Новыя рэйтынгі ад «TNS‑Украіна»: Лукашэнку пішуць 76%
«Ведаеце, мы праводзілі яшчэ адно апытанне.
Прыцягнулі да працы новых людзей. Аднак яны, калі казаць сваімі словамі, правалілі працу. Атрыманыя лічбы істотна адрозніваліся ад папярэдніх.Праблемы атрымаліся ў Віцебскай вобласці. Яўны перакос быў зроблены на карысць моладзі і людзей з вышэйшай адукацыяй. Але мы прыбралі гэтыя звесткі. Усяго было апытана 1500 чалавек», — кажа М.Чурылаў.
Вось якія лічбы дае прадстаўнік «TNS‑Украіна». Найперш трэба адзначыць, што 20% рэспандэнтаў не вызначыліся з сваім кандыдатам. 15% сказалі, што не пойдуць на выбары, а 6% адмовіліся размаўляць.
З тых, што засталіся, атрымаліся наступныя лічбы:
Аляксандр Лукашэнка — 75,9%Уладзімір Някляеў — 5,4%
Андрэй Саннікаў — 5,2%
Яраслаў Раманчук — 2,2%
Віктар Цярэшчанка — 1,9%
Рыгор Кастусёў — 1%
Алесь Міхалевіч — 1%
Віталь Рымашэўскі — 0,9%
Мікалай Статкевіч — 0,9%
Дзмітрый Ус — 0,6%
Супраць усіх — 5%.
Чаму лічбы за Лукашэнку за месяц так узраслі? Бо яшчэ на лістападаўскім апытанні за Лукашэнку гатовыя былі прагаласаваць 55% выбарцаў. Чурылаў кажа, што лічба не змянілася істотна. Проста новы рэйтынг без уліку людзей, што не вызначыліся і не пойдуць на галасаванне, у адрозненне ад папярэдняга.
Мікалай Чурылаў кажа, што вынікі экзіт‑полаў будуць абвешчаныя ў нядзелю 19 снежня а 20:01. Сацыёлаг перакананы, што на гэты раз праблем з падлікам не павінна ўзнікнуць. «Калі ўбачым, што ідуць фальсіфікацыі, то такіх людзей будуць адразу выдаляць», — зазначае кіраўнік кампаніі.
Ва ўмовах аўтарытарызму адмаўляюцца адказваць або не паведамляюць свайго выбару акурат тыя, хто супраць аўтарытарнага лідэра. Таму 26% ад выніку Лукашэнкі можна было б адмінусаваць. Аднак сацыёлагі таго не робяць.
Варта нагадаць, што «TNS‑Украіна» працуе на замову лукашэнкаўскага канала АНТ.Зміцер Панкавец