Валерый Іваноў назначаны намеснікам прэм'ер-міністра Беларусі
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 28 снежня назначыў намеснікам прэм'ер-міністра краіны Валерыя Іванова.
Іваноў Валерый Мікалаевіч нарадзіўся ў 1955 годзе ў в. Папехінка Клімавіцкага раёна Магілёўскай вобласці. У 1983 годзе скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію, у 1992 годзе — Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, у 2006 годзе — Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
Працоўную дзейнасць пачаў у 1977 годзе ў Круглянскім раёне Магілёўскай вобласці на пасадзе галоўнага заатэхніка калгаса "Кастрычнік". Узначальваў калгасы "Кастрычнік", імя Дзімітрава Круглянскага раёна, "Рассвет" імя К.П. Арлоўскага Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці.
З 1987 па 1997 год працаваў першым намеснікам старшыні Круглянскага раённага выканаўчага камітэта. З 2002 па 2004 год — старшыня Кіраўскага раённага выканаўчага камітэта, з 2004 года — старшыня Шклоўскага раённага выканаўчага камітэта Магілёўскай вобласці, а з 2008 года — намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі чацвёртага склікання.
Першым намеснікам старшыні Мінскага аблвыканкама быў з 25 мая 2010 года.