|
Мядзведзеў і Лукашэнка на саміце СНД у Ерэване. Фота з архіва. |
Як стала вядома «Нашай Ніве» з вартай даверу крыніцы, Мядзведзеў павіншаваў Лукашэнку «з вынікамі выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», а не з перамогай.
У цэлым, віншаванне вытрымана ў сухім тоне. Згадваецца Адзіная эканамічная прастора, а «саюзная дзяржава» — не. Растыражаваныя прэс-службай Лукашэнкі словы з пажаданнямі поспехаў і народу — міру і росквіту Мядзведзеў прыпісаў у лісце ад рукі.
Цяпер ясна, чаму пятнічнае паведамленне прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі пра віншаванне ад Мядзведзева выглядала анекдатычна. У ім не цытавалася сама фармулёўка віншавання. Усё абмяжоўвалася сказам: «Жадаю Вам поспехаў, а брацкаму беларускаму народу — міру і працвітання», — гаворыцца ў віншаванні».
Гэта асабліва ўражвала ў параўнанні з віншаваннем ад Ху Цзіньтао, якое цытавалася разлегла.
У пятніцу прэс-сакратарка Мядзведзева Наталля Цімакова пацвердзіла, што прэзідэнт РФ павіншаваў Аляксандра Лукашэнку з абраннем на пасаду кіраўніка Беларусі. «З улікам афіцыйна апублікаваных лічбаў ЦВК Беларусі, даклада кіраўніка расійскага Цэнтрвыбаркама Уладзіміра Чурава аб высновах назіральнікаў, гэты ліст быў дасланы», — сказала Цімакова.
Між тым на сайце прэзідэнта Мядзведзева віншавання дагэтуль няма.
Як вынікае з тэксту віншавання — мякка кажучы, стрыманага, адносіны між Мядзведзевым і Лукашэнкам застаюцца кепскімі. Яўнае сведчанне незадаволенасці Лукашэнкі віншаваннем — адмова перагледзець прысуды грамадзянам Расеі, затрыманым на Плошчы.