ЗАКОНЫ ПАВІННЫ СТЫМУЛЯВАЦЬ ІНІЦЫЯТЫВУ
Паважаныя члены Савета Рэспублікі!
Паважаныя запрошаныя і журналісты!
Наша сённяшняе пасяджэнне з'яўляецца вельмі сімвалічным. Завяршаецца работа пятай сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Завяршаецца пяцігодка, і падведзены ўжо вынікі работы краіны за гэты перыяд. І, нарэшце, паспяхова пройдзены важнейшы экзамен улады перад народам — выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Галоўны вывад, які мы робім па выніках праведзеных выбараў, — гэта тое, што наш народ па-ранейшаму адзіны, ён станоўча ацэньвае дасягнутыя ў грамадстве вынікі і падтрымлівае курс на далейшае эвалюцыйнае развіццё краіны па таму сцэнарыю, які прапанаваў народу наш лідар.
Разам з тым праведзеныя выбары паказалі, што ў часткі нашага грамадства яшчэ недастаткова развіта палітычная культура, праяўляецца нігілізм і зняважлівае стаўленне да Канстытуцыі і законаў краіны. Нас як заканадаўцаў не можа не абураць палітычнае хуліганства, якое было арганізавана некаторымі з былых кандыдатаў у прэзідэнты каля Дома Урада. Наш народ не прымае такіх падыходаў і такіх акцый і ніколі не паддасца на правакацыі экстрэмістаў.
Зразумела, падагрэтыя спіртным маладыя людзі, якія прымалі ўдзел у гэтай вакханаліі, не адлюстроўваюць аблічча нашай сённяшняй моладзі. Тым не менш нам трэба зрабіць высновы з таго, што адбылося, і ўзмацніць работу з моладдзю. Але не фармальнымі метадамі, не лекцыямі і натацыямі, а максімальным уключэннем яе ў рэальныя справы, у цікавыя і карысныя заняткі.
На прэс-канферэнцыі па выніках выбараў Прэзідэнт выразна сказаў, што мы не збіраемся прынцыпова змяняць наш курс, радыкальна перабудоўвацца, каб дагадзіць камусьці. Не! Наш курс вывераны, нашы падыходы апраўданы жыццём, і адмаўляцца ад іх у нас няма ніякіх прычын. Але гэта не азначае, што мы збіраемся таптацца на месцы. У дакладзе Прэзідэнта на ІV Усебеларускім народным сходзе пастаўлены такія мэты і задачы, якія шмат у чым патрабуюць калі не прынцыпова новых падыходаў, то істотнага зрушэння акцэнтаў па шэрагу напрамкаў нашай палітыкі. Гэта, перш за ўсё, датычыцца лібералізацыі эканомікі, развіцця прадпрымальніцтва, паляпшэння ўмоў для знешніх інвестараў, стабілізацыі знешнегандлёвага сальда і шэрагу іншых пытанняў.
У папярэдні перыяд галоўнымі задачамі для нас былі ліквідацыя развалу эканомікі, аднаўленне прамысловасці і сельскай гаспадаркі, выхад нашай прадукцыі на знешнія рынкі. Асноўным рэсурсам для вырашэння гэтых задач былі мабілізацыя рабочых калектываў, дысцыпліна, строгае дзяржаўнае кіраванне і кантроль выканання.
Сёння, калі пастаўлены задачы паскоранага развіцця ўсіх галін эканомікі на базе самых сучасных тэхнічных рашэнняў і тэхналогій, галоўным рэсурсам павінны стаць ініцыятыва і крэатыўнасць работнікаў. Пераход ад палітыкі дырэктыў да палітыкі ініцыятыў — вось галоўны лозунг новай пяцігодкі. І гэты падыход павінен быць успрыняты не толькі ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы, але, па сутнасці, і ва ўсіх астатніх сферах дзейнасці. Наш народ таленавіты, адукаваны і разумны. Сёння галоўная задача дзяржавы — стварыць умовы, пры якіх ён мог бы ў найбольшай ступені і з найбольшай карысцю праявіць свае здольнасці. Думаецца, што гэта тое, з чаго мы павінны зыходзіць пры арганізацыі ўсёй нашай работы.
Трэба таксама паклапаціцца і аб умацаванні ролі мясцовых Саветаў і асабліва аб далейшым развіцці нашай грамадзянскай супольнасці.
