На Кастусёва склалі пратакол за незаконны пікет
Як паведаміў Зміцер Салаўёў, які з"яўляецца даверанай асобай кандыдата, пікет пачаўся а 15 гадзіне. "Да 16-й прыехалі міліцыя і прадстаўнікі раённай "вертыкалі", заблакіравалі машыну кандыдата ў прэзідэнты і склалі пратакол аб парушэнні парадку правядзення масавых мерапрыемстваў", — паведаміў Салаўёў, зазначыўшы, што затрыманняў не было.
Паводле слоў даверанай асобы, на працягу паўгадзіны Кастусёў не мог пакінуць месца правядзення пікета, хаця па графіку ў яго былі намечаны яшчэ дзве сустрэчы. Разам з тым Салаўёў не змог растлумачыць, на каго менавіта быў складзены пратакол, паколькі "склалі пратакол у адным асобніку, у кішэню паклалі і пайшлі".
Паводле слоў назіральніка ў Бялыніцкай раённай камісіі па выбарах прэзідэнта Барыса Вырвіча, у горадзе правядзенне агітацыйных пікетаў дазволена ўсюды, за выключэннем спецыяльна вызначаных месцаў. Пляцоўка каля ўніверсама "Ластаўка", дзе апазіцыйны кандыдат праводзіў пікет, паводле сцвярджэння назіральніка, у лік забароненых не ўваходзіць.
"Прадстаўнікі ўлады спасылаліся на тое, што давераныя асобы кандыдата павінны былі за два дні да пікета звярнуцца ў райвыканкам з паведамленнем", — сказаў Вырвіч.
Сярод тых, хто перашкаджаў кандыдату ў прэзідэнты, паводле слоў назіральніка, былі намеснік старшыні райвыканкама Надзея Серыкава, старшыня Бялыніцкай раённай выбарчай камісіі, якая адначасова ўзначальвае аддзел ідэалагічнай працы райвыканкама, Ірына Фурсава, прадстаўнікі кіраўніцтва Бялыніцкага РАУС.
БелаПАН