Фінляндыя, Беларусь і Еўрапейскі саюз

Источник материала:  
04.12.2010 10:08 — Новости Политики
Артыкул Аляксандра Стуба, міністра замежных спраў Фінляндыі, спецыяльна для беларускіх СМІ.

Фінляндыя, Беларусь і Еўрапейскі саюз

Фінляндыя адзначае 6 снежня 93-я ўгодкі незалежнасці. Мы ганарымся сваёй паўночнай дзяржавай, якая ў 1917 годзе ў адгалоссі Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Расіі здабыла незалежнасць, змагалася за яе ў гады другой сусветнай вайны і развілася з беднай сельскагаспадарчай краіны ў адну з найбольш заможных краінаў свету. Сёння мы шануем памяць тых, хто загінуў у войнах, і выказваем падзяку тым ветэранам, якія яшчэ жывуць.

Што тычыцца Фінляндыі і Беларусі, мы часцяком заўважаем, што гісторыя нашых краін мае цікавыя паралелі. Бо абедзве яны ў мінулым уваходзілі ў склад магутных заходніх дзяржаваў: Беларусь — у склад Вялікага Княства Літоўскага, а Фінляндыя — у склад Швецыі на працягу амаль 700 гадоў. Па меры паслаблення гэтых заходніх дзяржаваў нашы краіны патрапілы пад уплыў магутнай дзяржавы, якая зараджалася на ўсходзе, г. зн. Расіі: у 1795 годзе — Беларусь, а ў 1809 годзе — Фінляндыя. Падчас рэвалюцыйных падзеяў у Расіі ў 1917—1918 гг. абедзве краіны дамагаліся незалежнасці. Фінляндыя дасягнула незалежнасці ў 1917 годзе і здолела яе захаваць. Лёс Беларусі складаўся па-іншаму, пакуль распад Савецкага Саюза ў 1991 годзе не змяніў сусветны парадак.

Беларусь — еўрапейская дзяржава, якая мае права на еўрапейскую будучыню. Беларусь — частка Еўропы, як дзякучы свайму геаграфічнаму становішчу, сваёй гісторыі і культуры, так і — што яшчэ больш важна — дзякуючы сваёй асабістай волі. Спадзяемся, што Беларусь будзе эфектыўна праводзіць рэформы для забеспячэння больш шчыльнага супрацоўніцтва з Еўрапейскім Саюзам.

Прыклад Фінляндыі мог бы служыць арыенцірам, бо інтэграцыя Фінляндыі ў еўрапейскія структуры праходзіла паступова і стала часткай доўгатэрміновага працэсу.

Прамежак паміж удзелам Фінляндыі ў ГПТГ (Генеральнае пагадненне па тарыфах і гандлі — анг. GATT) і ўдзелам у Еўрапейскім Саюзе склаў 39 гадоў. У 1956 годзе Фінляндыя зрабілася сябрам ГПТГ, арганізацыі-папярэдніцы Сусветнай гандлёвай арганізацыі (анг. WTO). Інтэграцыя Фінляндыі ў Еўропу пачалася ў 1961 годзе, калі Фінляндыя зрабілася асацыяваным сябрам Еўрапейскай асацыяцыі свабоднага гандлю (анг. EFTA). У 1972 годзе было падпісана пагадненне аб свабодным гандлі з Еўрапейскай эканамічнай супольнасцю (анг. EEC) і адначасова з ім пагадненне аб супрацоўніцтве з Саветам эканамічнай узаемадапамогі (анг. CMEA). У 1986 годзе Фінляндыя зрабілася паўнавартым сябрам Еўрапейскай асацыяцыі свабоднага гандлю. У 1992 годзе — падала заяву на сяброўства ў Еўрапейскім Саюзе — і ў 1995 годзе ўвайшла ў склад ЕС.

Інтэграцыйны шлях Фінляндыі был доўгім і часам складаным у сувязі з тым, што яшчэ з часоў Савецкага Саюза стаўленне да вольнага гандлю ў межах ЕЭС было негатыўным. Фінляндыя здолела, дзякуючы свабоднаму гандлю і інтэграцыі, мадэрнізаваць сваю эканоміку і выйсці шырокім фронтам на еўрапейскія рынкі. З прычыны працяглага падрыхтоўчага перыяду сам працэс атрымання статусу сябра ў ЕС у 1990-я прайшоў хутка і адносна бязбольна. Тут можна адзначыць, што інтэграцыя Фінляндыі ў еўрапейскія структуры праходзіла з адначасовым захаваннем добрых стасункаў з Савецкім Саюзам, а потым — з Расіяй. Гандаль з усходнім суседам заўсёды быў надзвычай істотным для Фінляндыі. Расія і сёння з’яўляецца адным з найбуйнейшых гандлёвых партнёраў Фінляндыі.

На падставе фінскага досведу магу з перакананасцю рэкамендаваць Беларусі сур’ёзна абмеркаваць прапановы Еўрапейскага Cаюза, максімальна выкарыстоўваючы ўсе наяўныя магчымасці, здзяйсняючы рэформы хуткімі тэмпамі і выконваючы неабходныя патрабаванні. Гэта магло б шматкроць павялічыць аб’ёмы гандлю і інвестыцый паміж Беларуссю і краінамі ЕС.

Фінляндыя выступае прыхільніцай вольнага перамяшчэння грамадзянаў і спадзяецца, што Беларусь можа рухацца ў бок увядзення бязвізавага рэжыму. Вольнае перамяшчэнне людзей уваходзіць у лік базавых прынцыпаў Еўрапейскага Саюза.

У межах Еўрапейскага Саюза Фінляндыя актыўна падтрымлівае праграму Усходняга партнёрства. Мы жадаем зрабіць свой унёсак у працэс, які спрыяе збліжэнню Украіны, Малдовы і Беларусі, а таксама Арменіі, Азербайджана і Грузіі з Еўрапейскім Cаюзам. Фінляндыя прытрымліваецца таго пункту гледжання, што Еўрапейскі Cаюз мусіць надалей даваць больш адчувальную падтрымку рэформам краінаў-партнёрак. Рэформы адпавядаюць інтарэсам як згаданых вышэй краінаў, такі і краінаў Еўрапейскага Саюза. Мы падтрымліваем бягучыя перамовы аб заключэнні пагадненняў аб асацыяцыі. Лічым, што бязвізавы рэжым з’яўляецца мэтай доўгатэрміновай перспектывы ў дачыненні кожнай з шасці краін-партнёрак.

На падставе сваёй уласнай гісторыі мы, фіны, непарушна верым у прынцыпы дэмакратыі, вяршэнства закону і грамадзянскай супольнасці. Мы высока ацэньваем грамадскую ролю няўрадавых арганізацый і СМІ. Мы спадзяемся, што няўрадавыя арганізацыі будуць шырока далучаныя да сферы дзейнасці Усходняга партнёрства.

Гэтымі словамі я хацеў бы заахвоціць Беларусь да далейшых рэформаў.

Беларусь мае ўсе падставы, каб ганарыцца сваімі дасягненнямі. Беларусы, якія прайшлі праз цяжкую гісторыю, зарабілі свае дасягненні, на фундаменце якіх краіна можа будаваць стабільную еўрапейскую будучыню. Мы, фіны, жадаем і надалей заставацца сябрамі Беларусі як у межах Еўрапейскага Саюза, так і праз нашыя наўпростыя кантакты.

Падзяліцца навіной: 

←Четвертое Всебелорусское народное собрание пройдет 6-7 декабря в Минске

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика