Міхаіл Мясніковіч: "НАН Беларусі да канца пяцігодкі павінна павялічыць экспарт да $300 млн"
Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч, выступаючы на сесіі агульнага сходу Нацыянальнай акадэміі навук, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
— Мяне вельмі здзіўляе, што вы плануеце рост аб'ёмаў у 1,9 раза, у той час як за мінулую пяцігодку рост быў у тры разы".
На думку прэм'ер-міністра, праца вучоных будзе запатрабавана рэальным сектарам эканомікі, трэба проста больш актыўна прапаноўваць свае праекты і ідэі. "Трэба паглядзець, што робім самі, што трэба рабіць у кааперацыі, што будзем купляць, і веласіпед вынаходзіць у гэтай справе не трэба", — падкрэсліў ён.
Кіраўнік урада звярнуў увагу на тое, што НАН Беларусі павінна адбыцца як магутная навукова-вытворчая карпарацыя. Ён таксама паставіў задачу фарміраваць работу па вытворчасці ў Беларусі святлодыёднай тэхнікі. "Неабходна вырашаць пытанні лагістыкі, маркетынгу, прыцягнення буйных інвестараў".
Асаблівая ўвага будзе ўдзяляцца праектам у біямедыцыне. Перспектыўнымі ў гэтай галіне могуць быць праекты, звязаныя са стваловымі клеткамі. Аднак пакуль дастойных прапаноў ад вучоных па развіцці гэтага напрамку не паступала. Знізілася дынаміка і ў сферы біятэхналогій. На асаблівым кантролі ў кіраўніка дзяржавы і ўрада — лекавая бяспека Беларусі. "У мінулым годзе мы ўвезлі лякарстваў на $407 млн, а ўласная вытворчасць топчацца ў асноўным на месцы", — канстатаваў Міхаіл Мясніковіч.
Не менш як палавіна ВУП Беларусі ў 2015 годзе павінна фарміравацца за кошт высокатэхналагічнай, навукаёмістай прадукцыі. Пры гэтым прэм’ер-міністр нагадаў, што да канца пяцігодкі ў Беларусі плануецца забяспечыць рост валавога ўнутранага прадукту ў 1,6-1,7 раза і выйсці на аб'ём ВУП прыкладна $100 млрд у бягучых цэнах, а па парытэту пакупной здольнасці — прыкладна на $220-230 млрд. "На жаль, у прадстаўленых мне дакументах я не ўбачыў, за кошт чаго гэта мэта будзе дасягнута навуковай супольнасцю", — адзначыў Міхаіл Мясніковіч. — Трэба ўстараніць гэты недахоп".
Прэм'ер-міністр нагадаў, што амаль тыдзень таму на нарадзе з новым складам урада кіраўнік дзяржавы расставіў акцэнты і вызначыў адказных за рэалізацыю ўстановак, агучаных на ІV Усебеларускім народным сходзе. "Прайшло ўжо больш за два месяцы пяцігодкі, і складваецца такое ўражанне, што вучоныя чакаюць нейкіх дадатковых даручэнняў для таго, каб працаваць над выкананнем пастаўленых задач, — сказаў ён. — Да гэтага часу не праведзена ніводнага пасяджэння каардынацыйнага савета па дзяржаўных комплексных навукова-тэхнічных праграмах. А калі выконваць задачы, калі працаваць? Не вызначаны саставы работ, не абазначаны тэматычныя напрамкі шэрагу праектаў". Паводле слоў прэм'ер-міністра, такая "вялая работа можа падставіць усіх". У сувязі з гэтым неабходна больш актыўная і зладжаная работа ўсіх звёнаў навуковай сферы. Беларускае інавацыйнае заканадаўства павінна быць не горшае за еўрапейскае. Прэм'ер-міністр падкрэсліў, што пакуль, на жаль, нацыянальная інавацыйная сістэма краіны не забяспечвае сваё самаразвіццё...