Сёння ў нас у краіне функцыянуюць больш як дзве тысячы грамадскіх арганізацый і аб'яднанняў, 15 палітычных партый. Аднак што гэта за партыі? Большасць з іх маюць не проста апазіцыйны, а варожа-апазіцыйны характар і адлюстроўваюць інтарэсы і погляды вельмі невялікай, радыкальна настроенай часткі насельніцтва. Некалькі партый даволі пазітыўныя, але яны занадта малаколькасныя і не могуць адыгрываць вызначальную палітычную ролю ў грамадстве. Асноўная ж частка насельніцтва — менавіта тая, што прагаласавала за Лукашэнку, — палітычна разрозненая і не ўваходзіць ні ў якія партыі. У выніку дэструктыўныя палітычныя партыі аказваюцца дамінуючымі на палітычным полі краіны і не атрымліваюць ніякага адпору, не маюць палітычнай процівагі з боку пераважнай часткі грамадства. Нельга не бачыць, што такая сітуацыя не служыць на карысць палітычнай стабільнасці. Толькі ж адміністрацыйнае стрымліванне экс- трэмісцкіх тэндэнцый мае свае абмежаванні і наўрад ці поўнасцю вырашыць гэту праблему.
Таму партыйнае будаўніцтва, арганізацыя палітычных партый, якія адлюстроўваюць імкненні народа і прытрымліваюцца канструктыўных прынцыпаў, з'яўляюцца для грамадства важнай задачай. Безумоўна, патрэбны і павінны мець магчымасць для выказвання сваіх пазіцый і апазіцыйныя партыі. Без крытыкі, без апаніравання, без альтэрнатыўных меркаванняў грамадства паспяхова развівацца не можа. Але ў аснове дзейнасці такіх партый павінны быць няўхільнае выкананне Канстытуцыі, павага да законаў і высокая палітычныя культура, якія не дапускаюць паклёпу, абразы і экстрэмізму.
На нядаўняй прэс-канферэнцыі Прэзідэнт выразна выказаўся ў падтрымку развіцця партыйнага жыцця ў краіне. Іншая справа, што ён катэгарычна не прымае бюракратычны прынцып арганізацыі і пабудовы нейкай прэзідэнцкай палітычнай партыі. І гэта абсалютна правільна. Па-першае, наш Прэзідэнт выбіраецца ўсім народам, выказвае і абараняе інтарэсы ўсяго народа, а не якой-небудзь яго асобнай часткі. Таму ён не збіраецца ўваходзіць ні ў якую партыю або ўдзельнічаць у яе стварэнні. Па-другое, партыя чыноўнікаў нам не патрэбна, яна нічога не прыбавіць грамадству. Гэта не значыць, што чыноўнік, як і любы грамадзянін, не можа знаходзіцца і актыўна праяўляць сябе ў партыі. Аднак перш за ўсё там павінны быць прадстаўнікі народа, а не ўлады.
І, нарэшце, апошняе, што я хацеў бы падкрэсліць у гэтай частцы свайго выступлення, — гэта наш курс на ўсямернае ўмацаванне дружалюбных сувязяў з краінамі-суседкамі і ў цэлым на актывізацыю міжнароднага супрацоўніцтва. Прэзідэнт абсалютна дакладна і адназначна выказаўся па гэтых пытаннях і на ІV Усебеларускім народным сходзе, і на прэс-канферэнцыі, і мы цалкам падзяляем яго пазіцыю. Галоўнае — гэта тое, што беларуска-расійскія адносіны вяртаюцца ў нармальнае рэчышча і пачынаюцца калі не з чыстага ліста, то з ліста, з якога выключаны ўсе дапушчаныя раней памаркі. Расія была, ёсць і будзе нашым галоўным стратэгічным партнёрам, самай блізкай нам дзяржавай, і з гэтага нам усім трэба зыходзіць. Разам з тым мы спадзяёмся на значнае аздараўленне нашых адносін і з Еўрасаюзам, і з ЗША, з якімі мы хацелі б мець самыя цесныя і дружалюбныя адносіны.
Паважаныя калегі!
Новы этап развіцця краіны ставіць новыя задачы перад заканадаўцамі, патрабуе своечасовага ўдасканалення дзеючых норм і правіл. Кожны прававы дакумент павінен адлюстроўваць інтарэсы людзей, павінен быць накіраваны на стварэнне эфектыўна дзеючага механізма вырашэння актуальных задач. Інакш кажучы, усё, што працуе на карысць нашага народа, на карысць дзяржавы, павінна атрымаць якаснае нарматыўна-прававое замацаванне. Гэта тая канкрэтная задача, за якую мы з вамі нясём непасрэдную адказнасць.
