Абмежавальныя меры ЗША адносна ААТ "Полацк-Шкловалакно" акажуць негатыўны ўплыў на амерыканскіх спажыўцоў
Адмена Дзяржаўным дэпартаментам ЗША ліцэнзіі, якая дазваляла амерыканскім грамадзянам ажыццяўляць гандлёвую дзейнасць з ААТ "Полацк-Шкловалакно", нязначна адаб'ецца на структуры продажаў, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення маркетынгу прадпрыемства Аляксандр Краско.
"Доля ЗША ў аб'ёме продажаў займае каля 5 працэнтаў. У большай ступені нас хвалююць нашы спажыўцы ў ЗША, супрацоўніцтва з якімі ажыццяўлялася на працягу апошніх 15 гадоў. Для некаторых з іх мы з'яўляемся адзінымі пастаўшчыкамі прадукцыі", — адзначыў Аляксандр Краско.
У 2010 годзе ААТ "Полацк-Шкловалакно" адгружала прадукцыю ў 41 краіну, у тым ліку ў 34 краіны далёкага замежжа. Асноўнымі рынкамі збыту традыцыйна з'яўляюцца Расія, Германія, Польшча, Кітай, Украіна, Румынія.
У актыве прадпрыемства больш за 250 назваў запатрабаванай прадукцыі. Гэта шклотканіны і шкласеткі будаўнічага прызначэння, электраізаляцыйныя шклотканіны, шклотканіны для цеплаізаляцыйных матэрыялаў, шкланіці, шклотканіны і ровінгі канструкцыйнага прызначэння, высокатэмпературная крэменязёмная прадукцыя, шклапластыкавыя вырабы.
У ААТ "Лакафарба" апублікаваную ў інтэрнэце інфармацыю аб уведзеных ЗША абмежавальных мерах адносна гэтага прадпрыемства ўспрынялі са здзіўленнем. "Так, сапраўды, наша прадпрыемства з'яўляецца экспартаарыентаваным — 58 працэнтаў прадукцыі пастаўляецца на знешні рынак. Геаграфія паставак даволі шырокая, але з ЗША "Лакафарба" не супрацоўнічае. Таму гэтыя абмежавальныя меры не акажуць негатыўнага ўплыву на работу прадпрыемства", — паведаміла карэспандэнту БЕЛТА намеснік дырэктара па кадрах, ідэалагічнай і сацыяльнай рабоце ААТ Людміла Бірыч.