Беларусь дапаможа Венесуэле з аднаўленнем інфраструктуры і жылля
Аб гэтым заявіў учора Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па пытанні аказання дапамогі Венесуэле.
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што аб гэтым яго прасіў у тэлефоннай размове і Прэзідэнт Венесуэлы Уга Чавес. "Сітуацыя ў Венесуэле склалася цяжкая: Каракас, многія раёны Венесуэлы практычна змыты, у сямі штатах уведзена надзвычайнае становішча. Дзясяткі людзей загінулі, тысячы засталіся без прытулку. Мне дакладваюць, што пацярпелых размяшчаюць нават у прэзідэнцкім палацы". Як растлумачыў Прэзідэнт, менавіта таму было прынята рашэнне неадкладна прыйсці на выручку стратэгічнаму партнёру, дзяржаве і народу, які апынуўся ў бядзе.
"Венесуэльцы павінны адчуваць, што іх бяда для нас не чужая і мы сапраўды прыйшлі да іх усур'ёз, наша супрацоўніцтва з імі надоўга", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнтам Беларусі раней былі дадзены канкрэтныя даручэнні ўраду па аказанні гуманітарнай дапамогі Венесуэле. Учора ў Каракас самалётам былі дастаўлены тавары першай неабходнасці: палаткі, прадукты харчавання, адзенне. "Вы добра разумееце, што інакш зрабіць мы не маглі, таму што ў цяжкія часы для нашай краіны Венесуэла аказала нам вельмі сур'ёзную падтрымку", — адзначыў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка даручыў таксама ўраду аператыўна ўзгадніць з венесуэльцамі наменклатуру, колькасць і ўмовы паставак дадатковых партый будаўнічай і дарожна-будаўнічай тэхнікі, а ў выпадку неабходнасці здымаць такую тэхніку з іншых кантрактаў для паставак у Венесуэлу. "Цяпер галоўнае — дапамагчы людзям!" — падкрэсліў Прэзідэнт. "Ведаю, што мы ўжо задзейнічалі наяўныя ў нас у Венесуэле магчымасці па лініі "Белзамежбуда". Аднак гэта кропля ў моры, гэтага недастаткова, трэба перакідваць туды тэхніку, людзей", — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Ён таксама дадаў, што гэта будзе небясплатна, але размова пра грошы сёння не ідзе. Аляксандр Лукашэнка прапанаваў накіроўваць туды беларускіх будаўнікоў, якія ў зімовы перыяд, можа, не задзейнічаны ў поўнай меры. "Нам неабходна дзейнічаць максімальна хутка, асабліва з улікам адлегласці", — падкрэсліў Прэзідэнт.