На працягу пятай сесіі Савет Рэспублікі сумесна з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў, Адміністрацыяй Прэзідэнта, Урадам і іншымі ўдзельнікамі заканадаўчага працэсу разглядаў і адабраў законапраекты, якія маюць самыя непасрэдныя адносіны да жыццёва важных праблем грамадства і дзяржавы. Так, адобраны Саветам Рэспублікі яшчэ ў кастрычніку, г.зн. за тры месяцы да пачатку плануемага года, пакет асноўных фінансавых дакументаў, якія вызначаюць бюджэтна-падатковую палітыку краіны на 2011 і наступныя гады, даў магчымасць усім удзельнікам сацыяльна-эканамічнага працэсу адаптавацца да новых "правіл гульні", устаноўленых гэтымі законамі. Своечасовае іх прыняцце мае асабліва вялікае значэнне ў сувязі з тым, што завяршаецца пяцігодка, і трэба без затрымак пачаць новую работу.
З навацый Бюджэтнага кодэкса варта адзначыць палажэнне, якое прадугледжвае залічэнне ў бюджэты Саветаў дэпутатаў пярвічнага ўзроўню адлічэнняў ад падаходнага падатку фізічных асоб, што пашырае фінансавыя магчымасці мясцовых Саветаў.
У цэлым бюджэтная палітыка будзе накіравана на захаванне дасягнутай якасці сацыяльных паслуг, павышэнне ўзроўню жыцця насельніцтва, падтрымку рэальнага сектара эканомікі і стымуляванне малога і сярэдняга бізнесу.
Важную ролю для развіцця нашай эканомікі адыгрывае адобраны намі закон "Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь". Ён прадугледжвае спрашчэнне падатковай сістэмы шляхам прывядзення яе па колькасці падаткаў, што прымяняюцца, у адпаведнасць са стандартамі развітых краін. У выніку падатковая нагрузка на эканоміку знізіцца на 0,4 працэнта адносна ВУП, а гэта больш як 700 млрд рублёў.
Закон пашырае інвестыцыйныя льготы, што, паводле падлікаў, павінна прывесці да павелічэння інвестыцыйных магчымасцяў айчынных прадпрыемстваў на 1,5 трлн рублёў. Важна таксама, што ён дае магчымасць істотна спрасціць працэдуры налічэння і выплаты падаткаў.
Паважаныя калегі!
Як вам вядома, 9 снежня бягучага года прэзідэнтамі Беларусі, Казахстана і Расіі была прынята Дэкларацыя аб фарміраванні Адзінай эканамічнай прасторы і сфарміравана яго дагаворна-прававая база. Уступленне дакументаў у сілу плануецца з 1 студзеня 2012 года.
Фарміраванне АЭП стане наступнай ступенню інтэграцыі краін — удзельніц Мытнага саюза. Яно будзе прадугледжваць свабодны рух тавараў, паслуг, капіталаў і рабочай сілы, а таксама ўзгодненую макраэканамічную палітыку.
Сённяшняе наша рашэнне аб ратыфікацыі пагадненняў па Адзінай эканамічнай прасторы мае, можна сказаць, гістарычнае значэнне, паколькі адкрывае дарогу для фарміравання прынцыпова новага эканамічнага саюза на прасторы СНД. Мы ратыфікавалі ўвесь пакет неабходных для гэтага дакументаў і зрабілі гэта раней за Расію і Казахстан — да 1 студзеня 2011, а не 2012 года. Для Беларусі гэта азначае зняцце з 1 студзеня 2011 года пошліны на нафту, якая пастаўляецца з Расіі для беларускіх нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў, што мае для нас жыццёва важнае значэнне.
У ходзе сесіі адобраны пакет важнейшых законапраектаў у сферы сацыяльнай палітыкі. Перш за ўсё, узмоцнена сацыяльная абарона сем'яў, дзяцей, дзяцей-інвалідаў, а таксама непаўналетніх дзяцей, якія пражываюць і навучаюцца ва ўстановах адукацыі на тэрыторыях радыеактыўнага забруджвання. Удасканалены парадак назначэння і выплаты дзяржаўных дапамог сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей.
