Беларусь цвёрда замацавалася ў дваццатцы мацнейшых спартыўных краін у сусветным рэйтынгу

Источник материала:  

Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 19 лютага па выніках заключнага этапу Кубка свету па фрыстайле ў Раўбічах, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.

Кіраўнік дзяржавы прысутнічаў на фінальных спаборніцтвах і ўдзельнічаў ва ўзнагароджанні пераможцаў. Заключны этап Кубка свету выйграў беларускі фрыстайліст Антон Кушнір, які стаў другім у агульным заліку ў лыжнай акрабатыцы па выніках сезона.

Прэзідэнт пагутарыў з прысутнымі балельшчыкамі і адказаў на пытанні прадстаўнікоў айчынных і замежных сродкаў масавай інфармацыі.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь у апошнія гады прымае самыя прэстыжныя спаборніцтвы міжнароднага ўзроўню.

Адно з пытанняў журналістаў датычылася здароўя Прэзідэнта. Аляксандр Лукашэнка абвергнуў інфармацыю аб нібыта атрыманай ім траўме ў час кароткатэрміновага водпуску ў Сочы і назваў яе "вуткай" і адкрытай лухтой.

"Я кожны дзень, пакуль быў у Сочы на Краснай Паляне, трэніраваўся, 4-5 гадзін у дзень. Мы асвойвалі гарналыжныя схілы, прычым у самых экстрэмальных сітуацыях. Бог мілаваў, і ўсе мы жывыя-здаровыя, хто са мной быў. Нічога такога не было. Відаць, нехта хацеў, каб на яго звярнулі ўвагу. Такім чынам і звярнулі. Але, відаць, усё ідзе адсюль, з Беларусі, і Расіі, магчыма. Камусьці, мабыць, гэта патрэбна", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў яго ўсё ў парадку са здароўем. "Калі хто-небудзь з расіян са мной хацеў бы пракаціцца па схіле, у любым месцы, хоць цяпер, нехта хоча патрэніравацца па біятлоне, лыжах — калі ласка, магу і цяпер прабегчыся, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Можаце не хвалявацца, я сябе выдатна адчуваю".

Прэзідэнта таксама папрасілі пракаменціраваць інфармацыю, распаўсюджаную шэрагам расійскіх СМІ, аб тым, што пры раскрыцці сеткі падпольных казіно расійскія спецслужбы выявілі мноства дакументаў, сярод якіх і сакрэтны блакнот Барыса Беразоўскага. У ім нібыта былі нейкія звесткі аб сумніўных сувязях Беразоўскага з беларускімі чыноўнікамі, і ўсё гэта падавалася як удар па рэпутацыі Прэзідэнта Беларусі і яго асяроддзя.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ўпершыню чуе аб гэтай гісторыі. "Дык Беразоўскі ж у Расіі не жыве, наколькі я ведаю, — адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы. — Адразу першае пытанне: як сакрэтны блакнот чалавека, які, напэўна, ужо сем або восем гадоў таму збег з Расіі і жыве, наколькі я ведаю, цяпер у Вялікабрытаніі, мог апынуцца ў Маскве? Па-мойму, гэта чарговая "вутка", камусьці патрэбная ў Расіі, каб яшчэ раз паказаць, што Бацька не тым займаецца". Прэзідэнт Беларусі ўспомніў, як у час яго нядаўняга знаходжання ў Сочы звычайныя расіяне выказвалі яму самыя найлепшыя пажаданні. "Некаму гэта не падабаецца. Відаць, спрабуюць панізіць градус Лукашэнкі ў Расіі", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Што датычыцца гісторыі з сакрэтным блакнотам, Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў: "Гэта абсалютная хлусня. Я ў гэта не веру".

Каменціруючы па просьбе журналістаў рэакцыю Захаду на судовыя працэсы адносна ўдзельнікаў масавых беспарадкаў 19 снежня ў Мінску, Аляксандр Лукашэнка выказаў сваю абыякавасць да розных заяў.

"Пляваць я хацеў на ўсе іх каментарыі. Гэта — злыя і непрыстойныя людзі. З імі нельга ні размаўляць, ні выбудоўваць якія-небудзь адносіны, — лічыць кіраўнік дзяржавы. — Тым больш, што я сёння абсалютна ведаю і ўпэўнены, чаго яны хацелі ў Беларусі. Яны правалілі тут усё, яны затрацілі сотні мільёнаў долараў. Праваліўшы, яны сёння пачынаюць, для таго каб апраўдацца, крычаць на ўвесь свет, што тут ледзь не вязні палітычныя".

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што "ніякіх вязняў тут няма, звычайныя бандыты, былыя зняволеныя і не па аднаму разу".

Каменціруючы вострую рэакцыю ЕС і ЗША на нібыта залішне жорсткія дзеянні беларускіх улад, Прэзідэнт сказаў: "Гэта іх права, няхай заяўляюць. Я, шчыра кажучы, не ведаю і не чытаю, аб чым яны гавораць, таму што зразумела, што яны скажуць. Яны ж праўды нідзе не паказалі, не сказалі, яны баяцца гэтай праўды. А мы ведаем, чаго хочам: мы павінны будаваць сваю краіну. Час усё вылечыць. Час — галоўны суддзя і ўсё рассудзіць. Сумленныя і прыстойныя людзі, якія прыязджаюць у Беларусь, ніколі, выязджаючы адсюль, не паказалі на нас пальцам".

Гаворачы пра заходніх дзеячаў, якія крытыкуюць сёння Беларусь, кіраўнік дзяржавы адзначыў: "Гэта жулікі, якія ў свой час падзялілі грошы разам з нашымі, сотні мільёнаў, і гэтыя грошы пайшлі прахам. Ім трэба сёння апраўдацца".

Прэзідэнт Беларусі лічыць, што "трэба супакоіцца і менш глядзець, што дзе хто там сказаў".

"Чыноўнік маленькі з падваротні вякнуў. А мы адразу пачынаем варушыцца і плакацца, што нешта адбылося. Слухайце, калі ў нас у Беларусі чалавек нешта такое гаворыць, ніхто не ведае, нават сусед аб гэтым не ведае. А мы гэта выцягваем з Еўропы і пачынаем перажываць. Ды няхай гавораць колькі хочуць. Яны нас у позу не паставяць. Мы былі і будзем краінай гордай і незалежнай, і застанёмся ёю назаўсёды. Мы не дазволім зламаць тут сітуацыю і зрабіць беднымі людзей. Вось калі б быў бардак у краіне, калі б было ўсё перавернута, яны нам апладзіравалі б. Яны хочуць гэтага. Гэтага не будзе ў Беларусі", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Адказваючы на пытанне аб тым, ці магчыма з'яўленне ў Беларусі апазіцыі новай якасці, Прэзідэнт сказаў: "Апазіцыя павінна быць, але я яе сам сабе ствараць не буду. Дакладна ведаю гэта і абяцаю, што я не буду ствараць сам сабе апазіцыю. Але і перашкаджаць не буду, каб з'явіліся канструктыўныя людзі, якія аб'яднаюцца і будуць выступаць з нейкім альтэрнатыўным пунктам гледжання".

"Апазіцыі ў Беларусі цяжка з'явіцца не таму, што яе тут задушылі. Я колькі разоў пра гэта гаварыў: у любой краіне павінна быць канкурэнцыя ва ўсім. Я наогул чалавек, які горача любіць канкурэнцыю: ёсць канкурэнцыя — ёсць нармальнае жыццё. Тое ж самае і палітычная канкурэнцыя", — адзначыў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, так званая беларуская апазіцыя — гэта, па сутнасці сваёй, не апазіцыя. "Яна вельмі далёкая ад народа і яго праблем, і ёй складана з'явіцца яшчэ і таму, што дзеючая ўлада як праводзіла, так і будзе праводзіць народную лінію", — падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі. У прыватнасці, ён нагадаў, што сам у свой час разам са сваёй камандай прыйшоў да ўлады з апазіцыі, але апазіцыі канструктыўнай, і з тых часоў прытрымліваецца абяцання аб тым, што галоўнае — чалавек. "Гэта не значыць, што мы будзем друкаваць грошы і раздаваць, — не, але мы будзем ствараць усе ўмовы, каб чалавек мог працаваць і зарабіць. Гэта значыць, мы праводзім народную палітыку", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Апазіцыя ж, паводле яго слоў, на мінулых выбарах "прапанавала альтэрнатыву ў выглядзе чыстага папулізму, і, вядома, народ гэтаму не паверыў". Больш за тое, быў узяты шлях на рэвалюцыйныя перавароты. "Такой падтрымкі яны не атрымаюць, і гэтым самым яны сябе вельмі апусцілі", — лічыць кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым ён адзначыў, што цяпер апазіцыі атрымаць народную падтрымку будзе вельмі складана, бо ў людзей у памяці ўжо выразна забіта: калі гэта апазіцыя — значыць гэта вайна". "Ну, гэта яны стварылі — гэта не я ім ствараў", — заўважыў беларускі лідар.

Успамінаючы пра падзеі 19 снежня, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што катэгарычна забараніў трымаць на вуліцы хоць аднаго лішняга міліцыянера. Аднак, калі пачаўся штурм Дома ўрада, гэта было неабходна спыніць, і праваахоўныя органы дакладнымі дзеяннямі за сем з паловай хвілін навялі належны парадак.

Разам з тым Прэзідэнт адзначыў, што не збіраецца перашкаджаць развіццю ў Беларусі канструктыўнай апазіцыі, таксама як не мае намеру і спецыяльна ствараць яе самому сабе. "Я хачу, каб у нашай краіне людзі не толькі на кухнях шапталіся і нешта абмяркоўвалі, я хачу, каб людзі, як сапраўдныя беларусы, прыстойныя, абмяркоўвалі праблемы, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Хоча апазіцыя (канструктыўная) з'явіцца — няхай з'яўляецца. Такая апазіцыя (як цяпер) — будуць атрымліваць па поўнай, калі яны будуць дэстабілізаваць абстаноўку ў краіне". Пры гэтым кіраўнік дзяржавы адзначыў: "Мы з імі так сябе паводзіць не будзем, як да гэтага".

"Яны нас заспакойвалі, Захад нас заспакойваў, прыехалі тут вялікія дзеячы правільнай і няправільнай арыентацыі і мяне пачалі папракаць у тым, што я, бачыце, асудзіў мужчын нетрадыцыйнай арыентацыі і г.д., — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Ну не падабаюцца мне такія людзі, я і сказаў, што не падабаюцца. Бачыце, асобныя міністры замежных спраў пакрыўдзіліся на мяне. Чаго на мяне крыўдзіцца? Мы ў дэмакратычным грамадстве жывём, тым больш я Прэзідэнт і маю права выказаць свой пункт гледжання і сваю пазіцыю. Я яму прама і сказаў гэта ў вочы. І за гэта, бачыце, яны крыўдзяцца. Нармальны лад жыцця трэба весці. А ненармальны мы не прымаем, і нам не трэба яго навязваць. У Германіі гэта магчыма, у Польшчы — калі ласка, няхай яны гэтым і займаюцца там, а нам сюды гэтага не трэба. Хоць гэтага дабра хапае, на жаль".

"Мяне выбраў народ, і я буду праводзіць тую палітыку, якая нам выгадна. Не трэба нас пужаць, што Лукашэнка сябе загнаў зноў у нейкае расійскае балота і гэтак далей, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Расіяне павінны разумець, што яны — нашы браты, мы заўсёды будзем адданыя і верныя дружбе з расіянамі. Калі нехта там наверсе спрабуе выкарыстаць сітуацыю і нас нахіліць — нічога не атрымаецца". У прыватнасці, кіраўнік дзяржавы згадаў сітуацыю з двума грамадзянамі Расіі, арыштаванымі за ўдзел у масавых беспарадках у ноч пасля прэзідэнцкіх выбараў. "Вас хто сюды клікаў граміць Дом урада?" — задаў рытарычнае пытанне беларускі лідар.

Што датычыцца рэакцыі расійскага боку на арышт гэтых двух чалавек, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Мы ж Расію не папракалі, калі яны расстрэльвалі парламент і Дом урада — па Беламу дому палілі з танкаў. Мы не ўмешваліся ў іх справы. На Манежнай плошчы здарылася — мы спачувалі людзям. Чаго ж вы там, каб дагадзіць не то Захаду, не то ўнутраным сілам, пачынаеце падыгрываць і нам тут праблемы ствараць?" Прэзідэнт адзначыў, што і ў Расіі праблем дастаткова, таксама як і на Захадзе. "Мы ні пад кога прагінацца не будзем, нават калі давядзецца пайсці ў зямлянкі. Мы туды пойдзем, як гэта было ў сярэдзіне мінулага стагоддзя, але перад вамі не будзем прагінацца. Калі ў немцаў і палякаў памяць кароткая, і яны забылі, колькі мы палажылі на алтар гэтай перамогі, а тым больш некаторыя расіяне забылі, што мы разам гнілі ў акопах, ну, Гасподзь ім у дарогу, нам з імі не па дарозе, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Таму трэба супакоіцца, мы ні пад кога не будзем прагінацца, мы ні да кога не нахіляемся. Хочуць з намі супрацоўнічаць як са свабоднай незалежнай суверэннай краінай — калі ласка, будзем супрацоўнічаць і будзем працаваць на агульную карысць. Не хочуць — гэта іх праблемы".

Журналісты таксама цікавіліся меркаваннем беларускага Прэзідэнта аб хваляваннях у шэрагу дзяржаў Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі. Кіраўнік дзяржавы заявіў аб неабходнасці атрымаць урокі з падзей у Егіпце і Тунісе.

"Мы яшчэ будзем усё гэта назіраць: ад гэтай тунісізацыі, каірызацыі і іншай рэвізацыі свет яшчэ ўздрыгне і не адзін раз", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў: "Вы добра бачыце, хто прыходзіць там да ўлады, хто бярэ ўладу ў рукі ў гэтых краінах. Гэта першае. Другое — адзін з урокаў — вось іх сумленнасць і прыстойнасць. Хосні Мубарак быў жа бліжэйшым сябрам амерыканцаў пасля караля Саудаўскай Аравіі, а, можа, нават лепшым для амерыканцаў. Амерыканцы ж заўсёды апіраліся на гэту ключавую дзяржаву, дзе галоўную ролю адыгрываў Хосні Мубарак. Яго крытыкавалі ўсе, увесь арабскі свет за тое, што ён залішне лажыцца пад Захад".

Кіраўнік дзяржавы прадоўжыў: "Туніс — гэта быў наогул узор, маяк для развіцця Афрыкі. Яго і іншых ствараў і падтрымліваў Еўрапейскі саюз. І што адбылося, калі там пачаліся хваляванні? Яны кінулі гэтых прэзідэнтаў і пачалі патрабаваць дэмакратыі".

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, "калі б увесь свет, асабліва амерыканцы і еўрапейцы, выступілі супраць вось гэтай залішняй ісламізацыі арабскага Усходу, супраць радыкалізацыі, напэўна, можна было б гэты пажар пагасіць". "Але яны гэтага не зрабілі. Яны зноў бачылі свае мэты, — падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы. — Але яны тут перайгралі самі сябе. Гэта так, па гарачых слядах. Я не хачу ўдавацца пакуль у глыбіню. Час рассудзіць і пакажа".

"Але тое, што ўспыхнуў увесь арабскі Усход, — свету, і асабліва Еўропе і Амерыцы, ад гэтага горача будзе. Але гэта іх твар. Вось так яны сябе паводзяць. Так яны кідаюць сёння сваіх "сяброў", на якіх яны некалі апіраліся", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"І гэта лішні раз пацвярджае, гэта ўрок для нас: нікому нельга верыць, ні на кога нельга спадзявацца, толькі на свае сілы", — дадаў Прэзідэнт.

На яго думку, "нікому не патрэбна моцная краіна — моцных баяцца, іх страшна не любяць". "Моцныя не патрэбны. Таму і нас дзяўбуць і будуць дзяўбці", — лічыць Аляксандр Лукашэнка. — Але для нас гэта ўрок: мы самі павінны рабіць тое, на што здольны, і бачыць толькі сваю краіну, свой народ, не ўмешваючыся ў іх разборкі".

Пры гэтым Прэзідэнт рэзюмаваў, што яшчэ вельмі рана рабіць высновы па рэвалюцыях гэтага "перыметра арабскага Усходу".

Журналістаў таксама цікавіла тэма прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў і, у прыватнасці, паведамленні аб прапанове расійскай дзяржкарпарацыі "Растэхналогіі" па набыцці беларускага МАЗа.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што "ніколі не разглядаў прыватызацыю МАЗа ў чыстым выглядзе". Паводле слоў Прэзідэнта, у адказ на зварот расійскіх кампаній ён прапаноўваў аб'яднацца, не чапаючы ўласнасць, гэта значыць, нічога не прыватызуючы, і выпрацаваць на працягу некалькіх гадоў прынцыпы, на якіх будзе будавацца далейшая работа. І толькі потым прапаноўвалася вырашыць пытанне аб абмене акцыямі, іх куплі або продажы. "За бясцэнак мы нічога нікому аддаваць не будзем. Заплацяць нам добрыя грошы, якіх каштуе прадпрыемства, мы будзем думаць. Пакуль такіх прапаноў не было. Такім чынам, гэта чыстай вады інсінуацыі і ўкіды. Мы нават не падступаліся да гэтых пытанняў", — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што сёння МАЗ практычна ні ў чым не ўступае КамАЗу, нават пераўзыходзіць свайго расійскага канкурэнта. Так, у мінулым годзе КамАЗ прадаў усяго на 3 тыс. аўтамабіляў больш, чым МАЗ, нягледзячы на тое, што расійская кампанія значна большая. Акрамя таго, гэта стала магчымым ва ўмовах тых перашкод, якія ставіліся для беларускай прадукцыі на традыцыйным расійскім рынку.

Наконт магчымай прыватызацыі МАЗа беларускі лідар таксама адзначыў, што расійскі бок не адзіны, хто выступаў з такімі прапановамі. Адпаведнае жаданне выказвала і Венесуэла, прапануючы добрыя грошы за частку акцый гэтага прадпрыемства. "Так што ў нас ёсць і іншыя прапановы, больш выгадныя, дзе ў нас не патрабуюць кантрольных пакетаў і іншае", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што вяліся перагаворы і з Кітаем аб магчымасці прыватызацыі БелАЗа. "Нават кітайцам адмовілі ў прыватызацыі БелАЗа і прапанавалі стварыць зборачную вытворчасць у выглядзе сумеснага прадпрыемства, што мы і зрабілі", — адзначыў ён.

"Таму гэта звычайныя ўкіды, "вутка" і інсінуацыя. Ніхто без Прэзідэнта нават абмяркоўваць не стане прыватызацыю такіх гігантаў, брэндаў беларускай эканомікі, як БелАЗ, МАЗ, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Мы будзем іх развіваць, і я як Прэзідэнт буду рабіць усё, каб не страціць гэтыя прадпрыемствы ні ў якім выпадку. Ніякай дзікай прыватызацыі: прыходзьце, плаціце грошы, кантрольны пакет павінен у нас быць, мы павінны кіраваць гэтымі прадпрыемствамі. Хочаце з намі працаваць, зарабляць прыбытак — калі ласка, прыходзьце, будзем працаваць. Такая пазіцыя сёння. Будуць добрыя прапановы, у выніку чаго можа змяніцца пазіцыя, я нічога скрываць не буду, я людзям аб гэтым скажу".

Прэзідэнт таксама адзначыў, што ў Беларусі ўжо даўно аб'яўлены прынцыпы, на якіх магчыма прыватызацыя дзяржуласнасці, і "ніхто штучна нічога не будзе стрымліваць".

Каменціруючы домыслы аб тым, што нібыта пасля выбараў пачнецца наменклатурная прыватызацыя, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Вось тады я дакладна не буду Прэзідэнтам, калі нехта з наменклатуры пачне штосьці дзяліць. Не будзе гэтага ніколі ў Беларусі! Ні Лукашэнка, ні яго дзеці — ніхто не атрымае ні аднаго кавалка ад дзяржуласнасці за так".

←Тепло Гаваны

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика