наша краіна поўнасцю выконвае свае міжнародныя абавязацельствы ў рамках АБСЕ і гатова да развіцця прагматычнага ўзаемадзеяння з гэтай арганізацыяй.
Працягвалася работа па лініі парламенцкага вымярэння ініцыятывы "Усходняе партнёрства". Наша пазіцыя ў гэтым пытанні даведзена да старшынь камісій па міжнародных справах краін-партнёраў: дзейнасць ЕЎРАНЕСТ без удзелу беларускай дэлегацыі будзе непаўнацэннай і неправамернай з юрыдычнага пункту гледжання. Беларусь гатова да супрацоўніцтва, але толькі без умоў і абмежаванняў.
Сярод іншых значных падзей міжсесійнага перыяду адзначу ўдзел дэпутатаў у штогадовай сесіі Парламенцкай канферэнцыі па Сусветнай гандлёвай арганізацыі, а таксама ў мерапрыемствах па лініі Парламенцкай асамблеі Чарнаморскага эканамічнага супрацоўніцтва і Міжпарламенцкай асамблеі праваслаўя, праграмы НАТА "Партнёрства дзеля міру".
Дэпутаты актыўна ўдзельнічалі ў рабоце камісій Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі. На сустрэчах кіраўніцтва Палаты прадстаўнікоў і сакратарыятаў Міжпарламенцкай Асамблеі Еўразійскага эканамічнага супольніцтва і Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы былі абмеркаваны пытанні бягучай дзейнасці і падрыхтоўкі чарговых мерапрыемстваў гэтых арганізацый.
Міжнародная праграма на будучыню таксама ахоплівае ўвесь спектр міжпарламенцкага ўзаемадзеяння. Плануюцца візіты ў Рэспубліку Беларусь парламенцкіх дэлегацый і парламентарыяў Азербайджана, В'етнама, Грузіі, Ізраіля, Італіі, Казахстана і Карэі.
Ідзе прапрацоўка нашых візітаў ва Украіну, Венесуэлу, Кубу. Мы маем намер прыняць удзел у мерапрыемствах па лініі Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі, міжпарламенцкіх асамблей СНД і ЕўрАзЭС, Парламенцкай Асамблеі АДКБ, у пасяджэнні парламенцкай структуры Цэнтральнаеўрапейскай ініцыятывы, 18-м пасяджэнні Генеральнай асамблеі Міжпарламенцкай асамблеі праваслаўя, 37-м пленарным пасяджэнні Генеральнай асамблеі ПА ЧЭС.
Паважаныя калегі!
Насычанасць праграмы міжнароднай і міжпарламенцкай дзейнасці, маштабы і навізна заканадаўчай праблематыкі патрабуюць пошуку нестандартных рашэнняў, гатоўнасці браць на сябе адказнасць. Гэтак жа мы павінны дзейнічаць і ў выбарчых акругах. Сёння асабліва важна ў рэжыме рэальнага часу адсочваць сацыяльна-эканамічную сітуацыю на месцах, каб мець магчымасць аказваць максімальнае садзейнічанне органам выканаўчай улады ў вырашэнні задач па дасягненні новай якасці жыцця нашых грамадзян.
На заканчэнне, паважаныя калегі, хачу падзякаваць вам за добрую падрыхтоўку да сесіі і пажадаць плённай працы.