Выступаючы на ІV Усебеларускім народным сходзе, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што адным з пяці паказчыкаў якасці жыцця чалавека з'яўляецца адукацыя. У сувязі з гэтым заканамерным з'яўляецца прыняцце асноўнага дакумента ў сферы адукацыі — Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, які будзе садзейнічаць сістэматызацыі заканадаўства і ўпарадкаванню адносін у гэтай сферы.
Важнае значэнне для эканомікі рэспублікі мае адобраны намі закон "Аб аднаўляльных крыніцах энергіі". Ён накіраваны не толькі на стварэнне эканамічных стымулаў выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі, але і на зніжэнне антрапагеннага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. Прынятыя намі змяненні ў закон "Аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці" пашыраюць магчымасці ўдзелу грамадзян у вырашэнні пытанняў архітэктурнай і горадабудаўнічай палітыкі, што садзейнічае развіццю дэмакратычных працэсаў у нашым грамадстве.
Паважаныя калегі!
Шмат увагі ўдзялялася таксама ўдасканаленню крымінальнага, крымінальна-працэсуальнага і адміністрацыйнага заканадаўства. Асаблівае значэнне маюць папраўкі, накіраваныя на яго лібералізацыю, змякчэнне адказнасці за няцяжкія правапарушэнні, у тым ліку ў галіне эканамічнай дзейнасці. Прыняты шэраг важных законаў, прызначаных гарантаваць бяспеку асобы, грамадства і дзяржавы.
На заканадаўчым узроўні комплексна ўрэгуляваны адносіны ў галіне знешняй працоўнай міграцыі, у тым ліку адносна пытанняў прыцягнення замежнай рабочай сілы ў Рэспубліку Беларусь.
У сесійны перыяд мы прадаўжалі нарошчваць прававую базу супрацоўніцтва з замежнымі краінамі і міжнароднымі арганізацыямі. Саветам Рэспублікі адобраны міжурадавыя пагадненні з Кітайскай Народнай Рэспублікай, Фінляндскай Рэспублікай, Рэспублікай Польшча, Чарнагорыяй, Французскай Рэспублікай, Рэспублікай Перу, Усходняй Рэспублікай Уругвай і Туркменістанам. Ратыфікаваны таксама дакументы ў рамках Мытнага саюза.
У ліку ратыфікаваных міжнародных дакументаў — Рамачнае пагадненне паміж Рэспублікай Беларусь і Паўночным інвестыцыйным банкам, якое адкрывае магчымасці выкарыстання фінансавых сродкаў гэтага банка для рэалізацыі інвестыцыйных праектаў, што ўяўляюць інтарэс для нашай краіны.
Паважаныя калегі!
Амбіцыйныя планы па развіцці Беларусі на наступнае пяцігоддзе павінны знайсці сваё нарматыўнае адлюстраванне ў законах, якія Парламент плануе разгледзець у будучым годзе.
Агучаныя кіраўніком дзяржавы на ІV Усебеларускім народным сходзе стымулы, накіраваныя на ўмацаванне сям'і: павелічэнне памераў дапамогі па доглядзе дзіцяці, аднаразовай дапамогі пры нараджэнні дзіцяці і іншыя — павінны быць рэалізаваны ў адпаведных законах.
Паслядоўная палітыка дзяржавы, якая прадугледжвае забеспячэнне насельніцтва жыллём, запатрабуе ад нас стварэння прававой асновы для развіцця новых спосабаў паляпшэння жыллёвых умоў грамадзян. Наперадзе работа над праектам Жыллёвага кодэкса, законапраектам "Аб жыллёвых будаўнічых зберажэннях", актамі, што фарміруюць рынак арэнднага дзяржаўнага жылля і прадугледжваюць удасканаленне механізмаў іпатэкі.
Узмацненню абароны правоў грамадзян пры разглядзе іх зваротаў будзе садзейнічаць закон "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб", работа над праектам якога павінна быць завершана ў наступным годзе.
Асаблівая ўвага будзе ўдзелена рабоце над законапраектамі, накіраванымі на актывізацыю прадпрымальніцкай ініцыятывы, павелічэнне прытоку інвестыцый, развіццё рынку каштоўных папер, далейшую лібералізацыю эканомікі. Пры гэтым трэба зыходзіць з формулы нашага Прэзідэнта: канкурэнцыя — усюды, дзе магчыма, дзяржаўнае рэгуляванне — там, дзе неабходна.
