На выкананне дзяржпраграмы інавацыйнага развіцця Беларусі ў 2011—2015 гадах плануецца накіраваць каля Br100 трлн
Пра гэта паведаміў старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Ігар Войтаў на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў Беларусі, дзе разглядаўся праект Дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця Беларусі на 2011—2015 гады, перадае БЕЛТА.
Сродкі банкаў складуць 30,6 працэнта, уласныя сродкі арганізацый — 13,4 працэнта, замежныя інвестыцыі — 46,9 працэнта, сродкі рэспубліканскага бюджэту — 8,6 працэнта, сродкі мясцовых бюджэтаў — 0,4 працэнта.
Адкрываючы пасяджэнне Прэзідыума Савета Міністраў, прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч адзначыў: "Праграма інавацыйнага развіцця Беларусі на 2011—2015 гады — гэта тая сума ідэй і прапаноў, якія дадуць магчымасць сапраўды нашай эканоміцы быць інавацыйнай".
Паводле слоў Ігара Войтава, асноўнай мэтай гэтай праграмы з'яўляецца стварэнне канкурэнтаздольнай на сусветным рынку высокатэхналагічнай эканомікі.
Рэалізацыя праграмы павінна забяспечыць перавод нацыянальнай эканомікі ў рэжым інтэнсіўнага развіцця, вырашэнне важнейшых для краіны задач па збалансаванасці эканомікі, значны рост экспарту (у 2,2 раза), трохразовы рост экспарту высокатэхналагічнай прадукцыі, вырашэнне пытанняў імпартазамяшчэння.
У рэспубліцы прапануецца стварыць эфектыўную сістэму кіравання ў сферы інавацыйнай дзейнасці з мэтай інтэгравання сектара навуковых праектных канструктарскіх інжынірынгавых даследаванняў і распрацовак з айчынным галіновым сектарам.
У сувязі з гэтым важнейшымі задачамі інавацыйнага развіцця Беларусі на бліжэйшыя 5 гадоў з'яўляюцца: стварэнне новых сектараў эканомікі, новых вытворчасцяў, рэканструкцыя і мадэрнізацыя дзейных вытворчасцяў, а таксама стварэнне новых шматпрофільных холдынгаў, кластарных структур і паскарэнне інавацыйнага развіцця рэгіёнаў. У цэлым праграма накіравана на дасягненне да канца 2015 года ўдзельнай вагі інавацыйнай прадукцыі ў агульным аб'ёме адгружанай прадукцыі на ўзроўні 20-21 працэнта, долі інавацыйна актыўных арганізацый у агульнай колькасці арганізацый — 40 працэнтаў. Унутраныя затраты на навуковыя даследаванні і распрацоўкі павінны павялічыцца да 2,9 працэнта ВУП, аб'ём экспарту навукаёмістай і высокатэхналагічнай прадукцыі — з $3,1 млрд да $6,4 млрд.
Усяго праграмай намячаецца выкананне 877 праектаў па стварэнні новых прадпрыемстваў, вытворчасцяў і мадэрнізацыі дзейных вытворчасцяў. Праграма будзе складацца з праектаў пяці ўзроўняў. Пры гэтым прыярытэтнымі будуць праекты ў галіне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій і космасу, фармацэўтычнай прамысловасці, медыцыны, хімічнай і нафтахімічнай прамысловасці, энергетыкі, машынабудавання і металургіі, будаўніцтва і прамысловасці будматэрыялаў. У гэтых сферах будуць рэалізаваны буйныя структураўтваральныя інавацыйныя праекты.