Андрэй Харкавец: "У рамках новай праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця ніякія новыя падаткі ўводзіцца не будуць"

Источник материала:  

"У гэтым няма неабходнасці, — зазначыў міністр фінансаў Андрэй Харкавец падчас пашыранага пасяджэння калегіі Мінфіна. — Разам з тым, у краіне будзе працягнутая праца, накіраваная на паляпшэнне якасных характарыстык падатковай сістэмы краіны, завяршэнне адаптацыі бухгалтарскага ўліку да міжнародных стандартаў фінансавай справаздачнасці, на развіццё фінансавага рынку і аптымізацыю формаў і аб'ёмаў дзяржаўнай падтрымкі эканомікі".

Міністр нагадаў, што за мінулыя гады ў рэспубліцы для паляпшэння падатковай сістэмы зроблена шмат. У прыватнасці, былі адменены 26 падатковых плацяжоў, зніжаны стаўкі па 4 падатках і зборах, устаноўлены штоквартальныя тэрміны платы асноўных падаткаў, уведзена адзіная стаўка падаходнага падатку з фізічных асоб, спрошчана збіранне падаткаў на прыбытак, на дабаўленую вартасць, нерухомасць і экалагічнага падатку, завершана кадыфікацыя падатковага заканадаўства і ўведзены ў дзеянне Падатковы кодэкс. "Тым самым, — падкрэсліў Андрэй Харкавец, — сёння поўнасцю вырашана пытанне са структурай падаткаў і колькасцю падатковых плацяжоў, якія адпавядаюць стандартам развітых краін". Паводле яго слоў, аснову нашай падатковай сістэмы складаюць сем падаткаў, якія дазваляюць фінансаваць дзяржаўныя расходы на неабходным узроўні, не ствараючы пры гэтым абмежаванняў для эканамічнага росту.

Падводзячы вынікі выканання бюджэту за мінулую пяцігодку, Андрэй Харкавец праінфармаваў прысутных, што за гэты перыяд даходы бюджэту ўзраслі на 28,4 працэнта, расходы — на 37, зарплата ў бюджэтным сектары ў снежні мінулага года ў параўнанні са снежнем 2005-га павялічылася з 249 долараў ЗША да 473 у эквіваленце. Што датычыцца леташніх вынікаў, то за 2010 год у кансалідаваны бюджэт паступіла 48,8 трыльёна рублёў даходаў, ці 101 працэнт удакладненага плана. План даходаў быў выкананы ва ўсіх абласцях і Мінску. У параўнанні з пазамінулым годам летась паступленні павялічыліся на 2,2 трыльёна рублёў, ці на 4,6 працэнта. Расходы кансалідаванага бюджэту за мінулы год склалі 53 трыльёны рублёў, ці 98,1 працэнта гадавога плана. Яго дэфіцыт за 2010 год склаў 4,2 трыльёна рублёў, ці 2,6 працэнта да ВУП. "Мабыць, за мінулае пяцігоддзе мы маглі дасягнуць і большага, калі б з 2008 года эканоміка краіны не была ўцягнута ў сусветны фінансавы крызіс", — заўважыў міністр. Аднак, паводле яго слоў, рэспубліцы ўдалося пазбегнуць глыбокай рэцэсіі, характэрнай для многіх эканомік свету, стабілізаваць макраэканамічную сітуацыю.

Разам з тым, каб падобныя рызыкі не аказвалі негатыўны ўплыў на айчынную эканоміку ў будучым, сярод важнейшых задач, якія ставяцца ў праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2011—2015 гады, — якасна новае развіццё краіны, рост дабрабыту і ўмоў жыцця насельніцтва на аснове інавацыйнага развіцця і павышэння канкурэнтаздольнасці нацыянальнай эканомікі. Адсюль і мэты бюджэтна-падатковай палітыкі, пра якія ішла гаворка на калегіі: у прыватнасці, гэта фарміраванне спрыяльнага бізнэс-клімату для айчынных і замежных інвестараў, стварэнне эканамічных стымулаў для вытворчасці канкурэнтаздольнай прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю. Як паведаміў міністр, ужо з наступнага года будзе прапанавана вывесці з падаткаабкладання інвестыцыі і інавацыі. Ад падатку на прыбытак будуць поўнасцю вызвалены сродкі, накіраваныя на стварэнне новых і мадэрнізацыю дзейных вытворчасцяў. "Калі ўтворанае прадпрыемства ці вытворчасць пачне прыносіць прыбытак, яна будзе вызваляцца ад падатку да поўнай акупляльнасці затрат, якія былі панесены. Гэта аснова для прыцягнення доўгатэрміновых інвестыцый", — зазначыў Андрэй Харкавец.

Па падатку на дабаўленую вартасць будуць зняты часовыя і колькасныя абмежаванні па падатковых выліках. Як толькі будуць зроблены інвестыцыйныя затраты, інвестару з бюджэту вернуць выплачаны пры гэтым падатак. У выніку ў прадпрыемстваў з'явяцца дадатковыя рэсурсы для інвестыцый і папаўнення абаротных сродкаў, кошт інвестыцыйных праектаў знізіцца, што дасць рэальны штуршок да актывізацыі інвестыцыйнай дзейнасці. Акрамя таго, міністр прапанаваў панізіць да 10 працэнтаў стаўку падатку на прыбытак ад рэалізацыі высокатэхналагічных тавараў уласнай вытворчасці. Ён лічыць, што ўсё гэта дазволіць адмовіцца ад прадстаўлення шматлікіх індывідуальных падатковых ільгот, паколькі іх абгрунтаванасць часам вельмі сумніўная, а іх прымяненне стварае дыспрапорцыі ва ўмовах канкурэнцыі. Гэта не значыць, што льгот не будзе зусім, але доступ да іх павінен быць роўным, упэўненыя ў Мінфіне.