Нам трэба надаць дадатковую дынаміку міжнароднаму супрацоўніцтву. Гэты напрамак заканатворчай дзейнасці парламентарыяў павінен прыносіць рэальныя вынікі ў выглядзе росту колькасці экспартуемых тавараў і паслуг, прыцягнення ў краіну замежнага капіталу, умацавання эканамічных і палітычных адносін з замежнымі дзяржавамі.
За мінулы перыяд члены Савета Рэспублікі прымалі актыўны ўдзел у міжнароднай і міжпарламенцкай дзейнасці. Сярод асноўных мерапрыемстваў можна адзначыць работу ў рамках Міжпарламенцкага Саюза, парламенцкай структуры Цэнтральнаеўрапейскай ініцыятывы, Парламенцкай асамблеі і Кангрэса мясцовых і рэгіянальных улад Савета Еўропы, а таксама ХІІІ Мінскага форуму "Беларусь і Еўрапейскі Саюз пасля крызісу". Удзел нашых прадстаўнікоў у гэтых структурах і мерапрыемствах садзейнічаў павышэнню аўтарытэту Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і ўмацаванню міжнародных пазіцый беларускай дзяржавы.
Хачу асабліва адзначыць пазітыўную ролю парламентаў Беларусі і Расіі ў пытанні нармалізацыі адносін паміж нашымі краінамі. Заявы наконт гэтага пытання, якія былі прыняты Нацыянальным сходам Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнай Думай Расійскай Федэрацыі, стварылі палітычную аснову для ўрэгулявання ўзнікшых непаразуменняў.
Гэтаму ж садзейнічала актыўная работа членаў Савета Рэспублікі ў рамках Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі, міжпарламенцкіх асамблей дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў, Еўразійскага эканамічнага супольніцтва, Парламенцкай Асамблеі Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы.
Вельмі канструктыўна развіваліся і двухбаковыя парламенцкія кантакты. Адбыліся сустрэчы з парламентарыямі Бельгіі, Балгарыі, Венгрыі, Германіі, Грэцыі, Чарнагорыі, Фінляндыі, В'етнама, Азербайджана і інш., у ходзе якіх у якасці важнейшага прыярытэту разглядалася пашырэнне міжпарламенцкага супрацоўніцтва. Шэраг паспяховых міжпарламенцкіх перагавораў быў праведзены ў сценах Савета Рэспублікі. Асабліва варта адзначыць сустрэчы з казахскай парламенцкай дэлегацыяй на чале са Старшынёй Сената Парламента Рэспублікі Казахстан, намеснікам Старшыні ПА АБСЕ панам Такаевым, з дэлегацыяй Вярхоўнай Рады Украіны на чале з намеснікам Старшыні Вярхоўнай Рады панам Таменкам, з дакладчыкам па Беларусі ад ПАСЕ пані Хурскайнен.
У маючы адбыцца міжсесійны перыяд асаблівую ўвагу неабходна ўдзяліць актывізацыі міжпарламенцкіх кантактаў на ўзроўні рабочых груп па супрацоўніцтве.
Паважаныя калегі!
У мінулы перыяд значная ўвага ўдзялялася рабоце з органамі мясцовага кіравання і самакіравання. У кастрычніку на базе Касцюковіцкага і Краснапольскага раёнаў адбылося выязное пасяджэнне Савета па ўзаемадзеянню з органамі мясцовага самакіравання, дзе была разгледжана работа Саветаў дэпутатаў названых раёнаў па комплекснаму развіццю тэрыторый і паляпшэнню ўмоў жыцця насельніцтва, асабліва ў частцы мінімізацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Па выніках абмеркавання вызначаны шляхі павышэння ролі Саветаў дэпутатаў у вырашэнні пытанняў у сферы занятасці насельніцтва, развіцця малога і сярэдняга бізнэсу, у рабоце па навядзенні парадку на зямлі і інш. Перад структурамі жыллёва-камунальнай гаспадаркі пастаўлены канкрэтныя задачы па завяршэнні прыёму-перадачы вуліц і праездаў сельскіх населеных пунктаў на баланс спецыялізаваных арганізацый.
У рамках работы Савета па ўзаемадзеянні з органамі мясцовага самакіравання вялікая ўвага ўдзялялася ўкараненню АІС "Мясцовыя Саветы дэпутатаў". У прыватнасці, на базе Яноўскага і Беладубраўскага сельскіх Саветаў Краснапольскага і Касцюковіцкага раёнаў была апрабавана іх работа. Практыка паказала, што ўкараненне гэтай сістэмы створыць прынцыпова новыя ўмовы для больш эфектыўнай арганізацыі работы з дакументамі, дасць магчымасць пазбегнуць дубліравання працэдур рэгістрацыі, скароціць час дастаўкі карэспандэнцыі, знізіць матэрыяльныя і працоўныя затраты.
