Праграма Лукашэнкі: за ўзбагачэнне і за свабоду
На фота: Лукашэнка ў Вільні, 2009. |
Сваю праграму дзейны прэзідэнт адкрывае пералікам таго, што «мы зрабілі»:
— пабудавалі сваю дзяржаву, якая займае па ўзроўні развіцця чалавечага патэнцыялу
— абаранілі краіну ад разрабавання;
— выстаялі ў сусветным крызісе;
— выратавалі вёску і забяспечылі харчовую бяспеку краіны;
— разняволілі дзелавую ініцыятыву;
— забяспечылі поўную занятасць;
— пабудавалі дзясяткі мільёнаў квадратных метраў жылля;
— рашуча прасунулі наперад медыцыну і адукацыю;
— сталі жыць лепш.
У найбліжэйшыя пяць гадоў «Беларусь павінна ўвайсці ў лік першых 50 краін свету з найвышэйшым індэксам развіцця чалавечага патэнцыялу», зазначаецца ў праграме.Каб дасягнуць гэтага, кандыдат Лукашэнка ставіць перад сабой наступныя асноўныя мэты:
— умацаваць нацыю.«Кожная сям’я, дзе ёсць чацвёра і больш дзяцей, за кошт дзяржавы атрымае кватэру.
Сем’ям з трыма дзецьмі будуць кампенсаваныя 75 працэнтаў кошту жылля»;— стаць багацейшымі.
«За кошт росту эканомікі будзе забяспечаны пастаянны рост заработнай платы, пенсій, стыпендый, іх поўная і своечасовая выплата»;
— узмацніць сацыяльную абарону.«Кожнаму будзе гарантаванае працоўнае месца. Дзяржава дапаможа ўсім, хто мае патрэбу ў дапамозе»;
— забяспечыць сусветны ўзровень медыцынскага абслугоўвання.«Усе паліклінікі і бальніцы ў краіне будуць поўнасцю ўкамплектаваныя спецыялістамі, чэргі адыдуць у мінулае»;
— будаваць 10 млн квадратных метраў жылля штогод. «Да канца пяцігодкі на кожнага жыхара Беларусі будзе прыпадаць не менш як 28 квадратных метраў жылля. Узровень даходаў павінен дазваляць сем’ям набыць уласнае жыллё ў сярэднім на працягу пяці гадоў»;
— умацаваць нацыянальную валюту.«Будуць забяспечаныя стабільнасць курсу беларускага рубля, абсалютная захаванасць прыватных укладаў, даступнасць банкаўскага крэдыту»;
— стварыць новае аблічча беларускай эканомікі.«На працягу найбліжэйшых пяці гадоў у краіне будуць рэалізаваныя не менш як 100 магутных інвестыцыйных праектаў. З’явяцца новыя галіны: касмічная, нана- і біятэхналогіі, альтэрнатыўная энергетыка і іншыя. Сельская гаспадарка стане прыбытковым аграбізнесам. Экспарт харчавання будзе павялічаны больш чым у два разы — да 7 мільярдаў долараў за год»;
— даць поўную свабоду ініцыятыве.«Мы пяройдзем ад эканомікі дырэктыў да эканомікі ініцыятыў. Будзе абароненае права кіраўніка на дзелавую рызыку. Павысіцца роля прадпрымальніцтва. Знізім падаткі. Радыкальна спросцім справаздачнасць і адміністрацыйныя працэдуры. У краіне будзе ўкаранёны прынцып: дазволена ўсё, што прама не забаронена»;
— ажыццявіць прарыў у інфарматызацыі.«Інфармацыйныя тэхналогіі ахопяць усе сферы дзейнасці. У нас з’явіцца паўнацэнны электронны ўрад. Усе базавыя паслугі можна будзе ажыццяўляць праз інтэрнэт. Мы пазбавім чалавека ад хаджэння па кабінетах, бюракратызму і цяганіны. Інтэрнэт па якасці і цане зраўнуецца з развітымі краінамі»;
— узмацніць ролю маладога пакалення.«Створым новыя стымулы для рэалізацыі яго ініцыятыў і кар’ернага росту. Умацуем моладдзю кіраўнічы кадравы корпус дзяржапарату і прадпрыемстваў»;
— удасканаліць дзейнасць улады.«Гарантаваная адкрытасць дзяржаўных органаў для людзей і грамадзянскіх ініцыятыў. Узмоцніцца роля грамадскіх аб’яднанняў і мясцовага самакіравання ў жыццядзейнасці дзяржавы. Мы будзем працягваць бязлітасную барацьбу з карупцыяй і прычынамі, што яе параджаюць»;
— зберагчы мір і згоду ў грамадстве.«Беларусь была і будзе дзяржавай, дзе камфортна і бяспечна жыць усім людзям, незалежна ад нацыянальнасці, поглядаў і рэлігіі. Мы не дапусцім разгулу крыміналу, сацыяльных разладаў і канфліктаў».
«Мы абавязкова ўсё гэта зробім. <…> У нас з вамі ёсць вопыт. Краіне не патрэбныя эксперыменты», — упэўнены Лукашэнка.
Напярэдадні выбараў ён просіць грамадзян «толькі аб адным: не мяркуйце па словах — мяркуйце па справах!»Ні слова ў праграме не гаворыцца пра падтрымку беларускай мовы і нацыянальнай культуры.
У цэлым, праграма ў аўтарытарнага кіраўніка такая ж папулісцкая, як і ў ягоных галоўных апанентаў. Папулізм стае характэрнай рысай палітычнай культуры беларусаў. У гэтым сэнсе краіна моцна розніцца ад еўрасаюзаўскіх і прыпадабняецца хутчэй да неразвітых краін Азіі і Лацінскай Амерыкі.
Пункты «чэргі адыдуць у мінулае» і «будаваць 10 млн квадратных метраў жылля» нагадваюць пра «да 2000 года кожнай савецкай сям"і — асобную кватэру». Аднак у праграме ёсць і рэалістычныя, ясна пастаўленыя задачы: напрыклад, стварэнне электроннага ўрада. Аналагічна дзейнічалі параўнальныя з нашай краіны, як Эстонія ці Славаччына. Яны, дарэчы, у выніку дэмакратычных і рынкавых рэформаў, выйшлі і ў топ-50 краінаў свету, пра што гаворыцца і ў праграме Аляксандра Лукашэнкі.
Звяртае ўвагу адсутнасць згадак пра інтэграцыю з Расіяй,якія раней былі агульным месцам лукашэнкаўскай рыторыкі. У той жа час абяцаецца далейшая «пабудова незалежнай адметнай Беларусі», якая не будзе «нечым прыдаткам».
Мікола Бугай; пераказ праграмы — БелаПАН