Старшыня КНР павіншаваў Аляксандра Лукашэнку з перамогай на прэзідэнцкіх выбарах
Старшыня Кітайскай Народнай Рэспублікі Ху Цзіньтаа ад імя ўрада КНР, кітайскага народа і сябе асабіста павіншаваў Аляксандра Лукашэнку з перамогай на прэзідэнцкіх выбарах. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
"Кітай і Беларусь з'яўляюцца добрымі сябрамі і партнёрамі. Паміж нашымі дзяржавамі ўстаноўлена высокая ступень палітычнага даверу, забяспечана цвёрдая ўзаемная падтрымка па ўсіх ключавых пытаннях, якія закранаюць надзённыя ўзаемныя інтарэсы, — гаворыцца ў віншаванні. — Плённа развіваецца раўнапраўнае супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай, ваенна-тэхнічнай, гуманітарнай і іншых сферах. Падтрымліваецца цеснае ўзаемадзеянне і каардынацыя ва ўрэгуляванні міжнародных і рэгіянальных праблем у абарону агульных інтарэсаў дзвюх дзяржаў".
Ху Цзіньтаа высока ацаніў вялікі асабісты ўклад Аляксандра Лукашэнкі ў развіццё кітайска-беларускіх адносін і падкрэсліў: "Кітайскі бок надае вялікае значэнне адносінам з Беларуссю і гатовы сумесна з беларускім бокам прыкласці значныя намаганні для бесперапыннага развіцця двухбаковага супрацоўніцтва".