Вынікам поўнамаштабнага ўкаранення сістэмы павінна стаць комплексная аўтаматызацыя справаводства з далейшым пераходам на электронны дакументаабарот ва ўсіх органах мясцовага самакіравання Рэспублікі Беларусь.
Сістэмны характар атрымала наша ўзаемадзеянне з Саветамі дэпутатаў розных узроўняў. Падтрымка аказваецца ў першую чаргу сельскім і пасялковым Саветам дэпутатаў. Яны, як паказвае практыка, бяруць на сябе асноўную частку праблем жыхароў глыбінкі.
З нашым удзелам прайшло каля трыццаці сесій Саветаў дэпутатаў пярвічнага ўзроўню.
Па-ранейшаму вялікае значэнне мы надавалі ўзаемадзеянню са сродкамі масавай інфармацыі. У лістападзе гэтага года ў Савеце Рэспублікі адбылася сустрэча з рэдактарамі абласных, гарадскіх і раённых газет. Для нас выключна важна падтрымліваць цеснае ўзаемадзеянне са сродкамі масавай інфармацыі, паколькі яны не толькі інфармуюць людзей аб тым, што робіць заканадаўчая ўлада, але і забяспечваюць зваротную сувязь: як насельніцтва ўсё гэта ўспрымае і ацэньвае. Важна, што рэгіянальныя друкаваныя выданні не ўпускаюць з-пад увагі агульнадзяржаўныя тэмы, на іх старонках можна сустрэць матэрыялы аб нашай парламенцкай дзейнасці і рабоце ў рэгіёнах. У прыватнасці, у 52-х перыядычных друкаваных выданнях за мінулы перыяд было размешчана больш за 200 публікацый аб дзейнасці Савета Рэспублікі. Разам з тым неабходна ўзмацніць работу ў СМІ па абмеркаванні законапраектаў, якія разглядаюцца ў Савеце Рэспублікі. Нашы грамадзяне павінны пастаянна атрымліваць з першых рук растлумачэнні і каментарыі заканадаўца па самых надзённых пытаннях.
Паважаныя члены Савета Рэспублікі!
У святле патрабаванняў кіраўніка дзяржавы аб укараненні ў практыку больш выніковых форм работы з насельніцтвам намі была ўзмоцнена работа са зваротамі грамадзян.
Як адзначыў кіраўнік дзяржавы на праведзенай 9 лістапада 2010 года нарадзе па пытаннях работы са зваротамі грамадзян, трэба выразна разумець, што для людзей важны не столькі паказчыкі ВУП, колькі тое, як дзяржаўныя праграмы ўплываюць на іх жыццё, садзейнічаюць вырашэнню надзённых жыццёвых праблем. Людзі чакаюць ад нас рэальнай увагі да іх клопатаў. Дапамагчы канкрэтнаму чалавеку, прыняць зацікаўлены ўдзел у яго складанай жыццёвай сітуацыі, дапамагчы і падтрымаць — такім павінен быць наш стыль работы з заявамі і скаргамі выбаршчыкаў. Таму неабходна самым сур'ёзным чынам і ў Савеце Рэспублікі, і ў рэгіёнах займацца праблемамі людзей. У міжсесійны перыяд гэта задача нумар адзін. Тым больш што ў нас для гэтага ёсць усё неабходнае. Трэба смялей прыцягваць для работы з грамадзянамі мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы, каб у максімальнай меры забяспечыць вырашэнне праблем насельніцтва.
Паважаныя калегі!
На заканчэнне хачу выказаць усім вам словы падзякі за плённую работу ў перыяд сесіі, а таксама падзякаваць супрацоўнікам Сакратарыята Савета Рэспублікі за высокі прафесіяналізм і якаснае выкананне пастаўленых перад імі задач па забеспячэнні дзейнасці Савета Рэспублікі.
Выказваю таксама ўдзячнасць прадстаўнікам сродкаў масавай інфармацыі за аператыўнае асвятленне нашай дзейнасці.
Віншую ўсіх вас з надыходзячым Новым годам і жадаю вам і вашым блізкім здароўя, дабрабыту і ўдачы ў новым 2011 годзе!
Дзякуй за ўвагу!