"Калі мы вырашым пытанне з ільготамі, — зазначыў Андрэй Харкавец, — можна падумаць аб зніжэнні стаўкі падатку на прыбытак як асноўнай крыніцы інвестыцый". Папярэдне ў Мінфіне вядуць размову пра зніжэнне стаўкі з 2012 года на 2-4 працэнтныя пункты. У тым жа выпадку, калі эканоміка будзе паказваць добрыя вынікі, то ў наступным, лічаць у міністэрстве, стаўку можна знізіць і да 18 працэнтаў, "што зробіць Беларусь адной з краін з самым нізкім узроўнем падаткаабкладання прыбытку ў рэгіёне".

Асаблівы акцэнт міністр зрабіў на неабходнасці працаваць і жыць па сродках. У прыватнасці, міністэрства будзе настойваць на тым, каб пралангацыя і невяртанне бюджэтных сродкаў ці неплацяжы па іх аўтаматычна павышалі стаўку па крэдытах як мінімум да стаўкі рэфінансавання. Андрэй Харкавец згадаў, што мінулая пяцігодка пачыналася з таго, што дзяржава аказвала падтрымку ў выглядзе прамога субсідзіравання і бюджэтных пазык. Гэты від падтрымкі апошнім часам удалося звесці да мінімуму і перайсці да больш эфектыўнага яе віду — кампенсацыі часткі працэнтаў па банкаўскіх крэдытах. Прычым сума такой падтрымкі ўвесь час расце: сёлета ў параўнанні з 2008 годам яна павялічылася больш як у 5 разоў да 2,2 трыльёна рублёў. І падтрымка дзяржавы маштабная, ёй пранізаныя практычна ўсе сферы эканомікі. "У выніку каля паловы ўсіх крэдытаў, якія выдаюцца рэальнаму сектару эканомікі, ільгатуюцца за кошт бюджэту, — паведаміў міністр. — Але больш за ўсё прыгнятае тое, што, калі адзін раз даць магчымасць скарыстацца бюджэтнай падтрымкай, вярнуць рэсурсы становіцца крайне складана. У гэтай сітуацыі шырмай для нядобрасумленных кіраўнікоў становяцца цяжкасці рынку, страта збыту і іншыя прычыны". Ён дадаў, што, акрамя таго, рэсурсы, якія прадастаўляюцца на год-два, не адзін раз пралангіруюцца, і, атрымаўшы танныя абаротныя сродкі, ніхто не збіраецца ад іх адмаўляцца. На думку Андрэя Харкаўца, ад гэтай практыкі трэба адмаўляцца, ільготныя крэдыты, бюджэтныя пазыкі павінны мець строга мэтавую накіраванасць. "Асаблівую актуальнасць, — падкрэсліў ён, — гэта набывае ў сучасных умовах, калі Беларусь актыўна пазычае рэсурсы на знешніх рынках".

Таксама на калегіі Андрэй Харкавец заявіў пра неабходнасць скарачэння колькасці работнікаў бюджэтнай сферы на 10-15 працэнтаў. Паводле яго меркавання, бюджэтны сектар не павінен быць статычным, ён павінен рэфармавацца разам са змяненнем эканамічнай сітуацыі. "Зараз асноўная задача — перагляд сеткі і штатаў бюджэтных арганізацый, і перадумовы для гэтага існуюць", — лічыць міністр. Доля эканамічна актыўнага насельніцтва, якое занята ў бюджэтным сектары рэспублікі, паводле агучаных звестак, істотна перавышае паказчыкі суседніх краін з падобным узроўнем сацыяльна-эканамічнага развіцця. Міністр паведаміў, што ў выпадку скарачэння колькасці занятых у бюджэтнай сферы на 10-15 працэнтаў эканомія бюджэтных сродкаў складзе каля 2 трыльёнаў рублёў у год, большую частку з якіх можна было б пераразмеркаваць на фінансаванне інвестыцый у развіццё бюджэтнай сферы і вывесці яе на якасна новы ўзровень. Аптымізацыя колькасці занятых у бюджэтнай сферы і сеткі бюджэтных арганізацый, зазначыў Андрэй Харкавец, — гэта сумесная ўзважаная прафесійная праца галіновых міністэрстваў, рэгіянальных улад і фінансавых органаў. Пры гэтым задачай Мінфіна з'яўляецца, зыходзячы з прыярытэтаў сацыяльна-эканамічнага развіцця, устанавіць ліміты фінансавых сродкаў для галіновых міністэрстваў і рэгіёнаў з улікам эканамічных магчымасцяў дзяржавы. Міністр канстатаваў, што "не аб'ёмы фінансавання павінны адпавядаць сетцы бюджэтных устаноў, а, наадварот, штаты, сетка бюджэтных арганізацый, расходы на мадэрнізацыю і развіццё павінны падстройвацца пад магчымасці бюджэту".

Ігар ШЧУЧЭНКА.

←Своим любовь, чужим — закон

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика